Раённы этап Абласнога агляду-конкурсу аматарскіх тэатраў на замежнай мове “Трыумф” сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі прайшоў на базе гімназіі № 1 Астраўца. Удзел у ім прынялі восем калектываў, у складзе якіх налічвалася амаль 90 чалавек.
Творчыя калектывы падрыхтавалі спектаклі на англійскай і нямецкай мовах па матывах вядомых казак “Папялушка”, “12 месяцаў”, “Дзяўчынка з запалкамі”, твораў замежнай літаратуры — “Пэпі Доўгаяпанчоха”, “Кентэрвільскі прывід”, “Мэры Попінс, да пабачэння”, “Залаты білет, альбо Чарлі і шакаладная фабрыка”.
Крытэрыямі ацэнкі выступленняў калектываў сталі моўная кампетэнтнасць удзельнікаў, іх выканальніцкае майстэрства і артыстызм, арыгінальнасць пастаноўкі, мастацкае афармленне і музычнае суправаджэнне, эстэтыка сцэнічнага касцюма і мастацкая цэласнасць кампазіцыі.
Лепшым спектаклем па рашэнні журы аднагалосна была прызнана пастаноўка Golden Ticket or Charlie and the Chocolate Factory тэатральнага калектыву Theatrical Mix гімназіі № 1 Астраўца. Прадстаўнікі гімназіі Тэрэса Вайшнаровіч і Ніна Свіла адзначаны як лепшыя рэжысёры. Дыпломам II ступені адзначаны тэатральны калектыў A spike of green Варнянскіх ясляў-сада — сярэдняй школы за спектакль Pippi Longstocking. Трэцяе месца заняў спектакль на нямецкай мове Mary Poppins, AufWiedersehen! у пастаноўцы тэатральнага калектыву Das Theater des jungen Zuschauers Альхоўскай сярэдняй школы. Калектыў SoldOut! сярэдняй школы № 1 Астраўца стаў пераможцам у намінацыях “Лепшая праграмка да спектакля” і “Лепшы відэаролік-прэзентацыя тэатральнага калектыву”.
Алена ГАЛУЗІНА,
метадыст Астравецкага вучэбна-метадычнага кабінета.