Тэхнабудучыню стварае юнацтва

- 11:15Актуально, Апошнія запісы

У панядзелак на базе Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прайшло ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскага тыдня тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”. З 13 па 18 лістапада кожны ахвочы зможа далучыцца да інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, вынаходніцтва і рацыяналізатарскай дзейнасці.

Рэспубліканскі тыдзень “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня” з’яўляецца традыцыйным мерапрыемствам у сістэме дадатковай адукацыі. Праграма тыдня насычаная і разнастайная. Ва ўсіх установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі тэхнічнага профілю будуць адкрыты для наведвання творчыя лабараторыі, кабінеты. Рэспубліканскі тыдзень тэхнічнай творчасці — гэта майстар-класы па розных напрамках тэхнічнай творчасці, прэзентацыі дзейнасці аддзелаў цэнтраў тэхнічнай творчасці, экскурсіі ў Інфармацыйны цэнтр па атамнай энергіі, на Рэспубліканскую выставу інавацыйнай творчасці і ў музей прафесійнай адукацыі, гэта семінары і круглыя сталы, на якіх будуць абмяркоўвацца шляхі развіцця тэхнічнай творчасці.

“На працягу тыдня мы зможам паказаць вынік нашай плённай працы, падзелімся цікавымі праектамі. Сёння мы вітаем пераможцаў рэспубліканскіх конкурсаў “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца”, які праводзіўся ў рамках Рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага праекта “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, і конкурсу “Відэапанарама 360°”. У гэтыя дні будзе праведзены ўжо традыцыйны конкурс па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”. Конкурс праводзіцца сёмы раз і нязменна карыстаецца папулярнасцю. Сёлета толькі на пачатковых этапах конкурсу ўдзельнічалі 400 навучэнцаў з усіх рэгіёнаў. У фінал выйшлі 56, якія будуць змагацца за прызавыя месцы, прадстаўляць свае праекты. Адначасова з традыцыйнымі мы развіваем інавацыйныя напрамкі тэхнічнай творчасці. Так, на працягу апошніх двух гадоў мы бачым значныя змены, якія адбываюцца ў краіне па ўкараненні робататэхнікі. У гэтым навучальным годзе мы таксама правядзём шэраг мерапрыемстваў, семінараў па прасоўванні новых цікавых праектаў у нашым рэспубліканскім і, канечне, абласных і раённых цэнтрах тэхнічнай творчасці”, — паведаміў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Міхайлавіч Сачко.

На ўрачыстым адкрыцці тыдня прысутнічалі юныя таленавітыя вынаходнікі, захопленыя тэхнічнай творчасцю. Канечне, не кожны з іх у будучыні стане вучоным, інжынерам або канструктарам, але тыя навыкі, якія яны атрымліваюць у аб’яднаннях па інтарэсах тэхнічнай творчасці, дапамогуць знайсці годнае месца ў дарослым жыцці, стаць паспяховымі прафесіяналамі ў любой галіне. Майстрамі не нараджаюцца, імі становяцца, аднак толькі ў тым выпадку, калі да таленту прыкладваецца праца. Праца, сумешчаная з талентам, — толькі так можна дасягнуць вяршынь у майстэрстве. У панядзелак у актавай зале Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці прысутнічалі тыя, хто дасягнуў вяршынь у фотамайстэрстве і майстэрстве стварэння інтэрактыўных панарам. Гэта пераможцы і прызёры конкурсу “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца” і конкурсу “Відэапанарама 360°”, якія былі ўзнагароджаны дыпломамі Міністэрства адукацыі і памятнымі падарункамі. З іх імёнамі можна азнаёміцца на сайце Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

“Прыемна, што ў адным месцы сабралася столькі юных фатографаў, будучых геніяў беларускай фатаграфіі. Давайце творча глядзець на свет і далей падтрымліваць творчасць нашых дзяцей, таму што творчы чалавек з’яўляецца сапраўдным патрыётам Беларусі, ён будзе папулярызаваць прыгажосць сваёй краіны”, — адзначыў сустаршыня журы конкурсу “Зямля, дзе пашчасціла нарадзіцца” Сяргей Міхайлавіч Плыткевіч.

Сапраўды, творчы чалавек — патрыёт, за творчымі навучэнцамі — будучыня краіны, а за хлопцамі і дзяўчатамі, якія займаюцца інавацыйнай і тэхнічнай творчасцю, — тэхнабудучыня Беларусі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.