Тэрыторыя творчасці

- 15:09Выхаваўчая прастора

Вясёлыя песні, займальныя конкурсы і цікавыя майстар-класы, любімыя героі і шмат гасцей, весялосць, смех, жарты, танцы… У дзяцей не было ні хвіліны вольнага часу. А галоўнае, мабыць, сама атмасфера ўтульнага свята. Штогод у Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі адміністрацыя і педагогі ладзяць шматлікія мерапрыемствы ў рамках Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.

Завяршальным акордам правядзення тыдня дадатковай адукацыі ў Астравецкім цэнтры творчасці дзяцей і моладзі стала масавае мерапрыемства ў гарадскім скверы Open Air “Тэрыторыя творчасці”. На адкрытай пляцоўцы дзеці з бацькамі прымалі ўдзел у творчых майстэрнях, спартыўных спаборніцтвах, гульнявых праграмах, шматлікіх запальных флэшмобах, тэматычных фотасесіях, бяспройгрышных латарэях. А адметнасцю мерапрыемства стаў прагляд рэкламных ролікаў-запрашэнняў у аб’яднанні па інтарэсах, мультфільмаў у “кінатэатры” пад адкрытым небам.

Вось так пазітыўна завяршыўся Рэспубліканскі тыдзень устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Дзякуючы крэатыўнай сумеснай працы, сям’я ўстановы дадатковай адукацыі ў Астраўцы папоўніцца ў 2017/2018 навучальным годзе новымі навучэнцамі. А вучні, якія сябруюць з намі не першы год, працягнуць заняткі ў гуртках другога, трэцяга, чацвёртага года навучання. Менавіта сістэма дадатковай адукацыі дае магчымасць дзецям займацца тым, што патрабуе душа, выявіць і дапамагчы раскрыць творчы патэнцыял кожнага дзіцяці.

Ірына МІЛЕШКА,
метадыст Астравецкага ЦТДіМ.