Таццяна Янкоўская — пра стаўку на мэтавую падрыхтоўку і ўдзел вучняў ва ўніверсітэцкіх алімпіядах

- 12:18Планерка

Чаму неабходна рабіць стаўку на мэтавую падрыхтоўку і якія выклікі стаяць перад сістэмай адукацыі, карэспандэнту “Настаўніцкай газеты” расказала начальнік упраўлення па адукацыі Аршанскага райвыканкама Таццяна Янкоўская.

На скрыжаванні шляхоў

Калі гаварыць пра актуальныя кірункі прафарыентацыйнай работы з навучэнскай моладдзю, то, па-першае, варта знаходзіцца ў пастаянным кантакце з сярэднімі спецыяльнымі ўстановамі і УВА. Мы ўзаемадзейнічаем з ВДУ імя П.М.Машэрава. Прадстаўнікі ўніверсітэта наведваюць нас, а мы частыя госці ў гэтай установе адукацыі. І такое супрацоўніцтва дае свой плён. Як вынік, сярод усіх раёнаў Віцебскай вобласці Аршаншчына — у лідарах па колькасці выпускнікоў, якія паступілі ў рэгіянальную ўстанову вышэйшай адукацыі.

Па-другое, адзначу эфектыўны вопыт работы па мэтавай падрыхтоўцы. У мінулую ўступную кампанію мы заключылі ­24 такія дагаворы. Паказчык больш чым добры. Зараз усе гэтыя выпускнікі з’яўляюцца студэнтамі. Праз некалькі гадоў яны вернуцца ў родны раён, каб папоўніць педкалектывы.

І зноў-такі адметны момант — 33 чалавекі з агульнай колькасці выпускнікоў выбралі для далейшай адукацыі рэгіянальны ўніверсітэт. Гэта чарговы раз сведчыць аб правільнасці расстаўленых прыярытэтаў: мы выхоўваем у дзяцей жаданне жыць і працаваць на малой радзіме.

Калі я была намеснікам дырэктара гімназіі Барані, мы першыя ў раёне адкрылі педагагічны клас. Усведамляючы важнасць і неабход­насць такога кірунку дзейнасці, шмат працавалі з дзецьмі. І зараз вельмі прыемна сустракаць былых навучэнак, якія сёлета атрымалі размеркаванне на работу і сталі нашымі калегамі. Паказальна, што нівод­ная з іх не пашкадавала аб выбранай прафесіі, а толькі ўпэўнілася ў правільнасці прынятага рашэння. Такім чынам, рабіць стаўку на педкласы працягнем. Але не ставім перад сабой мэту, каб яны дзейнічалі ў кожнай школе. І гэта цалкам абгрунтавана. Трэба разумець: каб ад­крыць такую групу, неабходны педагогі, якія змо­гуць павесці за сабой, запа­ліць цікавасць да настаўніцкай справы, як, напрыклад, настаўнік-метадыст Андрэй Міхайлавіч Іваноў з сярэдняй школы № 3 імя У.С.Караткевіча. Вучні заўсёды цягнуцца да яркай асобы педагога.

— Ці карыстаюцца навучэнцы магчымасцямі, якія прадастаўляе ўдзел ва ўніверсітэцкіх алімпіядах?

Такі варыянт ім таксама прыйшоўся даспадобы. Так, летась удзел ва ўніверсітэцкіх алімпіядах прынялі 267 навучэнцаў. Па выніках ва УВА без іспытаў залічаны 5 навучэнцаў, у тым ліку адзін — на педспецыяль­насць.

Што тычыцца гэтага навучальнага года, то зацікаўленасць новай траекторыяй адбору абітурыентаў выказалі 333 выпускнікі, 143 прынялі ўдзел у вочным туры, у тым ліку 62 — на педагагічныя спецыяльнасці. Прывезлі ў раён 15 пераможных дыпломаў.

Важны момант: адбываецца ўсё гэта не стыхійна — пытанне знаходзіцца на кантролі ва ўпраўленні па адукацыі. Накіроўваем школы, маніторым спецыяльнасці, якія прапаноўваюць універсітэты. Такі падыход дазваляе вывучыць запыты дзяцей, даць выпускнікам максімальна поўную інфармацыю пра запатрабаваныя кірункі з улікам магчымасцей і здольнасцей старшакласнікаў.

— Якія яшчэ прафесійныя кірункі актуальныя для рэгіёна?

Наш горад знаходзіцца на скрыжаванні шляхоў, таму, прыняўшы гэта пад увагу, адкрылі чыгуначную групу ў сярэдняй школе № 12. Спецыялісты-транспартнікі заўсёды будуць карыстацца попытам. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе першых навучэнцаў прынялі два медыцынскія класы. Павялічваецца і колькасць школьнікаў, якія выказваюць жаданне авалодаць інжынернымі навыкамі.

Наладжваем партнёрскія ўзаемаадносіны з КНР. Тут добра сябе зарэкамендавала сярэдняя школа № 16. Прычым гэтая ўстанова адукацыі ўвесь час шукае новыя формы работы. Так, нядаўна яна заключыла пагадненне аб супрацоўніцтве з Далянскім універсітэтам. Дакумент прадугледжвае, што выпускнікі школы, якія паспяхова вытрымаюць іспыты па мове, змогуць на бюджэтнай аснове стаць студэнтамі кітайскай УВА, ім забяспе­чаць і пражыванне, і атрыманне стыпендыі. Безумоўна, зада­дзеная планка вельмі высокая, экзамен патрабуе сур’ёзнага ўзроўню валодання мовай, але сярод навучэнцаў ёсць дзеці з вялікім патэнцыялам.

Дарэчы, актыўна прасоўваецца ў гэтым напрамку і гімназія № 2, якая ў 2019 годзе падпісала дагавор з эксперыментальнай вышэйшай школай горада Ціндаа. Летась дэлегацыя гімназіі наведала Кітай. Запланаваны і другі візіт, які адбудзецца ў маі гэтага года. Запрашэнне ад кітайскага боку ўстанова адукацыі ўжо атрымала. Магчыма, у хуткім часе прымем гасцей з Паднябеснай і на аршанскай зямлі. Школьнікі з задавальненнем пазнаёмяць іх з нашымі славутасцямі, прадэманструюць гасціннасць беларускага народа. Не выключаю, што з цягам часу на падобныя пагадненні вый­дуць і іншыя ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі.

Да якаснай падрыхтоўкі

— Што сёння, на ваш погляд, знаходзіцца на парадку дня ў адукацыйнай галіне?

— Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі — спецыяльная адукацыя. Дзяцей, якія маюць тыя ці іншыя парушэнні ў развіцці, з кожным годам становіцца больш. У хуткім часе перад намі паўстане пытанне, як падчас навучання ў сярэдняй школе наладзіць узаемадзеянне з вучнямі, якія маюць расстройствы аўтыстычнага спектра. На сёння яны ў пераважнай большасці пакуль што наведва­юць дзіцячыя сады і пачатковую школу. І тут трэба разумець прынцыповае адрозненне: дашкольнікі і пачаткоўцы ва ўстанове адукацыі кантактуюць з вузкім колам дарослых, а пры пераходзе ў сярэдняе звяно сітуацыя кардынальна мяняецца. Для дзіцяці з аўтызмам гэта вельмі стрэсавы момант, таму неабходна да дробязей прадумаць увесь механізм іх адаптацыі.

Разам са спецыялістамі раённага ЦКРНіР мы неаднара­зова абмяркоўвалі гэтую тэму і прыйшлі да высновы, што ўжо зараз неабходна пачынаць пад­рыхтоўку педагогаў-прадметнікаў і намеснікаў дырэктара ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі да работы з такой катэгорыяй навучэнцаў.

Наступная актуальная тэма — папулярызацыя айчын­най сістэмы адукацыі. Бясспрэчны факт: мы ажыццяўляем якасную падрыхтоўку на кожным з яе ўзроўняў. Нам ёсць чым ганарыцца. І проста неабходна, каб усе дасягненні былі вядомы шырокаму колу насельніцтва. Такая інфармацыйна-асветніцкая дзейнасць у тым ліку з’яўляецца важным складнікам прафарыентацыйнай работы.

Да таго ж мяне як кіраўніка раённай сістэмы адукацыі натхняе ідэя пабудаваць у перспектыве на Аршаншчыне ваенна-патрыятычны цэнтр. Моладзі сёння неабходны такія выхаваўчыя пляцоўкі. Патрэбны словы і справы, якія змогуць закрануць іх сэрцы. Гэта яскрава паказаў “Марафон адзін­ства”. Адчуўшы ўрачыс­тасць і маштабнасць падзеі, нашы вучні з гордасцю прынялі ўдзел у акцыі “Праспяваем “Кацюшу” разам”. Гэта было вельмі кранальна і ўзрушыла ўсіх да глыбіні душы.

Святлана ЛОЦМАНАВА
Фота Ігара ГРЭЧКІ