Трымайце пашпарты, грамадзяне!

- 9:40Актуально, Апошнія запісы

Заўтра, 15 сакавіка, будзе адзначацца Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прымеркаваная да гэтай даты ўсебеларуская акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” стартавала ў пятніцу ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Галоўнымі героямі ўрачыстай цырымоніі ў музеі сталі 14-гадовыя беларусы з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска — выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, прадметных алімпіяд. Свае першыя пашпарты яны атрымалі з рук Наталлі Качанавай, кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Правядзенне такіх патрыятычных акцый на працягу ўжо многіх гадоў стала важным складнікам ідэалагічнай работы з моладдзю, — адзначыла Наталля Іванаўна. — Калі маладыя людзі атрымліваюць пашпарт з рук тых людзей, якія ўжо дасягнулі нечага ў жыцці, гэта мае вялікае значэнне для маладых людзей.

Уручыўшы пашпарты хлопцам і дзяўчатам, Наталля Іванаўна звярнулася да іх:

— Мы жывём у мірнай, вольнай, незалежнай краіне, дзе ёсць усе магчымасці рэалізаваць сябе — вучыцца, працаваць, займацца спортам, развіваць свае творчыя здольнасці. І гэта — вынік работы мільёнаў нашых грамадзян, якія працуюць у сельскай гаспадарцы, на прамысловых прадпрыемствах, у арганізацыях, установах, школах. Гэта і ваша праца, бо за сваё пакуль яшчэ кароткае жыццё вы паспелі многага дасягнуць у вучобе, спорце. Шмат для гэтага зрабіла і ваша сям’я, і наша дзяржава.

І вы павінны запомніць на ўсё жыццё, што вас тут любяць, і вы павінны зрабіць усё, што можаце, для далейшага росквіту нашай краіны. Сумна чуць, што наша моладзь імкнецца з’ехаць у іншыя краіны. Магу дапусціць толькі імкненне паехаць павучыцца нечаму новаму і вярнуцца для таго, каб знайсці і рэалізаваць сябе тут. Бо хто, калі не маладое пакаленне, будзе клапаціцца аб Беларусі ў будучыні. Будзьце ж сапраўднымі беларусамі!

Агульная задача для ўсіх нас, дарослых, — лічыць Наталля Качанава, — зрабіць усё, каб сённяшняя моладзь магла ацаніць тое, што робіцца ў краіне для яе падтрымкі: “Нам сапраўды ёсць чым ганарыцца. Безумоўна, як і ў жыцці кожнай краіны, у нас бываюць пад’ёмы і спады, але моцная сям’я, моцны народ перажыве любыя нягоды. Гэта маё шчырае перакананне.

Учора акцыя “Мы — грамадзяне Беларусі!” працягнулася ў Нацыянальным алімпійскім камітэце, сёння — у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Да канца тыдня свае першыя пашпарты юнакі і дзяўчаты атрымаюць у Канстытуцыйным Судзе, Камітэце дзяржаўнага кантролю, Следчым камітэце, Цэнтральным камітэце БРСМ і ў іншых установах краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.