“Тэатральны куфар”: перазагрузка

- 10:50Культура, Рознае

З 21 па 27 верасня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт 11-ы раз правядзе Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў “Тэатральны куфар. БДУ-2014”. Надоечы арганізатары форуму правялі прэс-канферэнцыю, на якой расказалі журналістам пра некаторыя асаблівасці яго сёлетняй праграмы.

Па словах дырэктара фестывалю Кацярыны Саладухі, у гэтым годзе “Тэатральны куфар” захавае свае лепшыя традыцыі і ў той жа час зведае пэўную перазагрузку, што адаб’ецца на яго праграме. Спектаклі як аматараў, так і прафесіяналаў будуць аб’яднаны ў асобныя тэматычныя блокі, пры гэтым акцэнт будзе зроблены не столькі на ўласна конкурс, колькі на творчы абмен і прафесійны рост студэнцкіх тэатраў-удзельнікаў. Агульны ж дэвіз сёлетняга фестывалю — “Усе дарогі вядуць на Куфар” — падкрэслівае маштабнасць і ўнікальнасць гэтага форуму з такімі эксклюзіўнымі тэатральнымі праектамі, як “КуфарДрамаЛаб”, “Куфар.by”, Kufar-in-Motion, “МоноК” і інш.
Так, “Куфар.by” пакажа лепшыя дасягненні беларускіх студэнцкіх тэатраў. Ужо 21 верасня, у дзень адкрыцця фестывалю, гледачы змогуць пабачыць пастаноўкі тэатра “Галава-нага” Інстытута журналістыкі БДУ, тэатра-студыі “Калі б…” Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны, тэатра “Арт” Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і тэатра-лабараторыі Insight БДУ. Праект Kufar-in-Motion аб’яднае ўдзельнікаў з розных краін, якія за тыдзень работы фестывалю паставяць невялікі спектакль, які будзе “жыць” толькі адзін паказ у дзень закрыцця.
Вынікамі сваёй работы парадуе праект “КуфарДрамаЛаб”. Нагадаем, што летась у рамках гэтага праекта была арганізавана тэатральная чытка п’есы Андрэя Іванова “Гэта ўсё яна!”. Сёлета ж аматары Мельпамены ўбачаць паўнацэнны спектакль па гэтым творы, пастаўлены сумеснымі намаганнямі Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Марчанка, выканаўца адной з роляў Людміла Сідаркевіч) і Народнага студэнцкага драматычнага тэатра “На балконе” БДУ.
У рамках праекта “МоноК” будуць паказаны два монаспектаклі — “Наташына мара” тэатра Laisvasis teatras з Клайпеды (Літва) і “Мізантрофрык” аўтара і рэжысёра Радрыга Фішэра з Бразіліі. Першы спектакль адбудзецца 21 верасня адразу пасля афіцыйнага адкрыцця фестывалю ў Доме культуры прафсаюзаў, а другі — там жа 27 верасня перад цырымоніяй закрыцця і ўзнагароджання пераможцаў у розных намінацыях. Дарэчы, як і ў мінулыя гады, конкурсныя спектаклі будуць ацэньваць і міжнароднае журы, і гледачы. Менавіта апошнія выберуць уладальніка гран-пры “Вялікі куфар”.
А адным з самых цікавых сёлета абяцае стаць праграма “Шэкспір. Рэвізіт”, прымеркаваная да 450-годдзя з дня нараджэння вялікага англійскага драматурга. Да ўдзелу ў гэтым “марафоне” шэкспіраўскіх п’ес запрошаны 4 калектывы — лабараторыя “Эскізы ў прасторы” Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (“Гамлет. Прынц. PEACE”), польскі тэатр Krzywa Scena (“Самая маркотная камедыя і самая страшная смерць Пірама і Фісбы” паводле п’есы “Сон у летнюю ноч”), студэнцкі тэатр Універсітэта імя Л.Благі з Румыніі (“Рамэа і Джульета”) і Поційскі дзяржаўны тэатр імя В.Гунія з Грузіі (“Гамлет”).
Усяго ж у фестывалі прымуць удзел калектывы і асобныя тэатральныя дзеячы з 15 краін: Албаніі, Беларусі, Бельгіі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грузіі, Ірана, Італіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Румыніі, Украіны і Харватыі. Конкурсныя і пазаконкурсныя паказы, майстар-класы, публічныя дыскусіі пройдуць на некалькіх пляцоўках: у ДК прафсаюзаў, Ліцэі БДУ і Цэнтры сучасных мастацтваў. Ужо вельмі хутка жыхары і госці сталіцы змогуць убачыць на мінскіх вуліцах прыгожы жоўты аўтобус з сімволікай фестывалю — знак таго, што надышла чарговая тэатральна-студэнцкая восень.

Мікола ЧЭМЕР.