“Трэнеры” для трэнераў

- 11:22Людзі адукацыі

Бесперапыннае развіццё чалавека ў яго прафесійнай сферы — адна з умоў развіцця грамадства і краіны ў цэлым. Таму вялікае значэнне маюць установы, якія дапамагаюць работнікам удасканальваць сваё прафесійнае майстэрства. Такой установай з’яўляецца Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК, які адзначае гэтымі днямі сваё 20-­годдзе. За гэты час на базе інстытута прайшлі перападрыхтоўку і павысілі кваліфікацыю больш за 50 тысяч чалавек. Дыпломы аб перападрыхтоўцы з прысваеннем адпаведнай кваліфікацыі атрымалі каля 3 тысяч чалавек. Установу ўзначальвае Міхаіл Барысавіч Юспа. Мы пагутарылі з ім, каб даведацца аб задачах і прыярытэтах на будучыню.

— Міхаіл Барысавіч, раскажыце, як наладжана работа ІППК сёння?

— Інстытут з’яўляецца вядучым навукова-метадычным, інфармацыйна-аналітычным і каардынуючым цэнтрам для работнікаў галіны фізічнай культуры, спорту і турызму. Установа ажыццяўляе дзей­насць па некалькіх кірунках, структура інстытута ўключае два факультэты і тры кафедры, а таксама падраздзяленні, якія забяспечваюць вучэбна-метадычнае, навукова-метадычнае і матэрыяльна-тэхнічнае суправа­джэнне адукацыйнага працэсу.Тэарэтычныя і практычныя заняткі право­дзяцца як у вучэбных аўдыторыях інстытута, так і на базе найбуйнейшых спартыўных збудаванняў Мінска і абласных цэнтраў, у школах вышэйшага спартыўнага майстэрства, цэнтрах алімпійскага рэзерву, установах дашкольнай, агульнай сярэдняй, вышэйшай адукацыі.

— А што датычыцца кадраў? Хто выступае ў ролі “трэнераў”  для трэнераў на занятках?

 — Мы ўдзяляем значную ўвагу кадравай палітыцы. Сёння ў штаце інстытута 16 выкладчыкаў. Гэта кваліфікаваныя, вопытныя прафесіяналы. Таксама штогод прыцягваем да работы каля 150 спецыялістаў-практыкаў, прадстаўнікоў галіны. Гэта работнікі Міністэрства спорту і турызму, кіраўнікі рэспубліканскіх федэрацый і асацыяцый па відах спорту, супрацоўнікі БДУФК і іншых УВА краіны. У аўдыторыі да слухачоў прыходзяць чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, свету і Еўропы, трэнеры нацыянальных і зборных каманд па відах спорту, напрыклад, Аляксандр Анатольевіч Раманькоў, алімпійскі чэмпіён і шматразовы чэмпіён свету, Алена Дзмітрыеўна Бялова, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка, шматразовая чэмпіёнка свету, а таксама наша “залатая рыбка”, прызёр Алімпійскіх гульняў Аляксандра Герасіменя і многія іншыя.

— Калі гаварыць пра вынікі дзейнасці, то варта адзначыць не толькі колькасныя, але і якасныя паказчыкі. Што сведчыць пра эфектыўнасць работы інстытута?

— Эфектыўнасць курсаў павышэння кваліфікацыі ацэньваецца па выніках  атэстацыі, а таксама ступені задаволенасці слухачоў вучэбнымі заняткамі. Сярэдні бал выніковай атэстацыі слухачоў у 2019 годзе склаў 8,9 па 10-бальнай шкале. Па выніках выхаднога ананімнага анкетавання ступень задаволенасці слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі арганізацыяй і якасцю адукацыйнага працэсу ў ІППК склала 89,4 працэнта. Лічу гэта добрымі вынікамі.

— Інстытут займаецца таксама перападрыхтоўкай кадраў. Раскажыце пра гэты кірунак дзейнасці.

— Перападрыхтоўка кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму ажыццяўляецца ва ўстанове па 6 акрэдытаваных спецыяльнасцях на ўзроўні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі: “Фізкультурна-аздараўленчая работа ва ўстановах адукацыі”, “Дашкольнае фізічнае выхаванне”, “Аздараўленчая фізічная культура”, “Трэнерская работа”, “Менеджмент арганізацыі фізічнай культуры і спорту”. Самай запатрабаванай сярод слухачоў з’яўляецца спецыяльнасць “Трэнерская работа” па розных відах спорту. За апошнія 5 гадоў на факультэце перападрыхтоўкі кадраў коль­касць навучэнцаў павялічылася амаль у два разы. Факультэт аператыўна рэагуе на запыты спартыўнай сферы, адкрываючы новыя кірункі. Напрыклад, у 2018 годзе былі набраны слухачы на спецыяльнасць “Трэнерская работа” па такіх відах спорту, па якіх за апошнія восем гадоў попыту на перападрыхтоўку наогул не было — гандбол, валейбол, баскетбол і бокс. Упершыню набралі  слухачоў па сучасным пяцібор’і.

— Якія новыя спецыяльнасці будуць адкрывацца ў найбліжэйшы час?

— Зараз інстытут сумесна з Міністэрствам спорту і турызму, а таксама РІВШ  працуе над адкрыццём новай спецыяльнасці перападрыхтоўкі “Спартыўная харэаграфія” на ўзроўні вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай харэаграфічнай адукацыі. Гэтая работа вельмі актуальная. Зараз у сферы фізічнай культуры і спорту працуе каля 100 спецыялістаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спартсменаў па харэаграфіі. Згодна з беларускім заканадаўствам, яны не могуць ажыццяў­ляць педагагічную дзейнасць у галіне фізічнай культуры і спорту без адпаведнай адукацыі. У хуткім часе гэтая праблема будзе вырашана. Такая ж праблема існуе і для ўрачоў, якія працуюць у галіне. Праблему інстытут вырашае сумесна з шэрагам сацыяльных партнёраў.

— У сучасных умовах неабходны новыя формы работы. Раскажыце пра перспектыўныя кірункі, новыя праекты, якім удзяляецца ўвага.

 — Упершыню ў практыцы работы нашай галіны ў мінулым годзе па ініцыятыве нашага інстытута на пасяджэнні Мінскага гарвыканкама было разгледжана пытанне аб узаемадзеянні ў галіне развіцця фізічнай культуры, спорту і турызму БДУФК, упраўлення спорту і турызму Мінгарвыканкама і прадстаўніцтва НАК на 2018 — 2022 гады. Сумесная работа дасць магчымасць істотна павысіць якасць і эфектыўнасць сістэмы падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў праз стварэнне эксперыментальных пляцовак для правядзення практыкі студэнтаў БДУФК, слухачоў ІППК на вядучых спартыўных, адукацыйных базах і базах сістэмы аховы здароўя Мінска. У перспектыве на аснове распрацаванага праекта можа быць створана ўнікальная Рэспубліканская міжгаліновая тэрытарыяльная праграма на 2020—2025 гады, у рэалізацыі якой зацікаўлены Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя, Нацыянальны алімпійскі камітэт, абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы.

Хочацца адзначыць таксама, што спецыялісты інстытута выкарыстоўваюць у рабоце перадавы замежны вопыт. За апошнія чатыры гады падрыхтавана аналітычная інфармацыя аб існуючых сістэмах павышэння кваліфікацыі трэнераў у шэрагу краін Еўрасаюза, Паўночна-Амерыканскага кантынента, Акіяніі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі, Афрыкі. Падрыхтаваны і перакладзены на рускую мову матэрыялы Міжнароднага савета трэнерскага майстэрства, Асацыяцыі міжнародных федэрацый па летніх алімпійскіх відах спорту, Еўрапейскай федэрацыі цяжкай атлетыкі, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе інстытута. Рыхтуецца да выдання кніга па матэрыялах даследаванняў у гэтай галіне для беларускіх трэнераў.

Значным дасягненнем у дзейнасці інстытута з’яўляецца распрацаваная ў бягучым годзе канцэпцыя бесперапыннай прафесійнай адукацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў фізічнай культуры, спорту і турызму. Сфарміравана праграма мерапрыемстваў па яе рэалізацыі на 2020—2025 гады. Плануецца, што паэтапна будуць прыняты неабходныя меры для арганізацыйна-кіраўніцкіх рашэнняў у галіне фізічнай культуры і спорту, якія паспрыяюць павышэнню эфектыўнасці развіцця дадатковай адукацыі дарослых.

Дар’я РЭВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
.