Тэхнічная творчасць: цікава і займальна

- 9:40Навіны рэгіёнаў

Навучэнцы з Полацка, Наваполацка, Ушачаў і Бешанковічаў прымуць удзел у трэцяй адукацыйнай змене Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка ў красавіку.

Ідзе другі этап адбору ўдзельнікаў трэцяй адукацыйнай змены Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Вочныя этапы адбору былі праведзены на базе аддзела тэхнічнай творчасці Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі. Тэсціраванне і індывідуальнае субяседаванне прайшлі 22 навучэнцы з Полацка, Наваполацка, Оршы, Пастаўскага, Лёзненскага, Браслаўскага, Бешанковіцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Талачынскага, Чашніцкага, Ушацкага раёнаў. Як паведаміла начальнік аддзела выхаваўчай работы галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Вольга Дарожка, у вобласці ажыццяўляецца сістэмная і мэтанакіраваная падтрымка высокаматываваных дзяцей, зацікаўленых у тэхнічнай творчасці і даследчай дзейнасці. У 2016 годзе сумесна з Паркам высокіх тэхналогій у Оршы адкрыта першая ІТ-акадэмія “КомпАС”; аналагічныя пляцоўкі і ІТ-лабараторыі арганізаваны ў Наваполацку і Полацку. У абласным Палацы дзяцей і моладзі функцыянуе адукацыйны цэнтр “Пазітрон”.

— Сучасныя тэхнічныя напрамкі прывабліваюць дзяцей, мы выразна гэта бачым па росце колькасці профільных аб’яднанняў па інтарэсах і іх удзельнікаў, — расказала Вольга Дарожка. — Па водгуках нашых навучэнцаў, хто прайшоў і зараз праходзіць падрыхтоўку ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку ў складзе першай і другой змен, ім вельмі спадабалася праграма, атрымалі многа новых карысных ведаў і яркіх уражанняў. Радуе, што з кожнай зменай у нас пашыраецца колькасць прадстаўленых рэгіёнаў: першымі ластаўкамі сталі полацкія гімназісты, далей да іх далучыліся новапалачане і цяпер — прадстаўнікі Ушачаў і Бешанковічаў. Апорнай пляцоўкай па каардынацыі работы па гэтым напрамку ў рэгіёне вызначаны абласны Палац дзяцей і моладзі. Тут працуюць высокапрафесійныя педагогі і створаны аптымальныя ўмовы, якія дазваляюць дзецям атрымліваць неабходную метадычную дапамогу і практычную падрыхтоўку. 

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.