Традыцыі і інавацыі ў школьных музеях

- 10:22Навіны рэгіёнаў

Школьныя музеі — гэта храм, дзе беражліва захоўваецца гісторыя, каб стаць трывалым падмуркам для выхавання дзяцей. З іх невычарпальнымі багаццямі можна пазнаёміцца на абласным форуме “Школьныя музеі Міншчыны: традыцыі і інавацыі”. Форум другі раз сабраў усіх зацікаўленых.

Абласны форум, прысвечаны школьным музеям, праводзіўся ў горадзе-музеі Нясвіжы. Кіраўнікі народных музеяў, якія дзейнічаюць ва ўстановах   адукацыі, сабраліся ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа. Форум стаў цудоўнай пляцоўкай для знаёмства з патэнцыялам розных школьных музеяў і вопытам яго выкарыстання.

Свой вопыт работы прадставілі су­працоўнікі Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа — яны падрыхтавалі майстар-клас па музейнай педагогіцы, выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій у краязнаўчай рабоце, правядзенні этнаанімацыйных паходаў. Таксама ўдзельнікаў мерапрыемства пазнаёмілі з музеем, прысвечаным гі­сторыі каледжа і развіццю педагагічнай адукацыі на Міншчыне. 

На форуме былі прадстаўлены 20 музеяў устаноў адукацыі, якія маюць званне “народны”. Свой вопыт работы іх кіраўнікі прэзентавалі ў чатырох намінацыях, у кожнай з іх вызначаліся пераможцы.

У намінацыі “Стэндавая абарона “Малая радзіма вялікіх людзей” былі прадстаўлены стэндавыя выставы, падрыхтаваныя ў рамках праекта “Малая радзіма вялікіх людзей”. Мабільныя стэнды, створаныя ў розных установах адукацыі, расказваюць аб іх знакамітых выпу­скніках. Лідарам у намінацыі стала Марына Станіславаўна Маслоўская, кіраўнік музея сярэдняй школы № 4 Жодзіна.

Цікавыя работы былі прадстаўлены ў намінацыі “Віртуальны музей”. Лепшай работай прызнаны музей маладзечанскай сярэдняй школы №14 пад кіраўніцтвам Ігара Ігнатавіча Арабея. Музей памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў дзейнічае ва ўстанове каля 15 гадоў. Музейны фонд выкарыстоўваецца для навукова-даследчай работы, гістарычных дыскусій, навуковых канферэнцый. Пазнаёміцца з музеем можна з дапамогай 8 віртуальных экскурсій.

У намінацыі “За вернасць прафесіі” перамагла Тамара Аляксандраўна Холіна, якая ўжо шмат гадоў з’яўляецца кіраўніком Музея баявой славы 125 гвардзейскага Барысаўскага бамбардзіровачнага авіяпалка. Музей створаны і працуе ў сярэдняй школе № 17 Барысава.

1-е месца ў намінацыі “Экскурсійны маршрут па малой радзіме” па­дзялілі Марыя Мікалаеўна Леўкавец, кіраўнік музея Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна, і Алена Валянцінаўна Свірыдава, кіраўнік музея Мар’інагорскага дзяржаўнага ордэна “Знак Пашаны” аграрна-тэхнічнага каледжа імя У.Е.Лабанка. У Міханавіцкай сярэдняй школе дзейнічае гісторыка-краязнаўчы музей. Маршрут, прадстаўлены на форуме,  прысвечаны 85-годдзю Мінскага раёна і называецца “Гісторыя, якая расказана храмам. Вяртанне да духоўнай пераемнасці пакаленняў”. Гэта архітэктурна-гістарычная экскурсія, падчас якой кожны храм расказвае гісторыю таго месца, дзе ён стаіць, і гісторыю тых людзей, якія тут маліліся.

Экспазіцыя музея Мар’інагорскага каледжа адлюстроўвае шматгадовую гісторыю станаўлення і развіцця ўста­новы адукацыі, якая, дарэчы, з’яўляецца старэйшай установай сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў нашай краіне. Маршрут, прадстаўлены на форуме, мае назву “У сэрцы Беларусі”, бо ўстанова знаходзіцца ўсяго за два кіламетры ад геаграфічнага цэнтра нашай краіны. Кожны з аб’ектаў экскурсійнага маршруту звязаны з імёнамі людзей, якія паўплывалі на гісторыю станаўлення і развіцця ўстановы адукацыі.

Ад форуму ў яго ўдзельнікаў засталіся самыя станоўчыя ўражанні і новыя веды.

— Форум — гэта магчымасць знаёмства з калегамі-аднадумцамі, новымі кірункамі і формамі работы, — дзеліцца думкамі Алена Валянцінаўна Свірыдава. — А яшчэ гэта кожны раз новае знаёмства з родным краем, таму што школьныя музеі не перастаюць знаходзіць нешта новае і цікавае.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.