Тэрыторыя талерантнасці

- 17:28Апошнія запісы, Рознае, Спецыяльная адукацыя

“Мне ўвесь час прыходзіцца камусьці даказваць, што я не горшая за ўсіх, што я такая ж… Гэта вельмі балюча і крыўдна”, — піша 18-гадовая случчанка, у якой парушэнне апорна-рухальнага апарату. Падчас сацыялагічнага апытання сярод моладзі Случчыны (16—18 гадоў), якое правялі спецыялісты раённага ЦКРНіР у сацыяльнай сетцы “УКантакце”, выявілася, што многія юнакі і дзяўчаты ведаюць, толькі ў рознай ступені, аб праблемах людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Але большасць маладых людзей не мае ўяўлення аб іх здольнасцях, і часта яны проста са спачуваннем адносяцца да людзей з асаблівасцямі. І не кожны гатовы аказаць ім дапамогу. Моладзь не імкнецца будаваць з імі зносіны як роўныя.
Каб дапамагчы дзецям з АПФР адчуць сябе паўнацэннымі ў асяроддзі равеснікаў, у мясцовай супольнасці, спецыялісты цэнтра пачалі рэалізацыю праекта “Адукацыйная прастора — тэрыторыя талерантнасці”.

“Сонечная інтэграцыя”

Нагадаем, што па выніках работы за 2013 год калектыў Слуцкага раённага ЦКРНіР узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Забеспячэнне якаснай спецыяльнай адукацыі і развіццё патэнцыялу дзяцей з АПФР” за стварэнне і ўкараненне ў адукацыйны працэс сучасных тэхналогій.
“Адзін з найбольш паспяховых і перспектыўных праектаў, які рэалізуецца сёння ў цэнтры, — “Адукацыйная прастора — тэрыторыя талерантнасці”, — адзначыла дырэктар цэнтра Інеса Міхайлаўна Панамарова. — Калі сям’я, дзіцячы сад, школа — уся “адукацыйная прастора” — стануць “тэрыторыяй талерантнасці”, то можна будзе зрабіць талерантным і грамадства, якое да кожнага будзе ставіцца з разуменнем, павагай, дабрынёй. Фарміраванне такіх адносін да дзяцей з асаблівымі патрэбамі мы вядзём на аснове вызначанага намі прынцыпу “сонечнай інтэграцыі”. Установы спецыяльнай адукацыі — гэта “сонца”, да якога прыцягваюцца і з якім узаемадзейнічаюць розныя ўстановы адукацыі, а таксама і соцыум”.
На базе цэнтра пастаянна праводзяцца семінары для кіраўнікоў устаноў адукацыі, педагогаў і бацькоў. Для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і іх бацькоў у раёне арганізоўваюцца фізкультурна-аздараўленчыя, спартыўныя мерапрыемствы, фестывалі мастацкай самадзейнасці, творчыя выставы, конкурсы і акцыі міласэрнасці. Адна з апошніх у гэтым кірунку — акцыя сяброўства і міласэрнасці “Сем сцяжынак вясёлкі”, падчас якой навучэнцы цэнтра сустракалі навучэнцаў і педагогаў школ горада і раёна. Спартыўныя мерапрыемствы, гульнявыя і канцэртныя праграмы, якія прадэманстравалі госці, прыемна парадавалі выхаванцаў ЦКРНіР.
На днях у Слуцку ў межах праекта “Добрае сэрца Міншчыны”, які рэалізуе БРСМ, адбыліся святочныя мерапрыемствы, у іх ліку выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, дабрачынны канцэрт з удзелам зорак беларускай эстрады. Атрыманыя ад канцэрта сродкі пойдуць на закупку інтэрактыўнай дошкі і спецыялізаванага сэнсарнага абсталявання для арганізацыі даступнага адукацыйнага працэсу для дзяцей з цяжкімі і (ці) множнымі парушэннямі развіцця.
Асаблівую ўвагу спецыялісты цэнтра ўдзяляюць тым установам, у якіх ёсць класы (групы) інтэграванага навучання і выхавання. Дарэчы, колькасць іх штогод павялічваецца. У 2013/2014 навучальным годзе ў раёне ўзніклі 2 дашкольныя групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У 30 агульнаадукацыйных школах раёна (іх усяго 39) дзейнічаюць інтэграваныя класы. Толькі ў мінулым навучальным годзе створаны 104 класы інтэграванага навучання для 160 навучэнцаў з асаблівасцямі. Павялічылася колькасць інтэграваных класаў поўнай мадэлі (15). Апорнай установай у раёне, якую ўжо можна па праву лічыць інклюзіўнай, з’яўляецца сярэдняя школа № 13 Слуцка. Тут адкрыты і функцыянуюць 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання (для 22 навучэнцаў з АПФР), 5 з іх — поўнай мадэлі, ёсць пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. У гэтай школе навучаюцца дзеці з самымі рознымі асаблівасцямі: з парушэннямі зроку, у тым ліку татальна сляпыя, з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, з цяжкімі парушэннямі маўлення, з цяжкасцямі ў навучанні, з інтэлектуальнай недастатковасцю, раннім дзіцячым аўтызмам. У будучым навучальным годзе ў школу павінны прыйсці дзеці з парушэннем слыху, якім была зроблена аперацыя па кахлеарнай імплантацыі.
Спецыялісты цэнтра на працягу некалькіх гадоў вывучалі ўзровень камунікатыўнай і прафесійнай талерантнасці педагогаў Слуцкага раёна. У маштабным даследаванні прынялі ўдзел загадчыкі ўстаноў дашкольнай адукацыі, дырэктары школ, педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі, настаўнікі-дэфектолагі, выхавальнікі ўстаноў дашкольнай адукацыі, настаўнікі-прадметнікі. Вывучалася таксама ўспрыманне звычайнымі навучэнцамі школ дзяцей з асаблівымі патрэбамі — у апытанні ўдзельнічалі 105 навучэнцаў з 3-х і 10-х класаў.
Як паказала дыягностыка, у прыватнасці, педагогі ясляў-сада № 5 Слуцка былі занепакоены недахопам у іх вопыту для эфектыўнай работы ў групе інтэграванага навучання і выхавання для дзяцей з цяжкімі парушэннямі зроку, якая пачала дзейнічаць у іх установе. Яны не заўсёды ведалі, як правільна будаваць адукацыйны працэс, як наладжваць адносіны з невідушчымі дзецьмі. Спецыялісты цэнтра для заняткаў з дзецьмі груп інтэграванага выхавання і навучання падрыхтавалі карэкцыйна-развіццёвую праграму “Сяброўства пачынаецца з усмешкі”, дзе вялікая ўвага ўдзелена пытанням выхавання талерантнасці. Для педагогаў сада, якія шукаюць свае шляхі да дзяцей з парушэннямі зроку, спецыялісты цэнтра пачалі праводзіць семінары, трэнінгі, педагагічныя гасцёўні. Асабліва спадабаліся педагогам “пасядзелкі ў сямейным кафэ” з праглядам і абмеркаваннем фільма “Дыялог у цемры”.
У яслях-садзе № 5 праводзіліся і апытанні бацькоў. Яны паказалі, што большасць бацькоў здаровых малышоў, нягледзячы на тое, што першапачаткова яны былі не супраць сумеснага навучання, усё ж хвалююцца, што іх дзецям будзе ўдзяляцца менш увагі. Непакоіць іх і тое, што іх дзеці могуць ненаўмысна нанесці шкоду здароўю невідушчых выхаванцаў. Бацькі ж невідушчых дзяцей таксама заклапочаны, бо баяцца крыўд з боку звычайных малышоў, а таксама таго, што іх бацькам не падабаецца такое сумеснае навучанне і выхаванне.
Спецыялісты цэнтра дапамагаюць і бацькам зразумець, што галоўнае — прыняць сваё дзіця такім, якое яно ёсць. Пры цэнтры дзейнічае “Бацькоўская школа”. Сем’і запрашаюцца да ўдзелу ў грамадскіх мерапрыемствах, святах, пра дзяцей здымаюцца відэаролікі.

Урокі талерантнасці

Асабліва востра праблема талерантных адносін да дзяцей з АПФР паўстае ў перыяд школьнага навучання. Часам самі настаўнікі адносяцца да асаблівых дзяцей не так, як належыць, і міжволі фарміруюць такое стаўленне да іх і ў аднакласнікаў. Апытанне выявіла, што больш чым палова педагогаў устаноў адукацыі Слуцкага раёна на момант стварэння інтэграваных класаў была слаба падрыхтаванай да работы ў іх. Настаўнікам не хапала як тэарэтычных ведаў, так і практычных навыкаў узаемадзеяння з асаблівымі дзецьмі. У самым пачатку дыягностыкі толькі 44% педагогаў лічылі, што дзеці з абмежаванымі магчымасцямі павінны расці і развівацца побач са здаровымі равеснікамі, астатнія выказвалі сумненні на гэты конт альбо давалі адмоўны адказ. Той, хто падтрымаў ідэю інтэграцыі, як правіла, выступаў за навучанне ва ўмовах сярэдняй школы дзяцей з парушэннямі зроку, слыху, маўлення, апорна-рухальнага апарату. Выключэннем, па меркаванні большасці, павінны быць дзеці з парушэннем інтэлекту. Варта адзначыць, што самі навучэнцы часцей, чым іх настаўнікі, успрымаюць як норму знаходжанне побач з сабой у адным класе дзяцей з асаблівымі патрэбамі.
Добрыя вынікі па фарміраванні талерантнага стаўлення педагогаў школ да дзяцей з асаблівымі патрэбамі былі атрыманы дзякуючы рабоце па спецыяльных праграмах, падрыхтаваных раённым ЦКРНіР, па прафілактыцы “эмацыянальнага выгарання” настаўнікаў. Веды, атрыманыя на семінарах, трэнінгах, падчас індывідуальнага кансультавання ў цэнтры, педагогі агучваюць на класных гадзінах, праводзяць своеасаблівыя “ўрокі талерантнасці” з навучэнцамі. Школьнікі таксама запрашаюцца на мерапрыемствы, якія праводзяцца ЦКРНіР сумесна з дзецьмі з асаблівымі патрэбамі, — канцэрты, спартландыі, акцыі і г.д. У параўнанні з 2010 годам колькасць навучэнцаў раёна, якія прымаюць удзел у такіх мерапрыемствах, значна павялічылася (калі ў 2010 годзе ўдзельнічалі навучэнцы 9 школ, то ў 2013 — 17-ці).

Інклюзіўны форум-тэатр

Сёння Слуцкі раённы ЦКРНіР на абласным і рэспубліканскім узроўні перадае свой вопыт работы па выкарыстанні такога інтэрактыўнага метаду, як форум-тэатр. Гэты метад дапамагае пры вырашэнні супярэчнасцей у сацыяльнай і культурнай сферах — пры нейтралізацыі канфліктаў, парушэннях правоў чалавека, дыскрымінацыі, ушчамленні інтарэсаў пэўных груп і г.д. Ён пацвердзіў сваю эфектыўнасць пры прафілактыцы наркаманіі, залежнасці ад тытуню, СНІДу. А ў апошні час знайшоў прымяненне і ў спецыяльнай адукацыі. Ён дапамагае, у прыватнасці, вырашаць канфліктныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у класах інтэграванага навучання і выхавання. За вопыт работы па метадзе форум-тэатра педагогі цэнтра — педагог сацыяльны Іна Іванаўна Лукашэвіч і педагогі-псіхолагі Ала Юр’еўна Капская, Нэлі Міхайлаўна Лебедзь — былі ўзнагароджаны дыпломам І ступені па выніках V Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”. Сёння педагогі праводзяць майстар-класы, трэнінгі па метадзе форум-тэатра. На выязным абласным бацькоўскім сходзе, які сёлета праходзіў у Салігорску, сістэма спецыяльнай адукацыі была прадстаўлена работай студыі сямейнага выхавання, якую праводзіла Іна Іванаўна Лукашэвіч і дзе быў прэзентаваны форум-тэатр як новая інклюзіўная форма работы.
Удзельнікам такога інклюзіўнага тэатра можа стаць любы дарослы або дзіця, у тым ліку і дзіця з АПФР, у кожнага з іх ёсць магчымасць выказаць тым, хто побач, сваё стаўленне да пэўнай сітуацыі. У аснове драматычнага дзейства — канфлікт, ён закладваецца пры распрацоўцы сцэнарыя. Правобразам тэатральных падзей з’яўляюцца рэальныя сітуацыі, якія адбываюцца ва ўстановах адукацыі ў групах і класах інтэграванага навучання і выхавання, у сем’ях выхаванцаў ЦКРНіР.
Вось адна з сітуацый. Змест дзеі 1: Арына на працягу двух гадоў вучыцца дома, хаця раней вучылася ў інтэграваным класе. Напярэдадні навучальнага года навучанне дома ёй было адменена. Маці Арыны прыходзіць у школу з мэтай зноў уладкаваць дачку ў такі ж клас. Яна выказвае дырэктару сваю просьбу, на якую дырэктар, Нэлі Міхайлаўна, адказала пытаннем: “Вы лічыце, што вашай Арыне будзе ў школе лепш?” Маці: “Мы шмат перажылі за два гады навучання дома, часам прасіла займацца з дачкой чужых людзей…” Дырэктар: “А вы памятаеце, як пакутавала Арына, калі наведвала школу?” Але маці ўпарта настойвае на прыняцці дачкі ва ўстанову.
Змест дзеі 2: Дырэктар звяртаецца да класнага кіраўніка інтэграванага класа: “Вольга Якаўлеўна, у вашым класе зноў будзе вучыцца Арына Іванова, ёй адмянілі надомнае навучанне”. Класны кіраўнік адказвае: “І вы, і я памятаем, як да яе ставіўся клас — пастаянныя насмешкі і абразы ў яе адрас, зрывы ўрокаў з-за яе…” Дырэктар: “Узгадайце ўсе негатыўныя сітуацыі і выпадкі, звязаныя з гэтай дзяўчынкай, і зафіксуйце іх, падключыце адпаведных спецыялістаў, а калі будзе трэба, то і бацькоў вучняў, каб яны выступілі супраць навучання Арыны ў школе”. Класны кіраўнік сыходзіць са сцэны моўчкі.
Дзея ў форум-тэатры заканчваецца на піку канфлікту, які свядома даводзіцца да максімальнай вастрыні. Вырашэння канфлікту ў сцэнарыі няма. На падставе ўбачанага на сцэне ўсім прысутным, у тым ліку “актыўным гледачам” форум-тэатра, трэба знайсці выйсце, вырашыць сітуацыю.

“Горад для ўсіх”

“Якія далейшыя перспектывы развіцця праграмы па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з асаблівымі патрэбамі? — адзначае дырэктар Слуцкага раённага ЦКРНіР Інеса Міхайлаўна Панамарова. — Мяркую, што мы пачнём распрацоўваць, а ў далейшым возьмемся за рэалізацыю новай праграмы “Горад для ўсіх”, якая паспрыяе стварэнню талерантнага асяроддзя не толькі ў адукацыйнай прасторы, але і ў мясцовай супольнасці, забяспечыць падтрымку з боку соцыуму, абудзіць памяркоўнасць і добразычлівасць усіх людзей у адносінах да дзяцей з асаблівымі патрэбамі”.

 

Надзея ЦЕРАХАВА.