Тэхналогіі высокага палёту

Стыль hi-tech — паняцце не толькі архітэктуры і дызайну. Высокія тэхналогіі імкліва пранікаюць у наша штодзённае жыццё, ва ўсе сферы грамадства, таму словам hi-tech можна назваць і своеасаблівы стыль выхавання навучэнцаў, сутнасць якога заключаецца ў фарміраванні асноў прафесійных кампетэнцый праз далучэнне да высокіх тэхналогій. А яшчэ Hi-Tech — гэта назва Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі, заключны этап якога праходзіў у сталіцы 23 і 24 сакавіка.

Каманды з усіх рэгіёнаў краіны сабраліся ў Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці, каб праверыць свае веды і прафесійныя навыкі ў спаборніцтвах па мабільнай і прамысловай робататэхніцы, тэхналогіях беспілотных лятальных апаратаў, нейрапілатаванні, прататыпаванні, інжынерным дызайне CAD і сістэмным адміністраванні. Як адзначыла на ўрачыстым адкрыцці фіналу конкурсу галоўны спецыяліст упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Таццяна Васільеўна Драпакова, тэхнічная творчасць выклікае асаблівую цікавасць у дзяцей і моладзі, папулярнасцю карыстаецца кожны напрамак тэхнічнай творчасці. “Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі актыўна развіваецца, і сёння варыятыўнасць адукацыйных праграм дазваляе кожнаму навучэнцу знайсці занятак па душы. Залог вашага поспеху ў многім залежыць ад вас саміх, а таксама ад бацькоў і, безумоўна, ад педагогаў, якія падтрымліваюць вас, разам з вамі вырашаюць пастаўленыя задачы”, — звярнулася да канкурсантаў Таццяна Васільеўна.

Конкурс арыентаваны на падтрымку таленавітай моладзі, стварэнне магчымасцей для асваення прафесійных кампетэнцый. Хоць ён праводзіцца ўпершыню, але мае сваю перадгісторыю ўзнікнення. Ён праводзіцца ў рамках руху JuniorSkills Belarus, старт якому быў дадзены ў кастрычніку 2015 года. Рух ініцыіраваны Міністэрствам адукацыі з мэтай стварэння новых магчымасцей для прафарыентацыі праз укараненне інтэрактыўных форм і метадаў актывізацыі прафесійнага самавызначэння навучэнцаў. Арганізатары конкурсу Hi-Tech (Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці) імкнуцца да таго, каб конкурс адкрыў новыя старты для развіцця тэхнічнай творчасці ў рэгіёнах, стаў яркай падзеяй, паспяхова развіваўся і паказваў высокі патэнцыял падрастаючага пакалення на міжнародным узроўні. Наконт міжнароднага ўзроўню. Як паведаміў старшыня журы конкурсу Hi-Tech загадчык лабараторыі робататэхнікі Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Сяргей Генадзьевіч Кулакоў, спаборніцтвы праводзяцца па міжнародных стандартах, адаптаваны пад міжнародныя правілы і з’яўляюцца добрай пляцоўкай для павышэння ўзроўню майстэрства навучэнцаў і развіцця тэхнічнай творчасці ў Беларусі ў адпаведнасці з сусветнымі тэндэнцыямі. “Не сакрэт, што залогам паспяховага выступлення нашых дзяцей на міжнароднай арэне з’яўляецца і высокі ўзровень кваліфікацыі беларускіх педагогаў, якія курыруюць работу аб’яднанняў па інтарэсах тэхнічнага профілю. Конкурс Hi-Tech — гэта цудоўнае месца, дзе педагогі могуць абмяняцца вопытам, вызначыць для сябе далейшыя шляхі развіцця таго ці іншага напрамку тэхнічнай творчасці”, — адзначыў Сяргей Генадзьевіч.

Нагадаем, што фіналісты конкурсу выконвалі заданні па напрамках “Мабільная робататэхніка”, “Прамысловая робататэхніка”, “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў”, “Нейрапілатаванне”, “Прататыпаванне”, “Інжынерны дызайн CAD” і “Сістэмнае адміністраванне”. Напрыклад, удзельнікам секцыі “Мабільная робататэхніка” неабходна было аўтаматызаваць працэс выдачы заказаў на складзе ўмоўнай гандлёвай кампаніі шляхам стварэння аўтаномнага робата, здольнага прыняць заказ ад кліента і выдаць яму тавар са склада, адпаведны заказу. У першы конкурсны дзень навучэнцы збіралі робатаў і стваралі праграму кіравання, праводзілі трэніровачныя заезды. 24 сакавіка каманды выконвалі конкурсныя заданні (“Выдача тавараў” і “Дастаўка тавараў кліентам”). Найбольш паспяхова справіліся навучэнцы Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Аляксандр Есіс і Фёдар Місюк. Па выніках конкурсу яны сталі пераможцамі секцыі і атрымалі дыпломы І ступені.

Адной з галоўных задач конкурсу было выяўленне і падтрымка таленавітай і адоранай моладзі. Знаёмцеся: Андрэй Маліноўскі, навучэнец гімназіі-інтэрната Мядзела Мінскай вобласці. Гэта той самы хлопчык, які стаў героем нядаўніх газетных і тэлерэпартажаў пра “ТэхнаІнтэлект”, гэта той, хто стварыў робата-ратавальніка. “У робата цікавая падвеска і шасі, ён можа падымацца пад вуглом 45 градусаў, можа нават ратаваць людзей, якія праваліліся пад лёд, а таксама перасоўваць розныя прадметы, напрыклад, у моцна забруджанай радыенуклідамі або задымленай зоне”, — дзеліцца кіраўнік праекта настаўнік інфарматыкі Вячаслаў Станіслававіч Саўчык. У гімназіі-інтэрнаце Мядзела факультатыўна курс па робататэхніцы выкладаецца толькі другі год, аднак навучэнцы ўжо заваёўваюць прызавыя месцы на рэспубліканскіх спаборніцтвах. На “ТэхнаІнтэлекце” Андрэй Маліноўскі стаў лаўрэатам дыплома ІІ ступені, а ў конкурсе Hi-Tech разам з Вадзімам Валасевічам, таксама выхаванцам Вячаслава Станіслававіча, у секцыі “Прамысловая робататэхніка” яны атрымалі дыпломы І ступені. Такія высокія вынікі сталі магчымы не толькі дзякуючы таленту навучэнцаў, прафесіяналізму педагога, але і дапамозе Мядзельскага райвыканкама, калі для заняткаў па робататэхніцы кіраўніцтвам раёна былі выдзелены сродкі на закупку базавых і рэсурсных набораў. Талент — талентам, аднак, як бачым, узровень тэхнічнага аснашчэння з’яўляецца важным складнікам паспяховага выступлення на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Добра, калі кіраўніцтва рэгіёнаў гэта разумее і падтрымлівае пачынанні юных робататэхнікаў.

Менш фінансава затратным (але не менш актуальным) з’яўляецца развіццё тэхналогій беспілотных лятальных апаратаў. Гэта адзін з самых маладых напрамкаў тэхнічнай творчасці і адзін з самых перспектыўных і запатрабаваных. Актыўна ён развіваецца і ў Гомельскай вобласці. На базе “Клуба юных пажарных Мазыра” майстэрства кіравання мультыкоптарамі навучэнцы ўдасканальваюць толькі першы год, аднак высокія вынікі ўжо ёсць. У намінацыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” навучэнец “Клуба юных пажарных Мазыра” Кірыл Марціновіч стаў уладальнікам дыплома І ступені. Гэтая ўзнагарода не першая, заваяваная навучэнцамі ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Як паведаміў дырэктар “Клуба юных пажарных” Аляксандр Уладзіміравіч Баравік, толькі за гэты навучальны год заваяваны 53 прызавыя дыпломы рознага ўзроўню, з іх 12 — міжнароднага. Сезон спаборніцтваў у разгары, таму пажадаем даўнім сябрам “Настаўніцкай газеты” з Мазыра чарговых перамог.

Спаборніцтвы ў секцыі “Тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў” уключалі зборку і праграмаванне беспілотных лятальных апаратаў, палёты на дакладнасць і хуткасць. Падчас конкурсных заданняў “Пасадка на дакладнасць”, “Палёт на трасе” і “Паветраныя гонкі” фіналісты паказвалі сваё ўменне ажыццяўляць узлёт, пасадку, перамяшчэнне беспілотнага лятальнага апарата па зададзеным маршруце на пляцоўцы даўжынёй 10, шырынёй 5 і вышынёй 2 метры. “Высокія тэхналогіі, у тым ліку тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў, імкліва развіваюцца. У наступным годзе мы плануем зрабіць больш складанымі конкурсныя заданні. Будзем ставіць перад канкурсантамі задачы праграмуемага палёту. Напрыклад, праляцець па пэўнай траекторыі і сфатаграфаваць пэўны прадмет. Складанасць заданняў дазволіць больш аб’ектыўна вызначаць пераможцаў і ўзровень майстэрства навучэнцаў. Пакуль што хочацца пажадаць канкурсантам большай практыкі, большай колькасці гадзін налёту, бо многія памылкі былі зроблены з-за невялікага вопыту кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі”, — падвёў вынікі работы секцыі “Тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў” суддзя нацыянальнай катэгорыі загадчык лабараторыі авіямадэлявання Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Дзмітрый Станіслававіч Якаўлеў.

У выніку двух дзён напружаных спаборніцтваў пераможцам у секцыі “Нейрапілатаванне” стала Ксенія Камінская з сярэдняй школы № 47 Гомеля, у секцыі “Прататыпаванне” — Дзяніс Усовіч з сярэдняй школы вёскі Чэрні Брэсцкага раёна, у напрамку “Інжынерны дызайн CAD” дыплом І ступені атрымаў навучэнец Брэсцкага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Аляксандр Дораш, у напрамку “Сістэмнае адміністраванне” — Дзмітрый Кулажанка з гімназіі № 1 Брэста.

— Два дні прайшлі ў творчай напружанай атмасферы. Спадзяёмся, што вы атрымалі задавальненне ад сваіх перамог і дасягненняў. Конкурс праводзіўся не апошні раз. Ён абавязкова будзе развівацца, дапаўняцца новымі кампетэнцыямі, каб у вас было яшчэ шмат магчымасцей праявіць свае сілы і здольнасці, а мы, арганізатары конкурсу, будзем вам у гэтым дапамагаць. Дзякуючы вашай працавітасці і намаганням, конкурс Hi-Tech стаў новай старонкай у гісторыі развіцця тэхнічнай творчасці краіны, — звярнулася да фіналістаў конкурсу падчас яго ўрачыстага закрыцця намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Ала Сцяпанаўна Герасімук.

Высокія тэхналогіі імкліва пранікаюць ва ўсе сферы грамадства, высокатэхналагічным становіцца наша штодзённае жыццё, прафесійная дзейнасць. Высокія тэхналогіі развіваюць навуку, робяць працэс выхавання падрастаючага пакалення больш эфектыўным. Рэспубліканскі конкурс Hi-Tech на высокім узроўні засведчыў, што гэта так.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *