Тыдзень замежнай мовы — тыдзень новых магчымасцей

- 10:44Навіны рэгіёнаў

Эфектыўная арганізацыя пазакласнай работы па замежнай мове неабходна для развіцця і падтрымкі цікавасці школьнікаў да вывучэння мовы, фарміравання ў іх станоўчай матывацыі да вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, якая ў далейшым уплывае на работу навучэнцаў на ўроках: павышаецца ўпэўненасць ва ўменні карыстацца замежнай мовай як сродкам зносін, а таксама жаданне ўдасканальваць узровень валодання ёй.

Сярод форм арганізацыі пазакласнай работы ў школе асабліва вылучаецца Тыдзень замежнай мовы, паколькі, па-першае, такая форма з’яўляецца масавай і прадугледжвае ўдзел у ёй вялікай колькасці навучэнцаў, па-другое, змяшчае ў сабе комплекс розных па сэнсе і тэматыцы мерапрыемстваў, накіраваных на далучэнне навучэнцаў да рэалій той краіны, мову якой яны вывучаюць.

Ва ўстановах адукацыі Нясвіжскага раёна традыцыйным стала правядзенне раённага Тыдня замежнай мовы: на працягу шасці дзён навучэнцы ўсіх школ прымаюць удзел у раённых і школьных мерапрыемствах.

За апошнія гады былі праведзены такія мерапрыемствы, як конкурс тэатралізаваных пастановак на англійскай і нямецкай мовах “Калядная казка”, конкурс чытальнікаў твораў замежных аўтараў “У свеце мастацкага слова”, конкурс інсцэніраванай казкі на замежнай мове “У некаторым царстве…”, музычны конкурс выканаўцаў эстраднай песні на замежнай мове “Еўрабачанне” для кожнага”.

У бягучым навучальным годзе ў рамках Тыдня замежнай мовы прайшлі тры масавыя раённыя мерапрыемствы. Навучэнцы 8—9 класаў, якія вывучаюць нямецкую мову, прынялі ўдзел у каманднай інтэлектуальнай гульні Alles um Deutschland, якая складалася з трох тэматычных блокаў. У блоку “Медыягульня” да кожнай літары нямецкага алфавіта былі падабраны ілюстрацыі, звязаныя з Германіяй і нямецкай мовай. Карцінкі дэманстраваліся з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі. Навучэнцам неабходна было здагадацца, якое нямецкае слова адпавядае кожнаму малюнку, і запісаць яго ў бланк адказаў. У блоку “Свая гульня” ўдзельнікам былі прапанаваны 12 тэматычных раздзелаў (“Сталіцы”, “Школа”, “Аўтамабілі”, “Музыканты” і інш.), кожны з якіх змяшчаў пяць пытанняў рознай ступені складанасці. Адказаўшы правільна, навучэнцы атрымлівалі адпаведны бал, за памылковы адказ бал аднімаўся ад агульнага бала каманды. У блоку “У свеце нямецкай лексікі” былі пытанні, з дапамогай якіх правяраўся ўзровень валодання лексічным матэрыялам па тэмах школьнай праграмы.

Каманды, якія па выніках выканання заданняў трох тэматычных блокаў атрымалі самыя высокія балы, былі ўзнагароджаны дыпломамі І, ІІ, і ІІІ ступеней аддзела адукацыі, спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама. Дыпломы атрымалі і пераможцы кожнага тэматычнага блока.

У распрацоўцы заданняў інтэлектуальнай гульні прымалі ўдзел настаўнікі нямецкай мовы, чые навучэнцы не ўдзельнічалі ў гульні: У.М.Катчанка з Нясвіжскай гімназіі, В.У.Мацаль, якая працуе ў сярэдняй школе № 1 Нясвіжа.

Навучэнцы, якія вывучаюць англійскую мову, прынялі ўдзел у раённым конкурсе эстраднай песні на англійскай мове Top-school, арганізаваным на базе рэсурснага цэнтра па замежных мовах Нясвіжскай гімназіі, кіраўніком якога з’яўляецца М.В.Памазкова, настаўніца англійскай мовы. Музычныя творы на замежнай мове прагучалі ў выкананні 20 вучняў з 10 устаноў адукацыі. Ацэньваючы выступленні канкурсантаў, члены журы ўлічвалі іх вакальныя здольнасці, якасць выканання песні, арыгінальнасць пастаноўкі нумара, правільнасць вымаўлення, а таксама артыстызм. Пераможцы вызначаліся ў трох узроставых катэгорыях: навучэнцы 3—5, 6—8 і 9—11 класаў. Лепшымі былі прызнаны выступленні навучэнцаў Нясвіжскай гімназіі, сярэдняй школы № 1 Нясвіжа, Грыцкавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы, сярэдняй школы № 2 Гарадзеі.

Ужо другі год вучэбна-метадычным кабінетам для правядзення раённага Тыдня замежнай мовы выкарыстоўваюцца магчымасці Google-дыска. З дапамогай Google-форм была складзена дыстанцыйная віктарына “Інтэлектуальны Ла-Манш” па нямецкай і англійскай мовах для вучняў 7 класа. У дзень яе правядзення ўстановы адукацыі атрымалі спасылку на заданні, на выкананне якіх адводзілася адна гадзіна. У віктарыне прынялі ўдзел 27 вучняў, якія вывучаюць нямецкую мову, і 47 вучняў, якія вывучаюць англійскую мову. Пераможцы былі ўзнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.

У рамках Тыдня замежнай мовы ў кожнай установе адукацыі настаўнікамі быў праведзены шэраг школьных мерапрыемстваў: конкурс на лепшую насценгазету “Гэта цікава”, прысвечаную асаблівым фактам з гісторыі краін, мову якіх вучні вывучаюць у якасці замежнай, конкурс рэкламных ролікаў “Вывучайце англійскую (нямецкую) мову!”, конкурс чытальнікаў твораў на замежнай мове, конкурс для вучняў 3—4 класаў “Чый сшытак лепшы?”, а таксама гульні, віктарыны, прагляд відэафільмаў на замежнай мове. Правядзенне мерапрыемстваў і вынікі тыдня асвятляліся на сайтах устаноў адукацыі, а таксама на сайце аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Тыдзень замежнай мовы — адзін з найважнейшых сродкаў павышэння матывацыі навучэнцаў, які дапамагае развіваць творчыя здольнасці, ствараць камунікатыўнае асяроддзе. Мерапрыемствы тыдня даюць унікальную магчымасць паказаць школьнікам практычнае прымяненне і ролю замежнай мовы ў жыцці сучаснага чалавека.

Настасся ГУРКО,
метадыст ВМК аддзела адукацыі,
спорту і турызму Нясвіжскага райвыканкама.