Хлопцы і дзяўчаты з Мар’інай Горкі ўзялі ўдзел у Тыднях устойлівага развіцця — 2017. Да мерапрыемства, што прайшло ў Мар’інагорскай гімназіі, далучыліся навучэнцы з Германіі.
У рамках Тыдняў устойлівага развіцця — 2017 прайшоў шэраг мерапрыемстваў на нацыянальным, рэгіянальным і лакальным узроўнях. У розных кутках нашай краіны ладзіліся круглыя сталы, акцыі, конкурсы, экалагічныя экскурсіі, мясцовыя фестывалі і святы, інфармацыйныя і адукацыйныя мерапрыемствы, дзе дэманстраваліся беларускія ініцыятывы па ўстойлівым развіцці. У Мар’інагорскай гімназіі правялі міжнародны тэлемост з навучэнцамі гімназіі Мартынеум горада Хальберштата, што ў Германіі.
Нямецкая і беларуская гімназіі цесна супрацоўнічаюць з 2008 года. За гэты час прайшлі сустрэчы ў Беларусі і Германіі, было рэалізавана некалькі сумесных праектаў. Адзін з іх — “Легенды з Хальберштата і Мар’інай Горкі”, падчас якога навучэнцы стваралі на рускай і нямецкай мовах відэаработы аб мясцовых легендах. Працавалі дзеці і над праектамі, прысвечанымі вольнаму часу, сродкам масавай інфармацыі, нацыянальным паркам дзвюх краін.
— Такое ўзаемадзеянне ўзбагачае дзяцей, дае ім бясцэнныя, цікавыя зносіны з аднагодкамі з Германіі, моўную практыку. Яны вучацца адно ў аднаго, пашыраюць веды пра краіну-партнёра і пра сваю, далучаюцца да культуры і традыцый абедзвюх дзяржаў, — расказвае каардынатар партнёрства настаўніца нямецкай мовы Мар’інагорскай гімназіі Таццяна Мікалаеўна Гарошка.
Сёлета тэмай сумеснага праекта сталі пытанні аховы навакольнага асяроддзя. У Мар’інагорскай гімназіі ёй, дарэчы, удзяляюць значную ўвагу. Навучэнцы ўдзельнічаюць у экалагічных праектах і конкурсах, ва ўстанове працуе музей “Эвалюцыя энергазберажэння”, гімназія далучылася да ініцыятывы па азеляненні дахаў будынкаў. Ідэя ўдзелу ў Тыднях устойлівага развіцця і правядзення тэлемоста па экалагічнай тэме была падтрымана абодвума бакамі. Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы 10—11 класаў.
Мар’інагорскія гімназісты старанна рыхтаваліся да тэлемоста. Ім неабходна было не проста звярнуць увагу на сур’ёзныя, глабальныя тэмы, але і абмеркаваць іх на замежнай мове. Навучэнцы справіліся з пастаўленай задачай, падчас мерапрыемства даведаліся і расказалі шмат цікавага аб энергазберажэнні, глабальным пацяпленні, ахове розных відаў жывёл і раслін, забруджванні вады. Асабліва цікавым для беларусаў стаў нямецкі вопыт збору адходаў. Не сакрэт, што Германія па гэтым паказчыку — у ліку найбольш прагрэсіўных краін.
Тэлемост прадэманстраваў, што моладзь незалежна ад краіны пражывання ўсведамляе сур’ёзнасць праблем экалогіі, энергазберажэння і гатова дзейнічаць дзеля іх вырашэння. У хуткім часе навучэнцы працягнуць абмеркаванне хвалюючай тэмы не ў віртуальнай прасторы, а пры асабістай сустрэчы: калі ў нямецкіх сяброў будуць зімовыя канікулы, яны прыедуць у Мар’іну Горку.
Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Мар’інагорскай гімназіяй.