Трапіць у арбіту навукі: як і хто?

- 13:14Навука і інавацыі

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт ужо другі год прызнаецца лепшым у падрыхтоўцы навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі. Са сцен аспірантуры БДТУ выходзяць кандыдаты тэхнічных навук, чые работы па самых актуальных запытах прамысловасці або прайшлі навуковую апрабацыю, або прыняты да ўкаранення. Пра тое, як сярод студэнтаў выбіраюць самых здольных і рыхтуюць з іх прызнаных навукоўцаў, мы пагутарылі з Алегам Барысавічам ДАРМЕШКІНЫМ, прарэктарам па навуковай рабоце БДТУ.

— Алег Барысавіч, адразу хочацца павіншаваць вас і ваш універсітэт з поспехамі на ніве падрыхтоўкі навукоўцаў і спытаць, у чым жа сакрэт такой плённай работы?
— Для кіраўніцтва нашага ўніверсітэта падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі бачыцца не меншай задачай, чым падрыхтоўка студэнтаў на першай ступені і магістрантаў. Кожны аспірант прадастаўлены не толькі навуковаму кіраўніку і загадчыку кафедры, але і кіраўніцтву ўніверсітэта. Наш рэктар Іван Міхайлавіч Жарскі пайменна можа назваць усіх аспірантаў. Ён цудоўна ведае, на якой стадыі ў дысертанта работа, якія ёсць складанасці ў рабоце, якія шансы на абарону.
Варта адзначыць, што ў краіне створана лагічная ступеньчатая сістэма адукацыі — ад падрыхтоўкі студэнтаў і магістрантаў да падрыхтоўкі аспірантаў. Таму наша задача заключаецца ў якаснай арганізацыі адукацыйнага працэсу. Так, пры рабоце са студэнтамі мы інтэгруем заняткі навукай у сам працэс навучання як у рамках навуковых дысцыплін, так і дзякуючы студэнцкай навуцы. Практыка паказвае, што паспяховыя аспіранты, якія абараняюць сваю работу і робяць гэта своечасова, — гэта людзі, якія пачыналі працаваць над тэмай яшчэ ў студэнцтве. Іх навуковыя работы таго часу лагічна пераходзілі ў магістарскія, а затым — у кандыдацкія дысертацыі.

— Каб паспяхова займацца навуковымі даследаваннямі, безумоўна, трэба быць здольным чалавекам. Алег Барысавіч, як у БДТУ выяўляюць найбольш таленавітых маладых людзей?
— Ніякай методыкі ноу-хау няма. У рабоце мы абапіраемся на нарматыўную базу, якая існуе. Напрыклад, ёсць указ прэзідэнта, згодна з якім за кожным маладым чалавекам, уключаным у спецфонд прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, куды адбіраюць найбольш таленавітых, неабходна замацаваць індывідуальнага куратара, што мы і зрабілі ў верасні, калі да нас на першы курс паступілі дыпламанты гэтага фонду. Прычым зрабілі гэта не фармальна, а прызначылі выкладчыкаў і навукоўцаў, у якіх упэўнены, што яны будуць працаваць прадметна.

— Алег Барысавіч, я так разумею, што сістэма работы з дыпламантамі спецфонду не адмяняе работы па выяўленні новых талентаў?
— Безумоўна. Кожны год ва ўніверсітэце праводзяцца алімпіяды па пэўных дысцыплінах, напрыклад, па арганічнай хіміі, матэматыцы, фізіцы. Ужо на малодшых курсах мы стараемся выявіць найбольш адораных, каб далей з імі мэтанакіравана працаваць.
Да таго ж у нас арганізавана вучэбна-даследчая работа студэнтаў. Так, адзін з дзён, звычайна на чацвёртым курсе, адводзіцца на правядзенне навуковых даследаванняў. Гэта значыць, што ўсе студэнты атрымліваюць праблемную тэму, над якой на працягу семестра ці двух працуюць. Па выніках гэтых даследаванняў мы бачым, у каго насамрэч атрымліваецца займацца навукай.
Праводзяцца і студэнцкія канферэнцыі. Слухаючы даклады, а гэта, як правіла, выступленні па выніках уласных даследаванняў, мы выбіраем найбольш здольных.

— У грамадстве склалася думка, што заняткі навукай — не вельмі грашовая справа, што перашкаджае маладым людзям рабіць выбар на карысць навуковай работы. Алег Барысавіч, як вы лічыце, што трэба рабіць, каб малады навуковец адчуў, што яго матэрыяльны тыл абаронены і ён можа прысвяціць сябе і свой лёс навуцы?
— Ведаеце, складнікаў, чаму людзі ідуць у навуку ці, наадварот, не ідуць, шмат. Сярод іх, безумоўна, і матэрыяльная зацікаўленасць Таму мы звяртаем вялікую ўвагу на фінансуемую навуку. Мы абавязкова прыцягваем і студэнтаў, і магістрантаў, і аспірантаў да выканання фінансуемых навукова-даследчых работ. Так, за мінулы год у такіх работах па дзяржаўных праграмах рознага ўзроўню ў нас узялі ўдзел каля 450 студэнтаў, з іх 250 — на ўмовах аплаты. Пры гэтым студэнты пад кіраўніцтвам выкладчыкаў, навуковых супрацоўнікаў выконвалі сапраўды сур’ёзныя даследаванні.

— Алег Барысавіч, вы сказалі пра сур’ёзныя даследаванні. Даследаванні па якіх напрамках у БДТУ лічацца прыярытэтнымі? Як наогул выбіраюцца тэмы для навуковых работ, каб іх вынікі ў далейшым аказаліся запатрабаванымі?
— Для навукі актуальныя тыя кірункі, якія актуальныя для нашай прамысловасці. Кожны год мы накіроўваем запыты на нашы базавыя прадпрыемствы. Яны прадстаўляюць нам сваю праблему, і студэнты ў рамках дыпломных праектаў прапаноўваюць свае рашэнні. У склад камісій уваходзяць прадстаўнікі прадпрыемстваў, што дазваляе ацаніць, наколькі прапановы студэнтаў рэальныя. Так, вялікая колькасць дыпломных работ або рэкамендавана, або прынята да ўкаранення.
Звяртаемся мы і да задачніка ад прамысловасці. У ім пералічаны канкрэтныя прадпрыемствы з іх навукова-тэхнічнымі праблемамі, так званымі вузкімі месцамі. Наогул, у нас вельмі цесныя сувязі з прамысловасцю. Прывяду просты прыклад. Беларусь з’яўляецца найбуйнешым у СНД вытворцам велікагрузнай тэхнікі. Гэтую тэхніку цяжка ўявіць без добрых шын. Перад вучонымі нашага ўніверсітэта пастаўлена задача, як і перад шыннікамі, забяспечыць высокую якасць і сусветную канкурэнтаздольнасць шыннай прамысловасці. Так, згодна з пастановай урада, на базе нашага ўніверсітэта арганізавана галіновая лабараторыя шыннай прамысловасці.
Зараз мы цесна супрацоўнічаем і з прадпрыемствамі па распрацоўцы лінейкі тэхнікі для лясной гаспадаркі. Дарэчы, наведваючы “Амкадор”, прэзідэнт краіны высока ацаніў гэтую тэхніку, у распрацоўцы якой актыўны ўдзел бралі і навукоўцы нашага ўніверсітэта.
Навуковае забеспячэнне лясной галіны — таксама адзін з кірункаў нашай работы. Займаемся мы і пытаннямі рэканструкцыі дрэваапрацоўчай галіны, а таксама здзяйсняем навуковыя распрацоўкі ў папяровай галіне.
Даследаванні праводзім і ў сферы нанатэхналогій. У нас цудоўны вопыт супрацоўніцтва з Заводам горнага воску. На яго базе з нашай дапамогай рэалізавана ўнікальная тэхналогія атрымання нанавалокнаў. Напрыклад, зараз працуем над атрыманнем нятканых матэрыялаў на аснове структураваных валокнаў самага рознага прымянення.
Актыўна займаемся вадкімі крышталямі, анізапропнымі матэрыяламі. Спектр інтарэсаў самы шырокі, працягваць можна бясконца.

— Алег Барысавіч, для таго каб паспяваць за патрэбамі прамысловасці ў пэўнай галіне, неабходна добрая практычная падрыхтоўка. Дзе вашы студэнты, магістранты і аспіранты могуць яе атрымаць?
— Ва ўніверсітэце працуе 28 навукова-даследчых спецыялізаваных, ці інакш галіновых, лабараторый і больш за 30 філіялаў кафедраў на вядучых прадпрыемствах краіны. Філіялы кафедраў — гэта паўнацэнныя вучэбныя структурныя адзінкі са сваёй праграмай, вучэбнымі планамі, кіраўнікамі ад прадпрыемстваў. Так, у 2014 годзе арганізаваны філіял на базе “Гродна Азот”, хоць гэтае прадпрыемства было нашым базавым яшчэ з 60-х гг. Некалькі дзесяцігоддзяў дзейнічае філіял на “Кераміне”. Ёсць тут і вучэбныя лабараторыі. Так што навуковыя даследаванні, якія праводзяцца ва ўніверсітэце як аспірантамі, так і магістрантамі і нават студэнтамі, не адарваны ад прамысловасці. Іх вынаходствы ўкараняюцца на прадпрыемствах, чым прыносяць рэальную карысць краіне.

— Алег Барысавіч, вялікі дзякуй, што знайшлі час і згадзіліся пагутарыць. Поспехаў вам і ўніверсітэту!

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.