Што аб’ядноўвае педагагічныя дуэты, акрамя агульнай працоўнай дзейнасці, у чым іх прадстаўнікі бачаць сваю адметнасць, чым дапаўняюць адно аднаго — сваімі меркаваннямі з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” падзяліліся тры сямейныя пары з Браслаўшчыны.
Лепшы падарунак — шчаслівая жонка
— Выходзіла замуж за студэнта, а сярэбранае вяселле ў мінулым годзе адзначыла з вопытным педагогам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, удзельнікам раённага этапу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2020”, двойчы намінантам на званне “Лепшы па прафесіі”, — з гордасцю гаворыць намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Опсаўскай сярэдняй школы чалавек года Браслаўшчыны — 2024 Інеса Эдвардаўна Стрыновіч. — Мы звычайная сям’я. Так, крыху рэгалій ёсць, аднак мы гэтым не выхваляемся, наадварот, вельмі ўдзячны за такую высокую ацэнку нашай працы.
Пазнаёміліся яны ў Пеліканскай базавай школе, якая стала для іх першым сумесным месцам работы. Леанід Валяр’янавіч Стрыновіч — прадстаўнік педагагічнай дынастыі: мама — філолаг, тата — настаўнік працы і гісторыі. Сын пайшоў па слядах бацькі. Інеса Эдвардаўна — выпускніца Віцебскага педінстытута імя С.М.Кірава, у 1994 годзе атрымала дыплом настаўніка матэматыкі.
— Усе, хто нас ведае, здзіўляюцца, наколькі мы розныя па тэмпераменце. Муж вельмі спакойны, разважлівы, а я, наадварот, нібыта энерджайзер, нават размаўляю хутка і гучна. Аднак, як аднойчы Леанід Валяр’янавіч мне прызнаўся, менавіта такія мае якасці адразу і спадабаліся яму, — расказвае суразмоўніца.
Час і сумеснае жыццё не змянілі іх, ды яны ніколі і не імкнуліся перайначыць адно аднаго, ніколі не параўноўвалі
з іншымі. Любоў, паразуменне і ўзаемападтрымка не пустыя словы для гэтай пары. За імі стаяць учынкі.
— Увесь час чую ад мужа пытанне “Чым табе дапамагчы?”. Калі працавала настаўніцай, зрабіў мне стэнды ў класе. І зараз, калі заходзіць да мяне ў кабінет, сочыць, каб усё было ў парадку, — дзеліцца Інеса Эдвардаўна.
Яшчэ больш з’ядналі гэты дуэт дзеці. Дзве дачкі ўжо самастойныя. Старэйшая — біёлаг-аналітык, навуковы супрацоўнік РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі. Малодшая дачка атрымлівае спецыяльнасць дызайнера ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.
— Калі дзяўчынкі былі школьніцамі, раніцай усёй сям’ёй садзіліся ў аўтобус і ехалі ў школу, разбягаліся па розных паверхах, а пасля ўрокаў разам вярталіся дамоў, — з усмешкай прыгадвае Інеса Эдвардаўна. — Калі прыходзілі госці, разам гатавалі і накрывалі на стол. Цяпер спяшаемся дамоў, каб пакарміць ката — нашага прыгажуна мэйн-куна.
У Леаніда Валяр’янавіча залатыя рукі. Калі сям’я пераехала ў сваю кватэру ў вёсцы Купчэлі, што за пяць кіламетраў ад Опсы, муж і жонка разам распрацоўвалі дызайн кухні, а гаспадар цалкам узяў на сябе рамонт.
— Ён майстар разьбы па дрэве. На кухні вісіць карніз, зроблены яго рукамі, і я ні за што не змяню яго на сучасны. Рамка для іконы, шкатулкі для ўпрыгажэнняў — гэта ўсё яго работа, — падкрэслівае настаўніца.
З 2014 года яны працуюць разам у Опсаўскай школе. Жонка за час педагагічнай дзейнасці паспела пабыць і настаўніцай матэматыкі, і класным кіраўніком, і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Апошнія 10 гадоў курыруе вучэбную дзейнасць: займаецца арганізацыяй алімпіяднага руху, падвозу дзяцей, харчавання, работай рэсурснага цэнтра аграрнай накіраванасці. Леанід Валяр’янавіч вядзе ўрокі працоўнага навучання і гісторыі, дапамагае раскрываць таленты і развіваць уменні навучэнцаў. А яны атрымліваюць шматлікія перамогі ў раённых і абласных прадметных алімпіядах і конкурсах, годна выступаюць на рэспубліканскім узроўні.
— Ён і сам не спыняецца ў сваім развіцці, працягвае вучыцца. Зараз набывае новую спецыяльнасць — настаўніка-дэфектолага. Для мяне такое яго жаданне не стала сюрпрызам. На ўроках працоўнага навучання шмат займаецца з дзецьмі з асаблівасцямі развіцця і не раз казаў, што хацеў бы атрымаць такую кваліфікацыю, — расказвае Інеса Эдвардаўна. — Я пераканана: мы не дасягнулі б таго, што ў нас ёсць зараз, каб не былі разам. У нас ніколі не было саперніцтва ў прафесійным плане, мы падтрымлівалі адно аднаго, падштурхоўвалі рухацца наперад. І гэта ўмацавала нашу сям’ю, прывяло да станоўчых вынікаў. Значыць, мы не выпадковыя людзі ў педагогіцы.
Недалёка ад дома ў сям’і Стрыновіч ёсць уласны ўчастак. Ён таксама яднае мужа і жонку.
— Тут усё зроблена рукамі гаспадара: лазня, навес, два парнікі і міні-градкі ў карабах, на якіх мы любім эксперыментаваць. У нас растуць буякі, бружмель, грэцкія арэхі, грушы, яблыні. У гэтай справе таксама галоўны Леанід Валяр’янавіч, я толькі дапамагаю чым магу. Памятаю, пайшла сеяць моркву. Прыходжу — усё падрыхтавана: градка, радочкі. Я толькі пасыпала насенне і прыкрыла зямлёй. На гэтым уся мая работа і скончылася, — з усмешкай дзеліцца суразмоўніца.
Гадоў пяць, як у сям’і нарадзілася новая традыцыя. 1 студзеня раніцай яны садзяцца ў аўтамабіль і адпраўляюцца ў невялікае падарожжа па родным краі. Сёлета наведалі Верхнядзвінск, касцёл у вёсцы Сар’я.
— Калі бываем у сталіцы, абавязкова ідзём на выставу ці ў музей. Летась паглядзелі “Краіну міні”, здзівіліся, колькі ўсяго цікавага можна там убачыць, — прызнаецца Інеса Эдвардаўна.
А яшчэ педагогі любяць рабіць адно аднаму прыемныя сюрпрызы, праўда, часцей іх рыхтуе для жонкі муж.
— Не так даўно ў Леаніда Валяр’янавіча быў юбілей. І што, вы думаеце, ён зрабіў? Не пакінуў мяне без падарункаў. Сказаў: “Шчаслівая жонка для мяне лепшы падарунак”. Так і жывём! — усміхаецца педагог.
Бо закаханыя, бо апантаныя…
Год 1988. Цягнік Віцебск — Кішынёў. Студэнты Віцебскага дзяржаўнага інстытута імя С.М.Кірава едуць у сонечную Малдавію збіраць ураджай. Сярод іх студэнтка 4 курса біялагічнага факультэта Эльвіра Зарыпава і студэнт 2 курса фізіка-матэматычнага факультэта Уладзімір Забароўскі.
— Я адразу запрымеціў яе — вельмі прыгожую і вельмі сціплую. Закахаўся з першага позірку, — успамінае Уладзімір Станіслававіч.
Ды і сам ён быў хлопец прыметны: займаўся ў Браслаўскай спартыўнай школе, перамагаў на абласных спаборніцтвах па кіданні ядра і дыска. Пры гэтым паспяхова вучыўся, прымаў удзел у алімпіядах па фізіцы і хіміі. Захапляўся велапаходамі па родным краі.
Лёс Эльвіры Фанузаўны незвычайны. Яна нарадзілася ва Уфе, школу скончыла ў Літве, а атрымліваць вышэйшую адукацыю прыехала ў Віцебск. Смеласці і любові да перамен ёй было не займаць. Гэтыя рысы характару неаднаразова дапамаглі ёй спраўляцца з цяжкасцямі і выпрабаваннямі. І яна, і Уладзімір не страцілі ўласцівы ім аптымізм, не здрадзілі свайму выбару быць разам, які зрабілі яшчэ ў юнацкія гады, гуляючы вечарамі і любуючыся зорным небам…
— Мы клапоцімся і падтрымліваем адно аднаго ўсё жыццё, у самых розных сітуацыях. Не любім надоўга разлучацца, бо адчуваем, як моцна тады не хапае роднага чалавека побач, — гаворыць настаўнік.
Пасля заканчэння інстытута Уладзімір з маладой жонкай і дачкой вярнуўся на сваю Радзіму. Першым яго месцам работы стала беларускамоўная школа ў вёсцы Мяжаны. Ён пачаў выкладаць матэматыку і інфарматыку. Аднак для жонкі працоўнага месца не знайшлося. І тады, уявіце сабе, Эльвіра Фанузаўна, настаўніца хіміі і біялогіі, згадзілася весці ўрокі гісторыі на беларускай мове. Потым — яшчэ і хімію. З моўным бар’ерам хутка справілася. Далей — болей. Дырэктар школы даручыў Эльвіры Фанузаўне весці ўсю краязнаўчую работу, а таксама курыраваць дзейнасць школьнага музея. Пад яе кіраўніцтвам ствараліся летапісы вёскі і школы, мясцовага касцёла, навучэнцы пісалі шматлікія навуковыя работы. Эльвіра Фанузаўна разам з дзецьмі і мужам удзельнічала ў вандроўках, экспедыцыях, адкуль прывозіла цікавыя краязнаўчыя экспанаты. Аднойчы нават быў знойдзены футляр ад авіяцыйнай бомбы часоў Вялікай Айчыннай вайны. Яго навучэнцы знайшлі ў суседняй вёсцы і прывезлі ў школу на тачцы.
— Нам абаім было вельмі цікава вывучаць гісторыю Браслаўшчыны. І ведаеце, жонка дапамагла мне даведацца шмат новага. Яна правяла даследаванні, прысвечаныя татарскаму насельніцтву на нашай тэрыторыі, вывучыла гісторыю старавераў у нашым рэгіёне. Нават быў надрукаваны матэрыял у газеце “Звязда” пра гэта. Інфармацыі было сабрана вельмі шмат. І зараз, калі адпраўляемся ў паходы, дзеці і калегі здзіўляюцца, адкуль я столькі ўсяго ведаю, — усміхаецца Уладзімір Станіслававіч.
У 2017 годзе было прынята рашэнне закрыць установу адукацыі, якой з 2003 года кіраваў Уладзімір Забароўскі.
— Галоўнае, што наш музейны фонд захаваўся, яго размеркавалі па розных установах адукацыі. І калі вандрую, я сустракаю нашы матэрыялы і экспанаты ў іншых школьных музеях, — расказвае настаўнік.
Педагогі прынялі тады рашэнне пераехаць у Віцебск. Праўда, затрымаліся там усяго на пяць гадоў.
— Мы абое працаўладкаваліся ў медыцынскі ўніверсітэт: я стаў выхавальнікам у інтэрнаце, а Эльвіра — лабарантам. Далей працаваць там ёй не дазволіла здароўе. Жонка не разгубілася і рызыкнула паспрабаваць сябе ў ролі выхавальніцы дзіцячага сада. Прайшла перакваліфікацыю і пачала працаваць. А ў хуткім часе мы вярнуліся ў Браслаў, пра што не шкадуем, — расказвае Уладзімір Забароўскі.
Сёння ён выкладае фізіку ў браслаўскай сярэдняй школе № 2 імя З.Я.Кожур, жонка працуе ў дзіцячым садзе. Яны чакаюць у госці дачку, якая вучыцца ў Полацкім дзяржаўным універсітэце на эканаміста, па-ранейшаму захапляюцца падарожжамі.
— Адных азёр на Браслаўшчыне больш за трыста. Мой рэкорд: паплаваў за адзін сезон у дзесяці з іх. Не ўяўляеце, наколькі яны адрозніваюцца адно ад аднаго, нават па водары, — падкрэслівае настаўнік.
Такія ж розныя па характары і нашы героі. Але галоўнае, што яны змаглі разгледзець адно ў адным самае лепшае і цэняць гэта.
— Эльвіра вельмі патрабавальная, у першую чаргу да сябе, вельмі разумная і разважлівая, — гаворыць Уладзімір Станіслававіч. — Ува мне яна адзначыла спагадлівасць і дабрыню, прыстойнасць, уважлівасць і клапатлівасць. Паспрабаваў не пагадзіцца наконт некаторых якасцей — не атрымалася. (Смяецца.)
Месцы сілы
Яны разам 18 гадоў. Віта Іванаўна адразу пасля заканчэння Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава ў 1995 годзе прыйшла маладым спецыялістам у Браслаўскую гімназію выкладаць беларускую мову і літаратуру. У 2006-м да педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі далучыўся Пётр Валянцінавіч Чэркас, настаўнік фізікі і астраноміі. Праз год яны сталі мужам і жонкай, а яшчэ праз год у сям’і нарадзілася дачка Насця.
Не дзіўна, што гімназія стала для сям’і Чэркас родным домам, сапраўдным месцам сілы.
— Хутка будзе 30 гадоў, як я тут працую. Многія калегі сталі для мяне блізкімі сябрамі. Дачка зараз у 11 класе, на парозе дарослага жыцця. Мы з мужам ведаем яе аднакласнікаў з самага маленства. Работа з дзецьмі, знаходжанне ў іх асяроддзі вельмі натхняюць, не даюць заседжвацца на адным месцы, бо неабходна ўвесь час развівацца, удасканальвацца, — разважае Віта Іванаўна.
Для яе работа побач з мужам — гэта перш за ўсё вялікая падтрымка, магчымасць абменьвацца думкамі, поглядамі, знаходзіць сумесныя рашэнні ў рабочых момантах. Абое яны ўкараняюць інавацыйныя методыкі ў працэс навучання. Віта Іванаўна актыўна выкарыстоўвае інтэрактыўныя формы работы: ролевыя гульні, дыскусіі, якія робяць урокі беларускай мовы і літаратуры цікавымі для кожнага вучня. Пётр Валянцінавіч аддае перавагу наглядным эксперыментам і практычным заданням, што дапамагае гімназістам лепш разумець фізіку і астраномію. Таксама яны арганізоўваюць сумесныя адукацыйныя міжпрадметныя праекты, якія спрыяюць развіццю крытычнага мыслення і творчых здольнасцей гімназістаў, разам праводзяць пазакласныя мерапрыемствы.
Адметнасцю свайго педагагічнага дуэта настаўнікі лічаць узаемападтрымку і ўзаемаразуменне. Іх аб’ядноўвае шчырае жаданне рухацца наперад, з аптымізмам глядзець у будучыню, марыць і абмяркоўваць планы.
— Многія здзіўляюцца, як гэта — быць побач і дома, і на рабоце. А мы не бачым тут нічога цяжкага, наадварот, дапамагаем і разумеем адно аднаго з паўслова. Праверка сшыткаў, пастаянныя тэлефонныя званкі бацькоў, перапіска ў класным чаце. Муж усё гэта добра ведае і адносіцца з разуменнем, — гаворыць настаўніца.
Віта Іванаўна адзначае, што па характары яна вельмі эмацыянальная, у той час як Пётр Валянцінавіч спакойны і разважлівы. З гадамі яна навучылася прыслухоўвацца да яго парад, бо пераканалася, што эмоцыі не лепшы дарадчык.
Галава сям’і прымаў удзел у конкурсе педагагічнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2010”. Жонка, натхніла яго на гэта і вельмі падтрымлівала.
— Дачка тады была маленькай, і я імкнулася стварыць усе ўмовы, каб ён мог спакойна рыхтавацца. Памятаю, прыйдзе дамоў пасля работы, крыху адпачне і начамі займаецца. Перамог на раённым этапе, атрымаў спецыяльны прыз журы на абласным. Я ж не рызыкнула прыняць удзел у такім конкурсе, бо не такі публічны чалавек. Ды і, убачыўшы, наколькі гэта працаёмкая і хвалюючая справа, зразумела, што гэта не для мяне, — прызнаецца Віта Іванаўна.
Яшчэ адным месцам сілы для дуэта Чэркас стаў домік у вёсцы, які дастаўся ў спадчыну ад бабулі.
— Нам вельмі падабаецца праводзіць там выхадныя, летні адпачынак. Пасадзілі сад, ёсць агарод. Ведаеце, калі я працую на зямлі, адчуваю, як яна забірае ўсё дрэннае. Асабліва люблю вясну, калі ўсё абуджаецца, пачынае расці. І я, нібыта тая яблынька, прырасла каранямі да сваёй малой радзімы, да Браслаўшчыны. Гэта насамрэч так: мы любім свой край блакітных азёр. Пётр Валянцінавіч захапляецца рыбалкай, але не дзеля ўлову, а каб пасядзець у цішыні на беразе возера, супакоіцца, пераключыцца. Наша гімназія таксама стаіць на беразе аднаго з азёр — Дрывяты. Якое яно рознае і прыгожае ў кожную пару года! Здараецца, стомішся за рабочы дзень, прыйдзеш да возера і проста любуешся ім, напаўняешся спакоем, — апісвае свае эмоцыі Віта Іванаўна.
Марына ЖДАНАВА
Фота на прэўю pixabay.com, носіць ілюстрацыйны характар