The Drozd & Со.

- 16:26Культура

Уражанне першае:

The citizen

Адразу прызнаюся нашым чытачам: пры ўсёй любові да беларускай і рускай моў вымушаны сказаць, што ў іх няма слова citizen. А я вельмі люблю гэты англійскі назоўнік. Зусім не таму, што так называюцца брэндавыя швейцарскія гадзіннікі, на якія ў мяне ніколі не было і не будзе грошай, і не з-за якойсьці англафіліі. Проста для тых, хто не валодае англійскай мовай, патлумачу: сitizen — гэта па-англійску і гараджанін (ад слова city — горад), і грамадзянін (адсюль, напэўна, няцяжка знайсці ручайкі да слова society — грамадства). У нас такога назоўніка, які б паяднаў адразу два вельмі значныя сэнсы, няма.

The citizen. Так і хочацца прагаварыць гэтае слова ў беларускай транскрыпцыі: СІЦІЗН з націскам на першы склад. СІЦІЗН — як адрэзаў.

Баранавічы — гэта дастаткова вялікі горад. У свой час гэта быў абласны цэнтр. Зараз там пражывае каля 170 тысяч чалавек.

Сапраўдны баранавічанін — the citizen.
Адна з сакавіцкіх раніц 2016 года. Дзесь а дзясятай спускаюся са “швейцарскай электрычкі” на перон станцыі Баранавічы-Палескія. І тут жа чую званок: “Гэта вы ў чорнай куртцы і з чорна-блакітным заплечнікам — карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”?”

“Гэта я”, — адказваю. А сам пакуль яшчэ не магу зразумець, як угадаў мяне сярод сотні пасажыраў ён, прыгожы і інтэлігентны мужчына ў гадах — кіраўнік духавога аркестра Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя машынабудавання ўладальнік гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі” Анатоль Леанідавіч Дрозд.

Сустракаемся. Ідзём з ім па Баранавічах. Раз-пораз з ім вітаюцца людзі. The citizen — упершыню тады мільганула ў маёй галаве. Яго ведаюць у горадзе, яго паважаюць. Ён гараджанін і грамадзянін.

Садзімся ў аўтобус, які накіроўваецца да Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя машынабудавання. Анатоль Леанідавіч робіць невялікі гістарычны экскурс: горад Баранавічы адлік сваёй гісторыі вядзе з пачатку ХVІІ стагоддзя; за сваю гісторыю перажылі, як і многія беларускія гарады, Вялікае княства Літоўскае, Расійскую імперыю, міжваенную Польскую рэспубліку, БССР… Цікава, напрыклад, што менавіта тут, у Баранавічах, падчас Першай сусветнай вайны знаходзілася Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага расійскіх войск, і сюды на працягу 1914—1915 гадоў ажно 10 разоў наведваўся апошні расійскі цар Мікалай ІІ.

Мы праязджаем з Анатолем Леанідавічам прыпынкаў 7—8 на аўтобусе. І ў аўтобусе з ім таксама бясконца вітаюцца людзі. Гэтага чалавека ў горадзе ведаюць. І яго паважаюць.
The citizen.

Прызнанне аркестранта

Удзельнік узорнага духавога аркестра Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя машынабудавання другакурснік Аляксей Ждан: “Я не ўяўляю сваё жыццё без аркестра. У мяне бабуля спявала ў хоры, і я падыгрываў ім з дзяцінства. Калі паступіў у ліцэй, дык адразу ж пайшоў да Анатоля Леанідавіча. Мая страсць — гітара і фартэпіяна. Ну і, безумоўна, барабаны… Я вучуся тут на аўтаслесара, але думаю, што звяжу сваё жыццё не з аўто, а з музыкай. У ліцэі мяне вельмі паважаюць і любяць — я гэта адчуваю. Без мяне мала якое мерапрыемства тут праходзіць. Думаю, што я — правая рука, а дакладней правае крыло Дразда”.

Уражанне другое:
The manager

Пачаў ужо з англійскай лексікі для падзагалоўкаў, дык не буду здраджваць сам сабе. Тым больш што наша “дырэктар” — гэта не зусім тое, што іх manager. А ён, дырэктар Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя машынабудавання Ігар Генадзьевіч Сібіроў, сапраўды не проста дырэктар, а менеджар. Чалавек, які кіруе ўстановай адукацыі не просталінейна, не directly, а ўмела, разумна, прыгожа і… нестандартна. Апошняе слова хочацца вылучыць асабліва.

Будзем шчырымі: дырэктары ўстаноў адукацыі — людзі не заўсёды простыя. А Ігар Генадзьевіч выклікаў прыхільнасць з першых слоў. Дакладней, з убачанага мной ля ганка машынабудаўнічага станка. Гэта была задума Ігара Сібірова.

Баранавіцкі дзяржаўны ліцэй машынабудавання быў заснаваны ў 1974 годзе (тады ён называўся ПТВ № 118 металістаў і быў арганізаваны спецыяльна з мэтай падрыхтоўкі спецыялістаў для Баранавіцкага філіяла Мінскага завода аўтаматычных ліній). Сёння ў ліцэі рыхтуюць станочнікаў шырокага профілю: токараў, слесараў, фрэзероўшчыкаў, электрыкаў, зваршчыкаў, мантажнікаў. У апошнія гады, як паведаміў Ігар Генадзьевіч, дабавіліся такія новыя прафесіі, як аператар камп’ютарнай графікі, механік па рамонце вылічальнай тэхнікі і некаторыя іншыя. Сёння ў ліцэі навучаюцца 380 хлопцаў і 30 дзяўчат. Каля паловы з іх — баранавічане, астатнія — з прылеглых раёнаў.

“Вы самі разумееце, якія маладыя людзі складаюць наш кантынгент, — гаворыць Ігар Генадзьевіч. — У школах яны былі напаўізгоямі. Але яны прыходзяць да нас і пачынаюць тут жыць, нібыта з чыстага ліста. З першага ж верасня мы стараемся іх прыцягнуць да нейкай творчай дзейнасці. У вераснёўскай кампаніі “Алё, мы шукаем таленты!” удзельнічаюць усе без выключэння. Амаль ніхто з іх да гэтага ніколі не выходзіў на сцэну. Яны хвалююцца, яны дрыжаць як асінавы ліст. Але яны выходзяць на сцэну і пачынаюць спяваць, дэкламаваць вершы… І яны перастаюць адчуваць сябе страчанымі. Яны разумеюць, што некаму патрэбны”.

“Вы ж разумееце, — працягвае Ігар Генадзьевіч, — за гады жыцця да навучання ў ліцэі яны ўжо атрымалі пэўную ступень выхаванасці. І іх цяжка перавыхаваць. Мы іх тут карэкціруем, а гэта складана. Шукаем розныя сродкі і спосабы. У нас ёсць гурткі прафесійна-вытворчага кірунку, спартыўныя секцыі (хлопцы маюць выдатную магчымасць падкачацца), студыі дэкаратыўнай творчасці. Ну і галоўнае — гэта наш духавы аркестр. Мне нават цяжка патлумачыць гэты феномен — зрабіць духавы аркестр у “хабзе”. У сістэме прафесійнай адукацыі ёсць толькі два такія прэцэдэнты — у Паставах і ў нас. У нас Анатоль Леанідавіч зрабіў гэта!”

Але адкуль з’явіўся гэты манументальны станок каля ліцэйскай брамы, адкуль з’явіліся гэтыя дзеці, якія, не ведаючы, што ты госць з мінскай газеты, ветліва вітаюцца з табой на першым жа кроку?
Адтуль.

Ігар Сібіроў прызнаецца: “Вы ведаеце, можа, нават першая наша задача — выхаваць не слесара-тэхнара, а чалавека, грамадзяніна, сем’яніна… Вось празвінеў званок. Хлопцы пайшлі паабедалі. А потым у іх ёсць вольных 10—15 хвілін. Дык яны ідуць не ў курылку, а да Анатоля Леанідавіча ў актавую залу. І іграюць. Гэта многага каштуе. Фанфары — другасная справа”.

Звініць тэлефон, і Ігар Генадзьевіч хапаецца за трубку. А я тым часам падыходжу да яго намесніка па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вольгі Уладзіміраўны Навумчык, якая кажа: “Я нават не ведаю, што б мы рабілі без яго — Ігара Генадзьевіча. Уся гэтая крэатыўнасць у нашай навучальнай установе — ад яго. Ён жа ў нас і вершы піша, і крыжыкам вышывае, і танцуе…”

Дачакаўшыся, пакуль Ігар Генадзьевіч закончыць размову па тэлефоне, прашу яго расказаць яшчэ што-небудзь незвычайнае з культурнага жыцця ліцэя. Ён па-змоўніцку кажа мне: “А хадземце, самі пагледзіце”.

Спускаемся на першы паверх у сталовую. Там абедаюць ліцэісты.
Пад музыку Пятра Ільіча Чайкоўскага.
The manager.

Каментарый з Брэста
Дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Таццяна Валявач: “Анатоль Леанідавіч Дрозд вельмі таленавіты чалавек. Чалавек сваёй справы. А яшчэ вельмі неардынарны чалавек менавіта ў сваім падыходзе да навучэнцаў установы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Дзеці ж да яго прыходзяць вельмі розныя. Вельмі часта яны элементарна асвойваюць у яго музычную грамату. А прафесіяналізм Анатоля Леанідавіча, я лічу, заключаецца найперш у тым, што вось ужо 20 гадоў, нягледзячы на ўсе цяжкасці, ён усё ж захоўвае аркестр. І, больш за тое, з кожным годам удасканальвае яго якасць. Сённяшні свет вельмі багаты на розныя музычныя кірункі. А тут — духавы аркестр. Духавы аркестр — у ліцэі машынабудавання! Мне здаецца, гэта цудоўна, што дзеці ў ліцэі захоплены не папсой, не хэві-металам, а духавой — узвышанай, інтэлігентнай — музыкай. І напрыканцы яшчэ адзін маленькі момант. Пачысціць трубу — гэта таксама своеасаблівае выхаванне эстэтычнага густу”.

Уражанне трэцяе:
The person

Шчыра кажучы, слова “персона” мне падабаецца больш, чым “асоба” і “личность”. Больш, чым “асоба”, таму што не адсылае да нечага асаблівага, вылучанага з вялікага. Больш, чым “личность”, бо адмаўляе ўсялякія рэлігійныя канатацыі, звязаныя са словам “лик”.
Дык вось, персона. Давайце прыслухаемся да яго, Анатоля Леанідавіча Дразда.

“Мы жылі непадалёк Палескага вакзала — я і Мікалай Лабко, які значна пазней, у канцы 80-х, стане мэрам Баранавіч. Ён займаўся на трубе. Неяк ён мне і прапанаваў: “Анатоль, хадзем у клуб чыгуначнікаў… Так у 13 гадоў я і навучыўся іграць на трубе, балалайцы, ударных”.

“А потым, пасля заканчэння 8 класаў, мама мне дала 3 савецкія рублі, каб я паехаў у Брэсцкае музычнае вучылішча. Я паехаў — і паступіў. На ўдарныя інструменты. Конкурс быў 4 чалавекі на месца. Тады ўзялі Сашу Дзямешку (гэта першы барабаншчык “Песняроў”, 10 гадоў назад памёр) і мяне”.

“Я родам з Карэліч. А маё каханне — з Масквы. У 18 гадоў я да бяспамяцтва ў яе закахаўся, з-за яе нават перавёўся з Брэсцкага музычнага вучылішча ў маскоўскае”.

“Вясной 1975 года мяне запрасілі ў вельмі цікавы вакальна-інструментальны ансамбль Белгародскай філармоніі, а ў ліпені ў Маскве, у тэатры эстрады, мы паказвалі сваю праграму камісіі Міністэрства культуры СССР. На праглядзе прысутнічала Валянціна Талкунова. Мы ёй спадабаліся. Дамовіліся працаваць разам. Канцэрты запланавалі на 4 жнівеньскія дні, па два ў дзень. Ажыятаж быў неймаверны. Уявіце: Палац прафсаюзаў, зала на 1200 месцаў, а людзі бясконца падыходзяць да касы: “Ці няма лішняга білета?” Наш ВІА працаваў у першым аддзяленні, а ў другім, быццам пава, выплывала на сцэну Валечка-Валюша, як называлі Талкунову яе прыхільнікі. Дарэчы, яна ніколі не спявала пад фанаграму. А акампаніраваў ёй піяніст-віртуоз Давід Ашкеназі. Гэта было само зачараванне — Валянціна Талкунова”.

“А праз два гады мяне запрасілі ў Горкаўскую філармонію, у эстрадны ансамбль “Хохлома” ў якасці артыста-музыканта і канферансье. А яшчэ праз два гады мне пашчасціла там жа сустрэцца з Валерыем Лявонцьевым. Колькі было з ім канцэртаў, колькі было эмоцый… І якія людзі былі тады з намі: Яўгеній Лявонаў, Яўгеній Маргуноў, Спартак Мішулін, Наталля Фацеева, Георгій Віцын, Андрэй Міронаў, Уладзімір Вінакур, Леў Лешчанка, Ларыса Галубкіна, Генадзій Хазанаў і іншыя зоркі. А самая яркая з іх — гэта, безумоўна, Клаўдзія Іванаўна Шульжэнка. Памятаю, у Данецку яна на біс спявала некалькі разоў “Синий платочек” і “Давай закурим!”. А потым мы стаім з Лявонцьевым на бегавой дарожцы, рыхтуемся да свайго выхаду, і тут Эдуард Смольны, вядомы маскоўскі арганізатар, раптам прадстаўляе мяне Шульжэнка: “Клаўдзія Іванаўна, звярніце ўвагу на гэтага маладога чалавека. Вось гэты малады спявак — будучая зорка савецкай эстрады!”

“Лета 1982 года… Вялікай групай артыстаў Масквы ляцім на “ІЛ-62” у Хабараўск — на святкаванне 50-годдзя Камсамольска-на-Амуры. Побач сядзяць і весела шчабечуць адна з адной Ала Барысаўна і Софія Міхайлаўна… Ну, безумоўна ж, Пугачова і Ратару. Па-мойму, больш такога ніколі ў іх жыцці не было. А перада мной у крэсле — “Шарапаў”, Уладзімір Конкін. І раптам камандзір экіпажа выходзіць у салон і запрашае Конкіна да сябе ў кабіну. Мы ўсе пачалі развітвацца з жыццём… А не… Шчасліва прызямліліся і шчасліва выступілі ў Хабараўску”.

“1984 год… Працуючы адміністратарам Маскоўскай абласной філармоніі, два тыдні вазіў групу артыстаў на чале з папулярным спеваком і кампазітарам Яўгеніем Мартынавым. І тут раптам захварэў гукарэжысёр. Жэня кажа мне: “Цяпер ты будзеш гукарэжысёрам!” Я спужаўся адразу, гэта ж не жартачкі — агучваць такога мэтра… Але ён угаварыў. І ўсё атрымалася выдатна. Жэні даўно ўжо няма. Але да гэтага часу ў мяне ў вушах, дакладней, у душы яго “Лебединая верность”, “Яблони в цвету”… А перад вачыма — яго добрая ўсмешка і ямачка на падбародку”.

“Многія мяне называюць Лявонцьевічам. Гэта памылка пісара. Ніякі я не Лявонцьевіч, а Леанідавіч. Але я не крыўджуся, калі мяне называюць Анатолем Лявонцьевічам. Нават неяк зручней вымаўляецца”.
The person.

Уражанне чацвёртае:

The orchestra

Духавы аркестр — ён, як кажуць, і ў Афрыцы духавы аркестр. А ва ўстанове прафесійна-тэхнічнай адукацыі духавы аркестр удвая духавы, удвая аркестр.

Калі Анатоль Леанідавіч Дрозд расказвае пра свой аркестр, ты чуеш, як радуецца і баліць яго душа.
Ён узначальвае калектыў з 1996 года. На сённяшні дзень гэта 21 юны чалавек. Кожны — на вагу золата.

Яго боль: “Сёлета ў ліцэй прыйшлі вучыцца тры хлопцы з музычнай школай за плячыма, і іх вельмі цяжка было завабіць у аркестр. Кожны раз станавіцца на калені перад імі… Прасіў-прасіў. Як мог, прасіў. Самі разумееце…”

Яго боль: “Калі 20 гадоў назад толькі ў нашай сістэме прафтэхадукацыі Баранавіч было 5 духавых аркестраў, то цяпер у Брэсцкай вобласці мы толькі адны. А ў краіне — мы і ў Паставах. Толькі 2 на ўсю краіну”.

Яго боль: “Смартфоны, планшэты і ўсе астатнія гаджэты. Прыслухайцеся: гаджэты — га-джэ-ты… Гэта ўсё забівае. Забівае душу. Забівае натуральныя чалавечыя звычаі. Проста ідзе дэградацыя розумаў і жаданняў. А музыка не ведае ўмоўнага ладу, маўляў, прыйшоў, націснуў на кнопку — і на табе, усё. Музыка — гэта праца, праца і яшчэ раз праца”.

Яго радасць: “У мяне ёсць барабаншчык. Ён ходзіць займацца да нейкага прыватніка на фартэпіяна — мама плаціць 100 тысяч за заняткі. А да мяне ходзіць проста так”.

Яго радасць: “У нас на сёння 2 кларнеты, 2 карнеты, труба, тэнар, два басы, два саксафоны, рытм-гітара і бас-гітара, некалькі барабаншчыкаў”.

Яго радасць: “Аднаму з маіх хлопцаў бацькі купілі саксафон за паўтары тысячы еўра…”
Яго радасць: “Што мяне трымае тут? Я ў чараўнікі пайшоў бы — хай мяне навучаць… Але я насамрэч люблю гэтую справу, люблю гэты аркестр, люблю гэты ліцэй, люблю гэтых хлопцаў. Я прырос да іх. Жонка нават часам кажа: “Дрозд, ды не лезь ты ў бутэльку! Усе ведаюць, што ты ганарлівы. Але ж ведаюць і тое, што ты не можаш без ліцэя”.

Яго радасць: “Вы пытаецеся ў мяне пра методыку? Гэта вось тут (паказвае на галаву) і вось тут (паказвае на сэрца). Але, можа быць, самае першае правіла, якое ведаю па сабе: калі ты 3 тыдні не пайграў, потым цэлы тыдзень будзеш узнаўляць мышачную памяць. Я сваім хлопцам іншы раз кажу: “Вось паглядзіце на Шварцэнэгера, на “качка” свайго любімага. Па 10 гадзін жалеза цягаў. А выбралі губернатарам Каліфорніі, сеў у свой губернатарскі кабінет — і ўсё, адразу тлушчам заплыў”. Гэта ж толькі здаецца, што губы проста губы. А для трубача губы — гэта ўсё. Пайграў 5 хвілін — і губныя мышцы, калі ў цябе няма трэніроўкі, зводзіць. Ты проста не можаш тады іграць на трубе. Таму ты павінен штодня дзьмуць”.

Яго радасць: “Мне сёння 67. З іх практычна паўвека на сцэне. А кожны раз, як выходжу на сцэну са сваімі хлопцамі, мандраж хапае. Вось і ўся методыка”.
Яго радасць: “Ёсць тыя, якім дадзена. А ёсць тыя, якім не дадзена. Ёсць у мяне такі Давід Гарачаў. Паступіў сёлета на 1 курс. Самавучка. Але як жа ён любіць гітару! Фанатычна ў яе закаханы. Як Рамэа ў Джульету”.
The orchestra.

Уражанне пятае:
The Лёс.

А вось тут я раблю выключэнне з правіл. Беларускае слова “лёс” мне падабаецца больш за англійскае fate (з-за яго адцення фатальнасці, трагічнасці) і рускае “судьба” (з-за яго жаноцкасці). У нас гаворка ідзе пра мужчыну. І пра шчаслівага ў сваім лёсе мужчыну — Анатоля Леанідавіча Дразда, кіраўніка духавога аркестра Баранавіцкага дзяржаўнага ліцэя машынабудавання, уладальніка гран-пры Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”. Да таго ж слова “лёс” амаль рыфмуецца са словам “дрозд”.

Дрозд — птушка пеўчая. І духавы аркестр з ліцэя Баранавіч, які ўзначальвае Анатоль Леанідавіч, таксама пеўчы.

У гэтым я яшчэ раз мог пераканацца, калі ў рамках сваёй камандзіроўкі ў Баранавічы слухаў канцэрт творчых аб’яднанняў ліцэя “Мы, маладыя, — надзея краіны”. “Мінскі вальс” і “Марына” ў выкананні аркестра былі, безумоўна, іскрынкамі, самымі яркімі момантамі таго мерапрыемства. А ўсяго ў рэпертуары аркестра — 33 творы з айчыннай і сусветнай музычнай класікі.

Вяртаўся ў Мінск са шчаслівым адчуваннем, што недзе ў Баранавічах ёсць такі ліцэй, ёсць такі дырэктар, ёсць такі аркестр, ёсць такі Дрозд.
Рыфмаваў сам сабе: Дрозд — лёс…

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.
Мінск — Баранавічы — Мінск.