“Трэнер, будзем вяршыць гісторыю!”

- 11:45Спартыўныя падзеі

Студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Вольга Камарова ўпершыню ў гісторыі суверэннай Беларусі заваявала званне чэмпіёнкі свету па рукапашным баі ў вагавай катэгорыі да 70 кг на турніры, які днямі прайшоў у Маскве. Да гэтага падобнага тытула не было ні ў нашых мужчын, ні ў жанчын.

Адразу пасля першага бою беларуска прымусіла гаварыць пра сябе. Расійскія спецыялісты называлі яе не інакш, як “сенсацыяй чэмпіянату”.

— Жараб’ёўка давяла мяне літаральна да слёз, бо першы паядынак выпаў з вельмі вядомай спартсменкай, — адзначыла В.Камарова. — Алена Гаравая — заслужаны майстар спорту Расіі, двухразовая чэмпіёнка свету, трохразовая чэмпіёнка Еўропы і дзевяціразовая чэмпіёнка Расіі. Акрамя таго, яна вышэйшая за мяне практычна на галаву, што ўскладняла работу на пляцоўцы. Не хацелася з’язджаць з Масквы, так і не ўступіўшы ў гульню. Я настроілася на перамогу. Паядынак выйграла з яўнай перавагай, справіўшыся з расіянкай за чатыры хвіліны.

У паўфінале Вольга Камарова сустрэлася са спартсменкай з Казахстана Меруерт Ткебаевай. Балявы прыём, праведзены беларускай, дазволіў ёй выйсці ў фінал.

Саперніцай у выніковым паядынку стала прадстаўніца Канады Кэці Дэніз Браент, якая ўступіла перамогу нашай спартсменцы на пятай хвіліне бою.

— У мяне вельмі змешаныя пачуцці, не да канца магу ўсвядоміць тое, што адбылося, — прызналася беларуска адразу пасля паядынку. — Ведала, што канадка займалася барацьбой, але ў яе не вельмі моцная ўдарная тэхніка, таму маёй асноўнай задачай было перавесці паядынак ва ўдарнае поле. А канадцы няхай у хакей гуляюць, у іх гэта лепш атрымліваецца!

Я адзіная дзяўчына ў нашай дэлегацыі ў гэтым годзе. Эмоцыі зашкальваюць! Фантастыка! Гэты шлях я прайшла разам са сваім трэнерам Андрэем Яўгенавічам Піваваравым. Натуральна, разумела, што беларусы ніколі не былі лідарамі сусветнага п’едэстала, таму яшчэ да пачатку турніру жартавала: “Трэнер, будзем вяршыць гісторыю!” На шчасце, мае словы не засталіся проста жартам. Вельмі спадзяюся, што гэтая перамога павысіць статус рукапашнага бою ў нашай краіне.

У Вольгі Камаровай двое братоў, аднак яна адзіная ў сям’і, хто займаецца спортам. Спартсменка з’яўляецца майстрам спорту па самба і дзюдо, майстрам спорту па рукапашным баі, супрацоўніцай Універсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі. Адзначым, што ў 2015-м В.Камарова ўжо прымала ўд зел у дэбютным для яе чэмпіянаце свету, дзе заваявала сярэбраны медаль.

Бронзавыя медалі чэмпіянату свету па рукапашным баі прывезлі з Масквы Дзяніс Магер, Юрый Грыгаран, Віталь Андруховіч, Дзмітрый Родак. Усяго ў актыве беларускай каманды адно “золата” і чатыры “бронзы”.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота аўтара.