Трэці, абласны, этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах выявіць інтэлектуальных лідараў

- 13:04Актуально, Образование

Трэці, абласны, этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах выявіць інтэлектуальных лідараў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

 Традыцыйна ў абласных і мінскім гарадскім этапах прымаюць удзел навучэнцы 8—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі — пераможцы раённага этапу.

Алімпіядныя спаборніцтвы праходзяць па 18 вучэбных прадметах: матэматыцы, рускай і беларускай мовах і літаратурах, хіміі, фізіцы і астраноміі, працоўным навучанні, геаграфіі, гісторыі, грамадазнаўстве, біялогіі, фізічнай культуры і здароўі, замежных мовах і інфарматыцы.

Базамі для правя­дзення інтэлектуальных спаборніцтваў сталі ўстановы адукацыі рэгіянальнага і рэспубліканскага падпарадкавання. Акрамя таго, у планах забаўляльная праграма падчас перапынкаў.

Ацэньваць выкананне алімпіядных заданняў будзе журы —  спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук, выкладчыкі вядучых устаноў вышэйшай адукацыі краіны, а таксама педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы і ўсіх абласцей.

Алімпіядныя заданні былі складзены ў Рэспуб­ліканскім інстытуце кантролю ведаў. Фельд’егерская служба даставіла іх у месцы правядзення алімпіяды, а пасля яе завяршэння ўсе правераныя работы будуць адпраўлены ў інстытут кантролю ведаў у Мінск. Для захавання аб’ектыўнасці на ўсіх этапах алімпіяды настаўнікі, якія займаюцца з дзецьмі па вучэбных прадметах, не прыцягваюцца ў склад журы.

Па выніках трэцяга этапу будуць вызначаны ўдзельнікі заключнага этапу рэс­публіканскай алімпіяды. Згодна з правіламі прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі, пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды змогуць без экзаменаў стаць студэнтамі рэгіянальных універсітэтаў (або сталічных пры ўмове паступлення на педагагічныя спецыяльнасці або спецыяльнасці, запатрабаваныя эканомікай краіны). Жадаем поспехаў!

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі