Доўгі рабочы дзень хлебароба ў гэтую пару. Ён прачынаецца, калі прырода толькі пачынае разганяць шэрасць рознакаляровымі пэндзлямі сонечных промняў. А заканчваецца, калі ўжо змрок лезе ў вочы і замінае працаваць. Інакш немагчыма, жніво — гарачая пара.
На полі пад Слуцкам плыве камбайн. Знешне нічым не адрозніваецца ад іншых, але экіпаж яго не зусім звычайны. У гэтыя гарачыя дні ў полі працуюць не толькі работнікі аграпрамысловага комплексу, але і педагогі. Супрацоўнікі Слуцкага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя бяруць удзел ва ўборачнай кампаніі. За рулём камбайна — Аляксандр Іванавіч Ананчук, майстар вытворчага навучання ліцэя. Памочнік камбайнера — Анатоль Мікалаевіч Маркаў, таксама майстар вытворчага навучання. Вадзіцель — Рыгор Аляксандравіч Груша, выкладчык спецдысцыплін.
Слуцкі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй шмат гадоў супрацоўнічае з філіялам “ПСГ “Наша Ніва” ААТ “Слуцкі мясакамбінат”. І ўжо больш за дзясятак гадоў кожнае лета ліцэй дапамагае свайму базаваму прадпрыемству ва ўборцы ўраджаю. На палі “Нашай Нівы” ліцэй адпраўляе паўнавартасную баявую адзінку — не толькі работнікаў, але і тэхніку: камбайн КЗС 1218 “Палессе”, грузавы аўтамабіль і спецыялістаў, якія на іх працуюць. Педагогі не толькі працуюць на камбайне і грузавіку, але і самі абслугоўваюць, рамантуюць іх. У розныя гады ва ўборцы ўраджаю таксама бралі ўдзел майстар вытворчага навучання ліцэя Віктар Міхайлавіч Буткоўскі і выкладчык спецдысцыплін Раман Васільевіч Ігнатчук. Прыклад са сваіх педагогаў бяруць і навучэнцы ліцэя, штогод і яны працуюць на палях Случчыны.
У дзень нашай сустрэчы ў “Нашай Ніве” падышлі да экватара — убралі палову збожжавых. Экіпаж педагогаў убіраў ячмень і набліжаўся да 500 тон намалочанага зерня. Штогод яны намалочваюць не менш за 1000 тон. Плануюць і сёлета папрацаваць не горш.
— Галоўнае — здароўе людзей і “здароўе” тэхнікі. Калі машыны не ламаюцца, справа ладзіцца, — расказвае, заводзячы камбайн, Аляксандр Іванавіч Ананчук. — Тым больш што ўраджайнасць сёлета добрая, працаваць — адно задавальненне.
Для Аляксандра Ананчука гэта адзінаццатае жніво. Любоў да працы на зямлі яму перадалася ад бацькі, які працаваў трактарыстам. Аляксандр Ананчук на работу ў ліцэй прыйшоў 13 гадоў назад пасля заканчэння Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа і БДАТУ. Калі трэба было пайсці працаваць у поле, згадзіўся адразу. Працаваць у рытме ўборачнай кампаніі няпроста, але Аляксандру быць за рулём камбайна падабаецца. Ён займаецца любімай справай. Верагодна, гэтым тлумачацца і яго поспехі: не раз па выніках жніва камбайнер-педагог узнагароджваўся падзякамі, граматамі, двойчы браў удзел у абласным фестывалі-кірмашы працаўнікоў сяла “Дажынкі”. У 2015 годзе атрымаў Ганаровы дыплом Мінскага аблвыканкама за добрасумленную працу і значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу Мінскай вобласці.
Усе адзінаццаць уборачных сезонаў побач з камбайнерам — надзейны памочнік і сябар Анатоль Маркаў. Аляксандр і Анатоль — землякі, абодва родам з Брэстчыны. Анатоль скончыў філіял БрДТУ, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж і Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках.
Сёлета да гэтай зладжанай каманды далучыўся Рыгор Груша і паспяхова ўліўся ў калектыў, не падводзіць старэйшых таварышаў. Для яго гэта не першы вопыт работы на зямлі, але першае жніво. Рыгор — малады спецыяліст, у ліцэі працуе год. Ён скончыў Клецкі сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, Пінскі індустрыяльна-педагагічны каледж і Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію ў Горках, атрымаў навуковую ступень магістра тэхнічных навук.
Гэтая каманда атрымлівае добры плён не толькі ў сельскагаспадарчай, але і ў педагагічнай дзейнасці. Кожнаму з іх ёсць чым ганарыцца. Аляксандр Іванавіч Ананчук заняў 3-е месца ў намінацыі “Лепшы майстар вытворчага навучання кіраванню аўтамабілем” у Рэспубліканскім конкурсе “Лепшая арганізацыя, якая здзяйсняе падрыхтоўку вадзіцеляў аўтамабіляў”. Рыгор Аляксандравіч Груша займаецца з навучэнцамі тэхнічнай творчасцю. Пад яго кіраўніцтвам была створана работа, якая заняла 3-е месца на рэспубліканскім этапе конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”. Анатоль Мікалаевіч Маркаў у мінулым годзе ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені абласнога агляду інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў і работнікаў устаноў адукацыі. Словам, талент і працавітасць гэтых годных мужчын праяўляюцца ў розных сферах жыцця.
Радасна працуецца камбайнеру. Глянеш уперад — а там бясконцыя прыгожыя беларускія палеткі, зірнеш убок — тут надзейны сябар і памочнік, азірнешся — ссыпаюцца ў бункер залацістыя зярняткі. Прыемна ўсведамляць, што ты робіш важную, высакародную справу. І, магчыма, гэтыя пачуцці перадаюцца ў спадчыну. Як некалі Аляксандр Ананчук натхніўся прыкладам свайго бацькі, так сёння з яго бярэ прыклад сын, які кожны дзень просіцца з татам у поле. Расце новае пакаленне хлебаробаў.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.