Рэспубліканскі конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект” сёлета прайшоў у Беларусі пяты раз. Як заўсёды, у сталіцу з’ехаліся юныя канструктары і даследчыкі, вынаходнікі і архітэктары, якія прадстаўлялі каманды абласцей і Мінска або выступалі індывідуальна. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала больш за 200 навучэнцаў з розных рэгіёнаў краіны. Фінальны этап прайшоў на базе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.
А пачаўся “ТэхнаІнтэлект” ужо традыцыйнай выставай, дзе кожны год прадстаўляюцца творчыя распрацоўкі ўдзельнікаў. Сёлета тут можна было ўбачыць мадэлі суднаў, ракет, самалётаў, аўтамабіляў, а таксама прыборы спартыўнай, транспартнай, ваеннай, прамысловай і сельскагаспадарчай тэхнікі. Радыёэлектронныя і энергазберагальныя прыборы, арыгінальныя тэхнічныя распрацоўкі, аўтаматызаваныя сістэмы і праграмныя комплексы, малюнкі і кампазіцыі — сапраўды было чаму здзівіцца. Штогод выстава папаўняецца цікавымі экспанатамі, якія яшчэ ўчора былі для канкурсантаў марай.
Для таго каб трапіць на рэспубліканскі конкурс, кожны з яго ўдзельнікаў прайшоў адборачны рэгіянальны этап. Так што можна смела сцвярджаць, што да фіналу дабраліся лепшыя з лепшых. Разам з тым члены журы адзначаюць, што відавочную перавагу сярод іншых канкурсантаў сёлета мелі прадстаўнікі Мінскай вобласці. Яшчэ адным важным момантам “ТэхнаІнтэлекту — 2014” стала значная колькасць індывідуальных удзельнікаў.
Канстанцін Грынкевіч трапіў у поле зроку нашага выдання невыпадкова: менавіта яго распрацоўку журы назвала адной з найбольш перспектыўных. “Выкарыстанне накіраваных ветраных патокаў у ветраэнергетыцы” — так назваў свой праект навучэнец сярэдняй школы № 80 Мінска і пераможца секцыі “Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне”.
“Кожны дзень мы сустракаемся з ветранымі патокамі, якія нават не заўважаем, — адзначае Канстанцін. — Пры ўваходзе ў метро, у тунэль… Аднак да гэтага моманту ў Беларусі не задумваліся над тым, што такія ветраныя патокі можна скарыстаць. Сёння ў свеце існуюць два тыпы ветраных установак: з гарызантальнай і вертыкальнай воссю кручэння. Першыя выкарыстоўваюцца ў краінах з моцнымі ветранымі патокамі — Францыі і Германіі. У Беларусі найбольш актуальныя ветракі другога тыпу, якія стабільна пачынаюць працаваць пры хуткасці ветру 2 метры ў секунду. Аднак месцаў для іх размяшчэння не так шмат, да таго ж яны вельмі матэрыялаёмістыя.
Мая ўстаноўка адрозніваецца невялікімі памерамі, і яе асаблівасцю з’яўляецца тое, што яна можа размяшчацца не толькі вертыкальна, але і гарызантальна, не страчваючы пры гэтым сваіх якасцей. Канструкцыю можна размясціць на ўсю даўжыню ўваходу ў метро ці тунэль. Мне падаецца выдатнай ідэяй выкарыстоўваць электрычнасць, якую яна выпрацоўвае, для асвятлення тых жа пераходаў метро ці тунэляў. Таксама гэта актуальная крыніца сілкавання для знешняй рэкламы”.
Канстанцін Грынкевіч адзначае, што яго наступная ідэя — апрабацыя ветраной устаноўкі на сталічнай станцыі метро “Грушаўка”. Разам са сваім кіраўніком ён плануе зрабіць замеры і дакладна вызначыць, якую колькасць электраэнергіі ўстаноўка будзе эканоміць для горада.
Папярэдняй распрацоўкай Канстанціна з’яўляецца спецыяльны экран, які павялічвае ККДз ветраной устаноўкі на 23 працэнты. Канкурсант адзначае, што экран ім ужо запатэнтаваны і ўключаны ў сёлетнюю творчую работу, якая не мае аналагаў у Беларусі.
Пераможцам секцыі “Тэхнічнае канструяванне” стаў Уладзімір Зарэцкі з работай “Ветразевы карусельны ветрагенератар”, які прадстаўляў каманду Гомельскай вобласці (Гомельскі абласны цэнтр тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі). У секцыі “Энергетыка і электратэхніка” лідарства належыць прадстаўніку Мінска Дзмітрыю Калтовічу (сярэдняя школа № 196) з работай “Паляванне за сонцам”.
Цікава, што 1 месца ў секцыі “Матэрыялы ў тэхніцы” належыць дзяўчыне, а дакладней, навучэнцы 9 класа гімназіі № 1 Жодзіна Юліі Клімовіч, якая прадстаўляла на конкурсе Мінскую вобласць. Каштоўнасць яе работы “Карбамідныя смолы” заключаецца ў тым, што яна прапанавала найбольш аптымальны спосаб атрымання карбамідных смол у лабараторных умовах, дала практычныя рэкамендацыі па іх атрыманні і распрацавала вучэбна-наглядны дапаможнік. Дзяўчына ўпэўнена, што яе работа можа быць з поспехам выкарыстана ва ўмовах школьнай лабараторыі, а таксама на факультатыўных занятках ці занятках хімічнага гуртка.
Доктар тэхнічных навук, прафесар і загадчык кафедры “Робататэхнічныя сістэмы” БНТУ Генадзь Мікалаевіч Здор, які быў старшынёй журы секцыі “Робататэхніка, аўтаматыка і інтэлектуальныя сістэмы”, адзначыў, што ўзровень работ менавіта гэтага кірунку з году ў год расце. Сёлета пераможцам гэтай секцыі стаў Максім Масальскі, які прадстаўляў сталіцу (Рэспубліканскі цэнтр тэхнічнай творчасці). Максім падрыхтаваў праект “Пазадарожны робат BUGGY”.
У секцыі “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” 1 месца заваявала камп’ютарная праграма “HOME Pad” Валерыя Жарскага з Гомельскай вобласці.
У секцыях “Авіяцыя, касманаўтыка і аэракасмічная тэхніка” і “Мультымедыйныя тэхналогіі” лідзіруюць дзяўчаты. Дар’я Гардзяеня з Мінска прадставіла даведачна-інфармацыйнае выданне ў дапамогу выпускніку “Стрэсаўстойлівасць — залог здароўя”, а Ілона Дарафей з Мінскай вобласці здзівіла журы “Самаробным інклінатарам”.
Секцыя “Малюнак. Творчая работа на тэму “Школа маёй мары” стала паспяховай для Ягора Абазоўскага з Віцебскай вобласці. Секцыя “Жывапіс. Творчая работа на тэму “З сябрамі ў святочным горадзе” прынесла перамогу Дзіяне Арлоўскай з Мінскай вобласці. А секцыя “Кампазіцыя. Творчая работа на тэму “Будынак музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску” пашырыла геаграфію конкурсу: найлепшай тут прызнана работа Анжалікі Гадуновай з Брэсцкай вобласці.
“Ужо пяты год мы праводзім конкурс “ТэхнаІнтэлект” і зацікаўлены ў тым, каб яго секцыі адпавядалі спецыялізацыі нашага ўніверсітэта, — адзначыла член журы дырэктар Інстытута інтэграваных форм навучання і маніторынгу адукацыі БНТУ Наталля Пятроўна Воранава. — Наша задача — падтрымаць таленавітую моладзь, якая цікавіцца навукова-тэхнічнай творчасцю. І, канечне, мы будзем рады бачыць многіх сённяшніх канкурсантаў у ліку нашых студэнтаў.
Кожны год для ацэнкі работ фарміруецца журы, якое складаецца з навукоўцаў, апантаных сваёй справай. Трэба адзначыць, што для абодвух бакоў “ТэхнаІнтэлект” — выдатная магчымасць наладжвання супрацоўніцтва. Па сутнасці, гэта стала нашай традыцыяй: падчас майстар-класаў, абароны праектаў вопытныя і маладыя навукоўцы могуць не толькі абмяняцца думкамі, але і выпрацаваць канцэпцыю далейшага развіцця той ці іншай работы. Разам з тым такое цеснае ўзаемадзеянне выяўляе і негатыўныя моманты. Напрыклад, становіцца зразумелым, што значную частку некаторых работ выканалі не самі канкурсанты, а іх кіраўнікі. У прыватнасці, у гэтым годзе адзін з удзель-нікаў конкурсу прэтэндаваў на званне лаўрэата, яго работа была выканана і аформлена дасканала, гэтак жа бліскуча была праведзена і абарона, аднак малады чалавек не змог адказаць нават на самыя простыя пытанні журы”.
Таццяна Пятроўна падкрэслівае, што моладзь, якая пагружаецца ў навуковае асяроддзе, потым актыўна шукае шляхі развіцця сваіх праектаў. Маладыя людзі праяўляюць сябе і падчас вучобы ва ўніверсітэце. Напрыклад, былыя ўдзельнікі “ТэхнаІнтэлекту”, а сёння студэнты архітэктурнага факультэта БНТУ зусім нядаўна сталі пераможцамі аднаго з падобных творчых конкурсаў у Расіі.
Для некага “ТэхнаІнтэлект” — гэта пачатак яркага творчага шляху. Дыпламанты конкурсу, якія з’яўляюцца выпускнікамі школ, гімназій, ліцэяў, устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрымліваюць рэкамендацыі і магчымыя льготы пры паступленні ў БНТУ.
Таксама пераможцы і прызёры конкурсу ўключаюцца ў Беларускі банк даных адоранай і таленавітай моладзі.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.