Каханне Барбары Радзівіл, вернасць Сальвейг, летуценні Асоль — тэатральная гісторыя на гэты раз разгарнулася на фларыстычных падмостках. У Год культуры тэмай Першага чэмпіянату краіны па прафесійнай фларыстыцы, які завяршыўся ў Мінску, стаў тэатр. Арганізатарам мерапрыемства выступіла Асацыяцыя прафесіяналаў фларыстыкі і кветкавага бізнесу, выставачная кампанія “ЭкспаСістэмс” і Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства.
Творчыя спаборніцтвы праходзілі адначасова ў дзвюх групах: сярод юніёраў і сярод прафесійных фларыстаў. Побач з тройкай прафесіяналаў, якія паспяхова займаюцца кветкавым бізнесам, за першынство змагаліся і пачынаючыя 6 фларыстаў, якія прайшлі адбор яшчэ вясной. На гэты раз ім трэба было выканаць 4 заданні: стварыць з кветак і расліннага матэрыялу фларыстычны калаж “Жывапіс”, скласці асенні букет “Тэатральны вобраз”, выканаць сюрпрызныя работы “Балет” і “Фларарыум”, тэматыка якіх аб’яўлялася непасрэдна перад выкананнем.
Свой творчы імпэт фларысты дэманстравалі на вачах наведвальнікаў выставы “Беларускі дом”, якая праходзіла ў Палацы спорту. А ацэньвалі яго фларысты-эксперты міжнароднага класа з Літвы, Эстоніі і Расіі.
Дзеці чэрпалі ідэі ў тэатры — гэтым летам спектаклі для іх сталі не толькі адпачынкам, але і падрыхтоўкай да чэмпіянату. Надзея Гайдукевіч, навучэнка сярэдняй школы № 61 Мінска, сваім тэатральным персанажам выбрала Сальвейг, якая стала сімвалам жаноцкасці і вернасці. “Сальвейг усё жыццё чакала свайго мужа, і калі яны нарэшце сустрэліся, абое былі ўжо немаладымі. Каханы ўткнуўся Сальвейг у калені, і яны разам памерлі. Гэта ўсё — чаканне і каханне, вернасць і надзею — я пастаралася перадаць у сваім букеце з шэра-ружовых, быццам састарэлых, але па-ранейшаму прыгожых, руж”, — гаворыць Надзея.
Выхаванка Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Пінска (Брэсцкая вобласць) Кацярына Азарка ў аснову сваіх фларыстычных кампазіцый паклала рок-оперу “Юнона і Авось” і вобраз Мікалая Разанава. Яе букет-карабель вытрыманы не толькі ў колерах марскога сцяга — белых кустовых руж і сініх хрызантэм, але і выкананы ў музычных матывах пра белую шыпшыну.
Карабельная тэма і тэма кахання захапіла і Мікіту Бусла са Светлагорска (Гомельская вобласць), бадай, адзінага хлопчыка ў фларыстыцы Беларусі. Бездакорна выкананы ім калаж “Пунсовыя ветразі” ўразіў усіх членаў журы і гасцей выставы.
Фларыстыка становіцца для яго сям’і жыццём. Мікітава сястра, хоць і першакласніца, ужо спрабуе сябе ў фларыстыцы, прымае ўдзел у паказах. Мама — Марына Мікалаеўна Сарокіна — працуе кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Экадызайн” у Светлагорскім эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі. Пакуль Мікіта паказваў усё сваё фларыстычнае майстэрства, Марына Мікалаеўна не адыходзіла ад работ прафесійных фларыстаў, запамінаючы кожную дробязь. “Мяне здзівілі работы дарослых сваім узроўнем. Нам, канечне, пакуль яшчэ шмат трэба працаваць, — прызнаецца педагог. — Асабліва ўразіла спалучэнне жывых кветак з валянымі з лямцу. Увогуле, у многіх кампазіцыях лямец — аснова: будзе над чым нам падумаць і папрацаваць дома. Што ж да колеравай гамы, то тут таксама ёсць перавагі: актуальныя прыглушаныя колеры і самы папулярны — пастэльны ружовы”.
Індрэк Каелі, старшыня журы, фларыст міжнароднага класа і прафесар ікебаны з Эстоніі, адзначыў: “Асабліва я ўражаны майстэрствам дарослых канкурсантаў. Юніёры, канечне, ім уступаюць, але відаць іх натхненне, жаданне ствараць, у іх ёсць вельмі арыгінальныя мастацкія рашэнні. Але, запэўніваю, з такімі амбіцыямі і задаткамі, з такімі настаўнікамі ў беларускай фларыстыкі ёсць будучыня”.
Асабліва ўразіла ўсіх — і журы, і калег, і гасцей — канкурсантка з дарослай групы, майстар-фларыст і выкладчык Лора Белабровік. Тэмай яе твораў стала гісторыя кахання Барбары Радзівіл і спектакль “Чорная панна Нясвіжа”. Яна цудоўна адлюстравала беларускую гісторыю ў эпоху Рэнесансу, ствараючы маштабныя работы — арт-лесвіцу, якая стала сімвалам цярністага шляху кахання Барбары і Аўгуста і яго трагізму, і вобраз самой Чорнай панны Нясвіжа.
Міжнароднае журы вызначыла пераможцаў у чэмпіянаце ў абедзвюх узроставых катэгорыях. Лора Белабровік і Надзея Гайдукевіч будуць прадстаўляць Беларусь у Мальтыйскім міжнародным кубку па прафесійнай фларыстыцы ў 2017 годзе.
Акрамя гэтага, пераможцы вызначаны па чатырох намінацыях мастацкім журы. Так, пераможцам у намінацыі “Фларыстычны калаж “Жывапіс” стаў Мікіта Бусел са Светлагорска. Таццяна Пазняк з Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі стварыла лепшы асенні букет “Тэатральны вобраз”. У намінацыі “Сюрпрызнае заданне “Балет” перамога прысуджана Святлане Васількевіч з Мінскага дзяржаўнага турыстычна-экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Самы складаны ў выкананні і самы арыгінальны фларарыум стварыла Настасся Стамплеўская з Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна (Гродзенская вобласць).
Пераможцы чэмпіянату будуць узнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь 7 снежня 2016 года падчас правядзення вочнай намінацыі “Зімовая казка” Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія” ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Для ўдзельнікаў вочнай намінацыі яны правядуць майстар-клас па фларыстыцы на калядную тэматыку.
Цікава назіраць за тым, як набіраюць паветра маладыя фларысты апошнія пару гадоў, як з кожным разам узровень іх майстэрства расце. Каб развівацца хутчэй, важна ведаць, куды рухацца. А, як кажуць, збоку лепш відаць. Марыус Гвілдзіс — выкладчык-эксперт. Прафесійных фларыстаў ён рыхтуе не толькі на радзіме, у Літве, але і ў Італіі, Францыі, Іспаніі, Расіі. Ён падзяліўся сваімі развагамі пра чэмпіянат, пра фларыстыку ў Беларусі і ў свеце: “Я рад, што ў Беларусі адбыўся такі чэмпіянат. І няхай пакуль у ім сябе паспрабавалі толькі шасцёра дзяцей, ёсць надзея, што з іх вырастуць хаця б два-тры добрыя фларысты. А нават калі фларыстамі яны не стануць, дасведчанымі кліентамі яны будуць дакладна. У любым выпадку гэта таксама паспрыяе развіццю прафесіі. І добра, што моладзь выстаўляецца разам з майстрамі: ім ёсць у каго падгледзець сакрэты, павучыцца майстэрству і нават крышку пазайздросціць.
Калі гаварыць пра майстэрства маладых канкурсантаў, пра тэхніку, то адчуваецца недахоп практыкі работы з жывой кветкай. Гэта добра адлюстраваў калаж: ён не патрабаваў жывой кветкі, і адразу ж узровень работы значна вышэйшы і ў кампазіцыі, і ў тэхніцы. Як толькі дзеці бяруцца за жывую кветку — пачынаюць сябе абмяжоўваць. І ў нас, у Літве, я заўважаю, што часта ў школах робяць калажы, паштоўкі, гербарый. Але трэба разумець, што ўсё гэта спадарожнае. Фларыстыка — гэта ўсё ж работа з жывой кветкай. Крыху лепш адносіны да гаршковых раслін. Сур’ёзных заўваг тут няма, з імі дзеці больш вольна працуюць: адчуваецца, на дачах і ў кватэрах яны практыкуюцца. А вось у крэатыўнасці маладыя людзі вельмі свабодныя, творчыя.
Галоўнае — цікавіцца тым, што робіцца ў модзе, архітэктуры, інтэр’еры, дызайне элементаў быту, ведаць асноўныя рысы архітэктурнага стылю, стылю інтэр’ера, стылю адзення, разбірацца ў дызайнерскіх цыклах, такіх як арт-дэко, постмадэрнізм і арганіка. Актуальная сёння арганіка прадугледжвае не матэрыялы, а формы, напрыклад, кватэры ў выглядзе ракавіны, будынак, які нагадвае айсберг, а інтэр’ер — карал. Актуальны арганічны стыль і ў адзенні: сукенкі ў выглядзе медузы ці ўвогуле няправільных форм. Гэта тэндэнцыі. І калі мы ведаем тэндэнцыі ў архітэктуры, модзе, дызайне, тады мы ведаем, куды нам накіроўвацца. А калі нам гавораць, што модная пэўная тэхніка ці канкрэтныя матэрыялы, то гэта ўсяго толькі бізнес. Нават з прывычным матэрыялам можна зрабіць новае і нечаканае.
Для поспеху ў фларыстыцы кожны павінен займацца сваёй справай: аграном павінен складаць грунты для кветак, кветачнік — вырошчваць кветкі, прадавец — валодаць сакрэтамі маркетынгу, а букеты павінен рабіць фларыст — прафесіянал з зусім іншымі кампетэнцыямі. Вось з чаго трэба пачынаць — з вылучэння прафесіі фларыста. Тады б з’явіліся школы, практыка, тады б і быў больш значны рух наперад”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.