Тры дні разам з будучыняй

- 12:36Выхаванне

19—21 красавіка жыхары і госці сталіцы мелі ўнікальную магчымасць зазірнуць у будучыню: у Нацыянальным выставачным цэнтры “БелЭкспа” адбыўся VIII Міжнародны форум “АТАМЭКСПА-БЕЛАРУСЬ — 2016”. На маштабнае мерапрыемства з’ехаліся расійскія і беларускія вучоныя і папулярызатары навукі. Для наведвальнікаў форуму была прапанавана насычаная пазнавальная праграма.

Гасцямі форуму сталі навучэнцы, студэнты, іх бацькі, педагогі, а таксама ўсе неабыякавыя да навукі людзі. Пляцоўка форуму была падзелена на некалькі станцый, кожная з якіх была прысвечана пэўнай тэме і давала фарумчанам новыя веды. Самай папулярнай была станцыя “Крыніцы энергіі будучыні”. На ёй наведвальнікі параўноўвалі сучасныя крыніцы энергіі: ветракі, сонечныя батарэі, паўправаднікі і атамную энергію. Спецыяліст расказваў пра гісторыю стварэння кожнай з крыніц, а таксама пра іх плюсы і мінусы, было прадэманстравана, што атам — гэта бесперапынная падача энергіі, у адрозненне ад усіх іншых відаў крыніц энергіі. Цікавасць наведвальнікаў выклікаў вялізны дэманстрацыйны прыбор, які паказвае ўзровень радыеактыўных рэчываў у арганізме. Радыёметр многім дапамог зразумець, што ў кожным чалавечым целе існуе радыеактыўнасць, а яе ўзровень залежыць ад нашага ладу жыцця. На наступнай станцыі “АЭС на далоні” ўдзельнікі форуму ў рэжыме дадатковай рэальнасці маглі выпрабаваць атамную электрастанцыю на трываласць. З дапамогай мабільнага дадатку можна было даведацца, як функцыянуе сучасная АЭС, для чаго створаны яе будынкі, якія сістэмы бяспекі там існуюць і што будзе са станцыяй падчас тэхнагенных катастроф.

На пляцоўцы форуму праводзіліся і інтэлектуальныя гульні і віктарыны на тэму атама. Прыняць удзел у іх маглі ўсе жадаючыя. Папулярная гульня “Што? Дзе? Калі” сабрала ў каманды гасцей, якія не толькі паказалі ўзровень сваіх ведаў, але і пазмагаліся за прызы і сувеніры. Серыю гульняў правёў капітан каманды “Расатама” ў тэлевізійным клубе знатакоў Канстанцін Рудэр. Атрыманыя веды госці форуму маглі праверыць таксама ў “разумнай латарэі”. З гульнявога барабана трэба было выцягнуць жэтон, а пасля адказаць на пытанне пад гэтым нумарам. Тыя, хто адказваў хаця б на тры пытанні, атрымлівалі ў падарунак сувенірную прадукцыю, а хто аж на шэсць — самі выбіралі сабе прызы з прапанаваных.

Доктар фізіка-матэматычных навук намеснік дырэктара Інстытута бяспекі атамнай энергетыкі Расійскай акадэміі навук Рафаэль Аруцюцян расказаў аб самых устойлівых міфах, звязаных з атамнай энергетыкай. А слухачы лекцыі прадстаўніка паліўнай кампаніі “Расатама” “ТВЭЛ” Уладзіміра Малчанава адкрылі сакрэты сучаснага ядзернага паліва, кожная таблетка якога памерам 4,5 грама замяняе каля 300 кілаграмаў нафты.

“Мы выйшлі за межы тэмы атамнай энергетыкі, — паведаміла кіраўнік піяр-аддзела сеткі інфармацыйных цэнтраў па атамнай энергіі Наталля Губарава, — паколькі інфармацыйны цэнтр займаецца не толькі атамнай энергетыкай, але і папулярызацыяй навукі ў цэлым”. Так, лекцыю па фізіцы “Гравітацыйныя хвалі” правёў Міхаіл Пятроў, навуковы журналіст, аспірант фізічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава. Разам з малекулярным генетыкам магістрам біялагічных навук Ганнай Казловай удзельнікі форуму знайшлі для сябе адказ на актуальнае пытанне “ГМА: есці ці не есці?”. Пісьменнікі-фантасты лаўрэаты шматлікіх літаратурных прэмій Андрэй Жвалеўскі і Яўгенія Пастэрнак дапамаглі разабрацца, навошта лірычным асобам фізіка і матэматыка, як сюжэты мастацкіх твораў звязаны з фрактальнай структурай, а таксама паказалі, як ствараецца кніга, прыдумаўшы цэлую гісторыю з дапамогай залы.

У рамках “Трох дзён разам з будучыняй” у выставачным комплексе быў прэзентаваны фармат “Альтанка Францішка Скарыны: прачытаў — перакажы”. Вядомы літаратурны крытык рэдактар аддзела культуры маскоўскага часопіса “Рускі рэпарцёр” Канстанцін Мільчын правёў інтэлектуальнае ток-шоу, удзельнікі якога, беларускія вучоныя, у незвычайным фармаце пераказвалі сучасныя навукова-папулярныя кнігі замежных аўтараў. “Наша задача тут, — адзначыў Канстанцін Мільчын, — зацікавіць гледачоў навукай усімі магчымымі спосабамі, падштурхнуць іх пачытаць навуковую літаратуру, даць зразумець ім, што гэта нясумна, а вельмі займальна, а свае веды можна будзе выкарыстаць на практыцы”.

Асноўныя мэты, якія ставілі перад сабой арганізатары форуму (знаёмства шырокай аўдыторыі з магчымасцямі прымянення атамных тэхналогій у розных сферах сучаснага жыцця, прэзентацыя прафесій атамнай галіны, а таксама дэманстрацыя актуальных напрамкаў дзейнасці “Расатама”), несумненна, былі паспяхова дасягнуты.

Алеся УШАКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.