Тэрыторыя творчасці

- 12:38Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі маладзёжны фестываль­конкурс “Медыясфера­2022” прайшоў у ГрДУ імя Янкі Купалы.

Чацвёрты раз больш як 150 крэатыўных школьнікаў, студэнтаў і навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй-спецыяльнай адукацыі з усёй рэспублікі сабраў фестываль-конкурс, які сёлета прысвечаны Году гістарычнай памяці. Яго тэма — “Мая зямля — зямля маіх бацькоў, маіх дзядоў і прадзедаў руплівых…” . 

Арганізаваны Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, фестываль праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама. На фестываль-конкурс было прадстаўлена больш як 200 работ у катэгорыях “Профі” і “Юніёры” ў шасці намінацыях: “Друкаваныя СМІ”, “Электронныя СМІ (ТБ)”, “Электронныя СМІ (радыё)”, “Фотапраект”, “Інтэрнэт-праект”, “Камунікацыйны праект”. Кампетэнтнае журы выбрала лепшыя работы.

У прывітальным адрасе міністра адукацыі Андрэя Іванца ўдзельнікам і гасцям фестывалю, які зачытала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, адзначана сімвалічнасць таго, што фестываль праводзіцца ў год, абвешчаны ў Рэспубліцы Беларусь Годам гістарычнай памяці. “Памятаць і ганарыцца велічным подзвігам савецкага народа, мужнасцю і гераізмам салдат і афіцэраў, жанчын і дзяцей — усіх тых, хто, не шкадуючы сябе, змагаўся і працаваў, набліжаючы Вялікую Перамогу, — гэта абавязак цяперашніх і будучых пакаленняў. Рэспубліканскі фестываль, які праводзіцца ўжо чацвёрты год, аб’яднаў творча думаючых навучэнцаў і студэнтаў, якія спрабуюць сябе ў галіне фатаграфіі, друку, у кіна- і відэамастацтве. Упэўнены, што ў аснову творчых работ удзельнікаў ляглі яркія, памятныя ўспаміны з жыцця старэйшага пакалення, звязаныя з Вялікай Айчыннай вайной, з Вялікай Перамогай, якія расказваюць аб подзвігу нашага народа. У кожнай беларускай сям’і ёсць гэтыя ўспаміны, і самае галоўнае, што цяперашняе пакаленне шануе і беражэ іх, як самае дарагое. І вашы работы вельмі кранальна і годна гэта паказалі”, — гаворыцца ў прывітальным адрасе. 

Звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, Ірына Кітурка падкрэсліла, што гэта знакавае мерапрыемства для Купалаўскага ўніверсітэта. “Медыясфера” стала яшчэ адной пляцоўкай, якая аб’ядноўвае таленавітую і крэатыўную моладзь з усёй краіны. 

Памятаць і ганарыцца велічным подзвігам савецкага народа, мужнасцю і гераізмам салдат і афіцэраў, жанчын і дзяцей — усіх тых, хто, не шкадуючы сябе, змагаўся і працаваў, набліжаючы Вялікую Перамогу, —гэта абавязак цяперашніх і будучых пакаленняў.

— Тыя традыцыі, якія закладзены за гады існавання фестывалю, з кожным годам прымнажаюцца. Гэты год — не выключэнне. Упершыню мы праводзім хакатон “Вэб. Мой свет. Мая прафесія”. Гэта новы і вельмі важны кірунак у рамках фестывалю. З гэтага года ў ГрДУ стартуе першы набор на новую, вельмі запатрабаваную спецыяльнасць “Вэб-журналістыка”, — сказала Ірына Кітурка. 

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка таксама падкрэсліў, што цікавасць таланавітай моладзі да фестывалю набывае асаблівае значэнне ў Год гістарычнай памяці. “Медыйнае поле ў сучасных умовах стала полем барацьбы за розумы людзей, за будучыню маладога пакалення. У гэтых умовах важна не заставацца абыякавымі спажыўцамі інфармацыйнага прадукту, а быць актыўнымі праваднікамі гістарычнай праўды і гордасці за сваю сям’ю, Радзіму і суайчыннікаў”, — падкрэсліў Ігар Булаўка. 

Мерапрыемствы фестывалю-конкурсу праходзілі на працягу двух дзён. Іх прыемным акордам стала цырымонія ўзнагароджання фіналістаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.