Напярэдадні Міжнароднага дня лялечніка і Міжнароднага дня тэатра карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” адправілася да педагога Мірскага дзяржаўнага каледжа Канстанціна Петрымана. Разам з ім праз батлейку навучэнцы спазнаюць гісторыю Міра.
Мірскімі сцежкамі
Для Міра батлейка пяць стагоддзяў запар была неад’емнай часткай жыцця. Яна знікла ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, але ўспаміны пра мясцовы тэатр яшчэ доўга жылі ў сэрцах жыхароў. Якраз гэтыя ўспаміны і сталі штуршком для стварэння ў 1989 годзе пры тады яшчэ Мірскім мастацка-рэстаўрацыйным вучылішчы музея-тэатра-студыі “Мірская батлейка”, якая аб’яднала выкладчыкаў, мастакоў і іх вучняў.
Праз некалькі гадоў туды прыехаў працаваць выхавальнікам інтэрната Канстанцін Петрыман, і тэатральная гісторыя Міра цесна пераплялася з яго асабістай. Ён расказвае:
— Краязнаўства і гісторыя — маё галоўнае хобі. Таму мяне так зацікавіла інфармацыя ад калег — заснавальнікаў нашага тэатра, што ў 1920—1930 гадах мінулага стагоддзя ў Міры існавала батлеечная школа мясцовых рамеснікаў братоў Сілко. Калегі пачалі ставіць батлейку на новы лад — рыхтавалі мадэрнізаваныя паказы аб Радзівілах, але ў традыцыях батлейкі. Мне ж было шкада страціць тую спадчыну, тыя аўтэнтычныя і каларытныя пастаноўкі, якія некалі тут рабілі. І мы з навучэнцамі каледжа загарэліся ідэяй гэтую спадчыну спазнаць і захаваць.
Аднак у архівах не было ніякіх згадак пра творчасць таленавітага дуэта. Тады Канстанцін Леанардавіч з навучэнцамі пачалі экспедыцыі па мясцовасці, сустракаліся са старажыламі, якія некалі былі гледачамі на паказах Сілко. Асабліва дапамаглі людзі, у якіх браты-батлейшчыкі заставаліся начаваць. Яны вечарамі расказвалі пра свой тэатр — запрашэнняў выступіць было столькі, што браты часта не паспявалі вярнуцца дадому.
— З такіх драбніц, успамінаў людзей гадоў восем назапашвалі матэрыялы — пакуль былі жывыя сведкі. Пасля ўзнікла жаданне ўсё гэта адрадзіць. Да таго ж так супала, што якраз тады Ганна Выгонная, заснавальніца батлейкі ў каледжы, пераязджала і спытала ў мяне: “Хочаш, я табе пакіну скрыню з лялькамі?” А я ўжо дагэтуль сам спрабаваў батлеіць — паціху, калі нікога не было… Вядома ж, я з ахвотай пагадзіўся… — успамінае суразмоўнік.
У экспедыцыю па правільную дыкцыю
Канстанціну Леанардавічу і яго юным тэатралам удалося аднавіць тры пастаноўкі з рэпертуару братоў Сілко: “Салдат і чорт”, “Дары” і “Калядна”. Першая з іх — унікальная п’еса. Яе вылучае сярод усіх вядомых даследчыкам батлеек тое, што, па-першае, ставілася не на Каляды, а ў Піліпаў пост, а па-другое, пры захаваных батлеечных канонах яна не мела рэлігійнай тэматыкі. Хаця евангельскія ідэі дабра, любові, даравання рэфрэнам праходзяць праз усе гэтыя пастаноўкі.
— Адметнасць тэатра братоў Сілко была і ў тым, што, хоць яны і былі простымі рамеснікамі, сцэнарыі сваіх паказаў пісалі вершаваным стылем і кожны іх вобраз — гэта правобраз мясцовага жыхара, — расказвае К.Петрыман. — Старажылы нам давалі такія характарыстыкі: “Чорт размаўляў, як крамнік Мэйза Стальмахоў”. І мы шукалі сваякоў таго Мэйзы, каб даведацца, якім ён быў. Ці: “Анёлак выварочваў словы, як панамар дзячкоў”. Гэтую манеру мы вывучалі з царкоўнай перапіскі 1920—1930-х гадоў. Дапамагалі нам і літаратурныя творы Элізы Ажэшкі, якая пісала местачковай мовай таго часу, а таксама работы Змітрака Бядулі (мала хто ведае, што ён даследаваў батлейку), Паўла Шпілеўскага, Яўхіма Карскага, Гурыя Барышава, Пятра Бяссонава і інш.
Аднаўляць і захоўваць традыцыі мілулага — гэта наш абавязак. Мы можам дапамагчы захаваць, выратаваць, вярнуць з небыцця тое, што можа знікнуць назаўсёды.
Калектыў аднавіў не толькі паказы братоў Сілко, але і рэканструяваў усю абраднасць. Да батлеечнай скрыні яны, як і некалі славутыя мірскія батлеечнікі, таксама выходзяць з адмысловымі вітаннямі, а па завяршэнні спяваюць віншавальныя канты.
Фота Святланы Нікіфаравай
Дасягненні мірскіх тэатралаў кожны раз высока ацэньваюцца прафесіяналамі. На іх рахунку мноства перамог, атрыманых на фестывалі батлеечных тэатраў “Чароўны свет батлейкі”, міжнародным калядным фестывалі батлеечных і лялечных тэатраў “Нябёсы”, міжнародным фестывалі “Фальклор без меж” і інш. Напрыканцы 2022 года мірская батлейка папоўніла Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
— 10—15-мінутныя паказы — вынік нашай работы з архівамі і вуснай гісторыяй за год-паўтара. Але гэтая праца таго варта. Нашы навучэнцы-акцёры маюць магчымасць дакрануцца да спрадвечных каранёў сваёй Радзімы і падарыць гледачам тую спадчыну, якую ім уласнымі рукамі давялося падняць з небыцця, — гаворыць К.Петрыман.
А жадаючых зазірнуць у гісторыю праз батлеечную скрыню вельмі шмат. Дашкольнікі, школьнікі, студэнты прыязджаюць да Канстанціна Леанардавіча і яго тэатралаў з усёй краіны. Шмат тых, хто хоча ўбачыць гэтую батлейку, і сярод гасцей нашай краіны. Пашырае глядацкую аўдыторыю супрацоўніцтва батлейшчыкаў з царквой, у прыватнасці, з Навагрудскай епархіяй, Беларускім Экзархатам. Цяпер яны прымаюць удзел у рэспубліканскім праекце “Моладзь Беларусі за жыццё, духоўнасць і сямейныя каштоўнасці”, які рэалізуе Міністэрства адукацыі сумесна з Беларускай Праваслаўнай Царквой.
Для педагога не менш важна і тое, як тэатр уплывае на яго акцёраў:
— Мне асабліва прыемна далучаць да батлейкі тых падлеткаў, у якіх не ўсё складваецца ў жыцці добра, якія стаяць на розных відах уліку, у якіх і з паспяховасцю ўсё не проста, і з самаацэнкай. Я хачу паказаць ім, што яны могуць сябе і свае таленты развіваць і рэалізоўваць — дастаткова толькі захацець. Калі пасля нашага выступлення на шматлікіх фестывалях і конкурсах да нашых дзяцей падыходзяць журналісты ці тэатральныя зоркі, каб выказаць сваё захапленне іх ігрой, яны ўздымаюцца над сабой. Важна і тое, што, спасцігаючы народныя традыцыі, мудрасць, дзіця стварае для сябе правільны маральны вобраз і быццам бы збоку глядзіць на заганныя праявы, пераацэньвае ўласныя ўчынкі, — гаворыць Канстанцін Леанардавіч.
З батлейкай да кожнага
Цяпер тэатралы-даследчыкі пачынаюць аднаўляць красненскую батлейку — гэта яшчэ адна школа батлейкі, якая існавала ў гэтым краі ў мінулым стагоддзі.
— Сям’я Монічаў некалі шчыравала з батлейкай у вёсцы Краснае Карэліцкага раёна. Апошні батлейшчык там памёр у канцы 70-х гадоў, але не былі зафіксаваны яго выступленні. Толькі цяпер у Расіі мы знаходзім сляды тых паказаў і людзей, якія добра ведалі пра іх. Спадзяюся, яны дапамогуць нам аднавіць характар тых выступленняў. Ужо ўзноўлена частка аднаго з кантаў, які спяваўся ў калядных батлеечных дзеях, — гаворыць Канстанцін Петрыман.
Педагог спрабуе не толькі вяртаць забытае з небыцця, але і стварае новыя творы. Так, ён сам напісаў сцэнарый п’есы “На Каляды”, па якой цяпер яго калектыў робіць пастаноўку. Сюжэт — падрыхтоўка да Каляд у сучаснай вясковай сям’і.
— Хочам прасоўваць і ідэю сямейных батлеек, каб маладыя бацькі з Міра маглі бавіць вольны час са сваімі дзецьмі-дашкольнікамі: развучваць п’есы і ставіць іх. Хутка ў нас распачнуцца для іх майстар-класы па стварэнні лялек, скрынь, а самым зацікаўленым сем’ям мы падорым батлейкі, — дзеліцца планамі педагог.
Для многіх выпускнікоў батлейка становіцца штуршком для далейшага спазнання нашай культуры. Шмат хто з іх працягнуў адукацыю ў вышэйшых навучальных установах, а некаторыя сталі выбітнымі тэатраламі. Сярод іх, напрыклад, Аляксандр Янушкевіч — вядомы рэжысёр, які ставіць сур’ёзныя высокамастацкія пастаноўкі адразу ў некалькіх тэатрах Беларусі і Расіі. Шмат і тых выпускнікоў, якія, хоць і не працуюць у тэатральнай сферы, з батлейкай не развітваюцца. Саступаючы сваё месца за батлеечнай скрыняй новым пакаленням юных акцёраў, яны працягваюць напаўняцца энергіяй стагоддзяў ужо ў глядзельных залах на тэатральных пляцоўках па ўсёй краіне.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва Канстанціна Петрымана