Тэатр у гасцях у дашкалят

- 10:54Навіны рэгіёнаў

Тэатралізаваная дзейнасць — гэта адначасова і гульня, і творчасць, і далучэнне да мастацтва. Яна дазваляе развіваць уяўленне, маўленне, памяць, творчыя здольнасці і адначасова падабаецца дзецям, дорыць ім атмасферу свята. Таму тэатральна-гульнявая дзейнасць шырока выкарыстоўваецца ў дашкольных установах. Каб яе ажыццяўляць, патрэбна пэўнае абсталяванне. Менавіта яно апынулася ў цэнтры ўвагі конкурсу “Лепшы куток тэатральна-гульнявой дзейнасці ўстановы дашкольнай адукацыі”, які прайшоў у Крупскім раёне.

Тэатральна-гульнявая дзейнасць дазваляе дарослым падарыць дзецям маленькі цуд: дашкаляты быццам адпраўляюцца ў казку, дзе дабро абавязкова перамагае зло, што робіць кожнае дзіця крыху шчаслівейшым. У гэтым вялікая каштоўнасць такой дзейнасці, — лічыць загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама Алена Юр’еўна Баранчук. — Раённы конкурс закліканы стымуляваць развіццё тэатральна-гульнявой дзейнасці. Асноўнай мэтай з’яўляецца папаўненне прадметна-развіццёвага асяроддзя ўстаноў дашкольнай адукацыі ў адпаведнасці з пералікам сродкаў навучання, зацверджаным пастановай Міністэрства адукацыі, і актывізацыя выкарыстання яго ў адукацыйным працэсе з выхаванцамі.

У дзіцячых садах Крупскага раёна створаны і функцыянуюць 44 куткі тэатральна-гульнявой дзейнасці. У раённым конкурсе прынялі ўдзел прадстаўнікі 12 устаноў адукацыі: 15 выхавальнікаў і настаўнік-дэфектолаг.

Конкурс праводзіўся ў 2 этапы. Спачатку на завочны этап канкурсанты прадставілі прэзентацыі сваіх тэатральных куткоў, у якіх паказалі іх напоўненасць разнастайным абсталяваннем. Этап паказаў, што да арганізацыі куткоў выхавальнікі ставяцца адказна і творча, многія рэчы для тэатра яны ствараюць сваімі рукамі. Адметна, што актыўны ўдзел у стварэнні тэатральных куткоў бралі дзеці і іх бацькі. У кожным кутку, прадстаўленым на конкурс, можна знайсці разнастайныя віды тэатраў: тэатры Бі-Ба-Бо, ценявыя, на фланелеграфе, настольныя, лялечныя, на талерках, на лыжках. Некаторыя педагогі не абмяжоўваюцца толькі прадметамі з прапанаванага міністэрствам пераліку, а пашыраюць прадметнае асяроддзе ўласна распрацаванымі прыладамі для тэатральнай дзейнасці. Напрыклад, Марыя Фёдараўна Фаміна, выхавальнік ясляў-сада № 2 Крупак, разам са сваімі выхаванцамі стварыла тэатр хустак “Церамок”, тэатр матрошак “Гусі-лебедзі” і нават тэатр з гаспадарчых губак. Эрна Аляксандраўна Часновіч, якая таксама працуе ў яслях-садзе № 2, стварыла тэатральныя лялькі з пампонаў, а яе калега Святлана Іванаўна Цітавец — тэатр на каробках, на палачках, тэатр настрояў. Выхавальнік ясляў-сада № 3 Алеся Мікалаеўна Цітавец прапануе сваім выхаванцам тэатр матэматыкі, лялечны тэатр конусаў і тэатр арыгамі.

Па выніках завочнага тура былі вызначаны 11 фіналістаў. Фінальны этап прадугледжваў вочнае спаборніцтва — члены журы наведалі ўстановы адукацыі, дзе канкурсанты прадэманстравалі, як створанае прадметна-развіццёвае асяроддзе выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.

Кожны ўдзельнік конкурсу самастойна выбраў форму прадстаўлення свайго кутка. Напрыклад, Алеся Мікалаеўна Цітавец выкарыстоўвае элементы тэатральнай дзейнасці як пры правядзенні заняткаў, так і ў другой палове дня, у нерэгламентаваных відах дзейнасці. Гэтыя заняткі вельмі падабаюцца дзецям. Выхаванцы Алесі Мікалаеўны прадставілі на суд журы мюзікл “Заяц Хвалько”.

Выхаванцы Аксаны Яўгенаўны Шух паказалі адразу некалькі інсцэніровак казак з выкарыстаннем атрыбутаў настольнага тэатра: “Церамок”, “Балабушка”, “Маша і мядзведзь”. Упэўненае выступленне дзяцей даказала, што іх выхавальнік шырока і ўмела выкарыстоўвае тэатральна-гульнявую дзейнасць у адукацыйным працэсе. З задавальненнем развучваюць і інсцэніруюць казкі выхаванцы Марыны Сяргееўны Сурмы, якая стварыла міні-тэатр для правядзення спектакляў і паспяхова яго выкарыстоўвае. Настаўнік-дэфектолаг Земфіра Актай Чайко прадэманстравала, як выкарыстоўвае тэатральную дзейнасць пры правя­дзенні карэкцыйных заняткаў. Дзеці, з якімі займаецца педагог, інсцэніруючы казкі, вучацца правільна вымаўляць гукі, развучваюць скорагаворкі, вершы, пацешкі, тым самым развіваючы памяць, уяўленне, артыстызм.

Пераможцай конкурсу стала Аксана Яўгенаўна Шух, выхавальнік крупскага пасялковага ясляў-сада № 4. На другім месцы — Алеся Мікалаеўна Цітавец, выхавальнік ясляў-сада № 3 Крупак. Трэцяе месца па­дзялілі паміж сабой Марына Фёдараўна Фаміна, выхавальнік ясляў-сада № 2 Крупак, Марына Сяргееўна Сурма, якая працуе ў каменскім яслях-садзе № 7, і настаўнік-дэфектолаг халопеніцкага ясляў-сада № 6 Земфіра Актай Чайко.

Падводзячы вынікі конкурсу, член журы загадчык раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама Алена Юр’еўна Баранчук адзначае:

 — Мерапрыемствы конкурсу паказалі, што ў дашкольнай адукацыі раёна працуюць творчыя педагогі, якія імкнуцца зрабіць для сваіх маленькіх выхаванцаў кожны дзень цікавым і непаўторным.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена раённым ВМК.