Трансляцыя педагагічнага вопыту: “за” і “супраць”

- 16:06Навіны рэгіёнаў, Рознае
Ці ёсць патрэба трансліраваць педагагічны вопыт праз друкаваныя сродкі масавай інфармацыі? Што думаюць аб гэтым самі педагогі, паспрабавалі высветліць кіраўніцтва і калектыў аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама.

Абмеркаванне пытання прайшло ў пакуль што нязвыклай для нас форме дэбатаў. Дзве каманды — адмаўлення і сцвярджэння — з лепшых кіраўнікоў устаноў адукацыі абласнога цэнтра, якія, дарэчы, уваходзяць у склад Савета дырэктараў і Савета загадчыкаў, створаных пры гарадскім аддзеле, спрабавалі абгрунтаваць і даказаць свае пазіцыі “за” і “супраць”.
Што лепш: вучыцца на памылках і хадзіць па нязведаных сцежках ці ўзяць за аснову тое, што ўжо дало эфектыўны вынік? Зразумела, ніхто не забараняе рабіць новыя адкрыцці. Але ж выкарыстанне перадавога вопыту даўно даказала сваю значнасць. І справа не ў тым, што ты можаш стаць нейкай “зоркай”, таму што тваё імя перадаюць з вуснаў у вусны, называючы цябе аўтарам нейкай цікавай методыкі выкладання. Важна тое, што ты дапамог калегам, дазволіў ім скарыстаць у рабоце распрацаванае і апрабаванае табой. Да таго ж, і гэта неаднаразова гучала падчас дэбатаў, працуючы над публікацыяй для спецыялізаванага выдання, педагог займаецца самаадукацыяй, таму што ён звяртаецца да розных крыніц, гартае літаратуру і перыёдыку, аналізуе і робіць высновы.
Неабходнасць дзяліцца вопытам, здавалася б, відавочная, і тут няма падставы для спрэчкі. Але каманда адмаўлення спачатку лёгка пералічвала прычыны, спрабуючы даказаць, што ў гэтым няма сэнсу. Прыводзіліся розныя доказы: вопыт перадаць нельга, усё лепшае ўжо напісана, трэба толькі ім карыстацца, у педагога вялікая загрузка і на напісанне артыкулаў проста няма часу і г.д. Гучалі і больш грунтоўныя довады. Напрыклад, педагогам, якія трансліруюць свой вопыт праз друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, не хапае зваротнай сувязі. “Хацелася б пачуць водгукі, ведаць, ці скарыстаўся хто-небудзь гэтым матэрыялам, і наогул хацелася б пасля бачыць на старонках выдання абмеркаванне раскрытага для калег вопыту ці методыкі”, — выказваў думку прадстаўнік каманды адмаўлення.
Нават калі згадзіцца з думкай, што перадаць вопыт немагчыма, усё роўна нельга будзе адмаўляць тое, што, падзяліўшыся ім, можна камусьці даць штуршок рухацца далей. Нельга паспрачацца: вялікія педагогі В.А.Сухамлінскі, В.Ф.Шаталаў, Л.С.Выгоцкі і іншыя напісалі шмат каштоўных рэчаў, іх методыкамі сёння карыстаюцца многія. Але ж час не стаіць на месцы. За апошнія гады ў сістэме адукацыі адбылося нямала змен, час патрабаваў шукаць новыя падыходы як у адукацыйным, так і ў выхаваўчым працэсах. Такім чынам узнікла неабходнасць у новых, свежых поглядах. Няхай сабе яны грунтуюцца на даўно вядомых методыках, толькі абавязкова праз прызму сучаснасці.
Што ж датычыцца недахопу вольнага часу, то гэта наогул можна прыняць за адгаворку. У гэтым прысутных пераканаў галоўны рэдактар выдавецтва “Адукацыя і выхаванне” вядомы этнограф Іван Іванавіч Крук, які прысутнічаў на дэбатах. Ён сам як прыклад адваротнага: кіруе выдавецтвам, чытае лекцыі ва ўніверсітэце, і ў яго заўсёды знаходзіцца час пісаць кнігі і манаграфіі. На думку І.І.Крука, трэба дзяліцца вопытам і ўспрымаць гэта як момант станаўлення самога сябе, не ўлічваючы затраты часу, грашовы інтарэс ці нешта іншае.
— У сістэме адукацыі Гомеля працуе шмат творчых педагогаў, сапраўдных майстроў сваёй справы, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Г.В.Мельнікава. — Яны валодаюць высокім узроўнем педагагічнага майстэрства, іх веды, уменні і вопыт дазваляюць аказваць кансультатыўную дапамогу менш падрыхтаваным калегам. Але ёсць праблема: маючы цікавы досвед працы, педагогі вельмі пасіўна трансліруюць яго на старонках газет і часопісаў. Правядзенне дэбатаў — гэта якраз спроба разабрацца, у чым заключаецца прычына гэтай праблемы.
Як адзначыла начальнік аддзела, у абласным цэнтры больш за 8 тысяч педагогаў. Але вызначаецца толькі “залаты дзясятак” тых, якія супрацоўнічаюць са сродкамі масавай інфармацыі, дзеляцца сваімі напрацоўкамі.
Чаму такая пасіўнасць? Над гэтым трэба сур’ёзна разважаць. Няпроста вызначыць, што можа стаць дадатковым стымулам для педагога, каб ён імкнуўся друкавацца на старонках спецыялізаваных выданняў. Мяркуйце самі. Дырэктар гімназіі № 58 імя Ф.П.Гааза Гомеля В.І.Петухоў, які прадстаўляў каманду адмаўлення, паведаміў, што ў кантракце яго ўстановы адукацыі значыцца: за асвятленне педагагічнай дзейнасці гімназіі ў газеце ці часопісе педагог атрымлівае прэмію ў памеры пяці базавых велічынь. Але казаць пра тое, што настаўнікі імкнуцца пісаць артыкулы, нельга. Іншая сітуацыя ў гімназіі № 51 Гомеля. Тут не прадугледжаны ніякія грашовыя стымулы, але, па словах дырэктара А.П.Пахучага, педагогі друкуюцца як у мясцовых газетах, так і ў спецыялізаванай прэсе.
Дэбаты скончыліся. Над іх вынікамі яшчэ павінен папрацаваць экспертна-кансультатыўны савет, які быў створаны пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама. А пакуль удзельнікі дэбатаў і слухачы селі за круглы стол, каб больш прадметна пагаварыць на зададзеную тэму, выказаць заўвагі і пажаданні.
Цікава, але на самай справе аказалася, што на дэбаты сабраліся аднадумцы. Няхай сабе кожны па-свойму разважае пра тое, як і навошта трансліраваць педагагічны вопыт, але ўсе сышліся на думцы, што гэта добра — паказаць свае распрацоўкі і методыкі, якія могуць быць каштоўнай дапамогай для калег. Трэба толькі пабудаваць добрую зваротную сувязь педагог-выданне-чытач, адпрацаваць пэўныя механізмы супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі, асабіста педагогаў і прадстаўнікоў СМІ. А далей патрэбна будзе толькі зацікаўленасць і ўсведамленне таго, што, раскрываючы свой вопыт, ты робіш добрую паслугу для калег.

 

Наталля ЛУТЧАНКА.