Напярэдадні Дня бібліятэк Беларусі ў Нацыянальным прэс-цэнтры абмеркавалі развіццё айчыннай бібліятэчнай справы. Беларускія бібліятэкі на працягу апошніх гадоў праходзяць няпросты шлях трансфармацыі ў сувязі са зменамі інфармацыйнай прасторы, тэхналагічнымі і тэхнічнымі пераўтварэннямі. Сёння ў нашай краіне дзейнічае звыш 7 тысяч бібліятэк, а іх фонд налічвае каля 180 млн фізічных дакументаў.
“На сёння бібліятэчная галіна Беларусі склалася. Рэформы, што працягваліся ад 90-х гадоў і да сённяшняга часу, прыйшлі да пэўнага фарміравання бібліятэчнай сістэмы ў нашай краіне, — падкрэсліў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша. — Як вядома, ужо больш за 5 гадоў дзейнічае Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб культуры, які рэгламентуе дзейнасць бібліятэк. І ў адпаведнасці з ім сфарміравалася пэўная структура, якая не толькі дэ-юре, а і дэ-факта на працягу апошніх гадоў праходзіла адпаведную трансфармацыю. Зараз гэтыя даволі складаныя працэсы аптымізацыі скончыліся, і мы маем пэўную, хоць і складаную, сістэму бібліятэк”.
У нашай краіне дзейнічае 7200 бібліятэк, сярод іх публічныя і спецыяльныя. Узначальвае бібліятэчную сетку Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але функцыянуюць і каардынацыйныя метадычныя цэнтры для розных тыпаў бібліятэк. Прычым сёння бібліятэкі прысутнічаюць фактычна ва ўсіх ведамствах дзяржаўнага кіравання краіны. “На пачатак гэтага года ў сістэме Міністэрства культуры налічвалася 2524 бібліятэкі. Фонд Нацыянальнай бібліятэкі складаецца са звыш 10 млн дакументаў — а гэта значыць, іх у нас сёння больш, чым жыхароў Беларусі, — патлумачыў А.Суша. — Увогуле, бібліятэкі паміж сабой сябруюць, кантактуюць і плённа ўзаемадзейнічаюць. У прыватнасці, на працягу амаль сямі гадоў праходзіў эксперымент па аб’яднанні бібліятэк у сельскай мясцовасці”.
Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, фіксуюцца новыя тэндэнцыі ў развіцці бібліятэчнай справы і пашыраюцца сацыякультурныя паслугі, адна з якіх — пераход у віртуальную прастору. “На прыкладзе Нацыянальнай бібліятэкі адзначаецца, што яе чытачы працягваюць прыходзіць ва ўстанову. Аднак штогод расце колькасць віртуальных наведванняў — на сёння гэта больш за 70%. З аднаго боку, гэта азначае, што фізічна ў бібліятэкі ходзіць прыблізна тая ж колькасць людзей, як і раней, але пры гэтым у прагрэсіі расце колькасць віртуальных наведвальнікаў. А заадно і пашыраецца геаграфія: зараз нашы карыстальнікі — гэта жыхары Зімбабвэ, Куала-Лумпура, Танзаніі і іншых краін. Фактычна, увесь свет мае магчымасць далучыцца да сабраных намі інфармацыйных рэсурсаў, у сувязі з чым мы пашырылі спектр паслуг. Акрамя таго, мы рэгулярна закупляем базы даных найбуйнейшых распрацоўшчыкаў і агрэгатараў па ўсім свеце, адкрываем новыя рэсурсы ў анлайн-доступе, а таксама палепшылі сферу віртуальнага кансультавання. Для любога жадаючага стала даступнай асноўная навуковая перыёдыка, публікацыі, дысертацыі і іншыя дакументы”, — дадаў ён.
У сваю чаргу дырэктар фундаментальнай бібліятэкі БДУ Уладзімір Кулажанка нагадаў, што іх установа каардынуе дзейнасць усіх бібліятэк УВА, якія цяпер таксама пераходзяць на новыя формы работы. “Наша асноўная задача — садзейнічаць развіццю новых форм навуковай камунікацыі і інфраструктуры адкрытага доступу да дакументаў, каб бібліятэка дапамагала акадэмічнаму персаналу больш актыўна прасоўваць свае публікацыі ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, — патлумачыў ён. — Дарэчы, сёння Беларусь лідзіруе ў плане адкрытага доступу. У нас існуе 28 рэпазітарыяў адкрытага доступу і ў іх каля 380 тысяч дакументаў беларускіх універсітэтаў. Сярод рэпазітарыяў УВА электронная бібліятэка БДУ займае 3-е месца ў свеце і 1-е ў Еўропе. Наш аб’ём значны, і якасць кантэнту на даволі высокім узроўні”.
Уладзімір Кулажанка таксама расказаў, што беларуская бібліятэчная асацыяцыя з’яўляецца асноўным ідэйным натхняльнікам розных мерапрыемстваў, сярод якіх разнастайныя прэзентацыі Міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу, вядомы фестываль “Горад і кнігі”, бібліятэчны форум, а таксама яны падтрымліваюць правядзенне канферэнцый, семінараў і круглых сталоў УВА.
Алесь Суша, падводзячы вынікі, сказаў, што айчынныя бібліятэкі працягваюць праходзіць складаны, але важны працэс трансфармацыі, і наперадзе яшчэ “шмат планаў і надзей, звязаных з пошукам новых магчымасцей перадачы інфармацыі ў зручных і эфектыўных формах”. Ён упэўнены, што будучыня бібліятэк — у каардынацыі і ўзаемадзеянні паміж сабой.
Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.