Абласны бацькоўскі сход, які штогод праводзіцца ўпраўленнем адукацыі Гомельскага аблвыканкама, — гэта добрая магчымасць сабрацца разам бацькам і педагогам з усёй вобласці, каб нешта абмеркаваць, атрымаць адказы на хвалюючыя пытанні. Адзінае, чаго не хапае, — хацелася б на такіх сустрэчах гаварыць пра добрыя і радасныя справы. Аднак пакуль што галоўныя тэмы мерапрыемства — гэта праблема аховы дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, адказнасць бацькоў, складанасці падлеткавага ўзросту і правапарушэнні.
У гэтым годзе тэма абласнога бацькоўскага сходу гучала так: “Сям’я і школа: адукоўваючы — выхоўваем”, а праводзіўся ён у вёсцы Ціхінічы Рагачоўскага раёна. Па дарозе дэлегацыі кожнага раёна пабывалі ў пасёлку Чырвоны Бераг і наведалі мемарыяльны комплекс дзецям, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Да пачатку мерапрыемства, пакуль удзельнікі з усёй вобласці збіраліся ў грамадска-культурным цэнтры аграгарадка, можна было атрымаць кансультацыі ў спецыялістаў: у фае цэнтра працавалі псіхолаг, юрыст, урач-нарколаг, натарыус, прадстаўнік інспекцыі па справах непаўналетніх. Таксама ўсім было прапанавана прайсці анкетаванне па сістэме вотум і адказаць на пытанні, хто павінен несці адказнасць за тое, што падлеткі ўжываюць алкаголь і наркотыкі, што будуць рабіць бацькі, калі іх дзіця ў позні час не прыйшло дадому, колькі часу дарослыя праводзяць са сваімі децьмі і інш. Вынікі здзіўлялі, таму што нават па зусім простых пытаннях думкі разыходзіліся не толькі ў бацькоў, але і ў педагогаў. Тут неабходна адзначыць, што з запрошаных на мерапрыемства бацькоў большую частку якраз складалі бацькі, якія злоўжываюць моцнымі напіткамі.Адкрываючы сход, начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын прапанаваў паглядзець 10-хвілінны відэаролік “Цана імгнення”, зняты на рэальных фактах службай МНС. У аснове кароценькага фільма — неасцярожнасць бацькоў і гібель дзяцей. Магчыма, жорсткі пачатак, аднак прымушае больш сур’ёзна ставіцца да праблемы. Я асабіста, не дачакаўшыся, пакуль скончыцца відэаролік, пачала тэлефанаваць сваёй 16-гадовай дачцэ, каб упэўніцца, што ў яе ўсё добра. Хутчэй за ўсё, так зрабілі многія прысутныя.
Урок першы: веды
Галоўнымі выкладчыкамі першага ўрока былі старшы пракурор аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб непаўналетніх і моладзі пракуратуры Гомельскай вобласці Вера Замойская і намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама Яўген Міткевіч.
Вера Максімаўна якраз працягнула тэму, паднятую ў вышэйзгаданым фільме, — адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. “Вы паглядзелі кіно, а мы з гэтым сутыкаемся кожны дзень”, — так яна пачала сваё выступленне. Тут не было аперыравання лічбамі і звычайнай пракурорскай “лупцоўкі”, адбылася шчырая, адкрытая размова.
Чаму сёння мы маем так шмат самагубстваў сярод дзяцей? Чаму ў грамадстве квітнее сацыяльнае сіроцтва? Чаму ў хуткім часе нас можа перастаць здзіўляць тое, што бацькі забіваюць сваіх дзяцей і наадварот? Пытанняў больш, чым адказаў. А жудасных выпадкаў, на жаль, не становіцца менш.
— Самае жахлівае — гэта тое, што часцей за ўсё месцам трагедыі становіцца дом, дзе, здавалася б, павінна быць спакойна і бяспечна, як нідзе, — адзначыла Вера Максімаўна. — Калі мая дачка была маленькай, я ніколі не адчувала незразумелай трывогі, тады розныя здарэнні адбываліся рэдка. А зараз, калі ў мяне маленькі ўнук, я ўсюды бачу небяспеку.
Адной з самых вялікіх праблем пракурор назвала непаразуменне паміж бацькамі і дзецьмі. Нярэдка дарослыя не толькі не размаўляюць са сваімі сынамі і дочкамі, а нават не спрабуюць іх выслухаць. А калі няма блізкасці ў адносінах, няма падтрымкі дома, школьнікі шукаюць выйсце ў дрэнных кампаніях ці самагубстве. І гаворка ідзе не толькі пра сем’і, дзе дарослыя цесна пасябравалі з алкаголем. Калі, напрыклад, узяць мінулы год, то ў вобласці самагубства ўчынялі падлеткі з добрых сем’яў, навучэнцы ліцэяў, гімназій, каледжаў. Гэта адбывалася якраз па прычыне адсутнасці ўзаемаразумення дома. Многія з гэтых дзяцей выхоўваліся ў няпоўных сем’ях.
— Вы сёння наведалі мемарыял, дзе пазнаёміліся з пісьмом вязніцы канцлагера, — успомніў Яўген Генадзьевіч. — “Дарагі татачка” — такімі словамі дзяўчынка пачынала свой ліст. А я хачу зачытаць вам, якія лісты зараз пішуць дзеці.
“Дарагі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка! Я хачу расказаць Вам пра нашага тату, калі яго можна так назваць…” І гэта не жарт. Менавіта да прэзідэнта звярнулася дзяўчынка, каб вырашыць праблему з бацькам, які трымае ў страху жонку і дзяцей. Па словах намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх, выпадкі, калі дзеці самі просяць забраць іх ад бацькоў, зусім не выключэнне. Прычыны ж амаль аднолькавыя: маці п’е, яе сужыцель буяніць, няма ўмоў для нармальнага жыцця. На пачатак гэтага года на Гомельшчыне на наркалагічным уліку знаходзяцца 7265 пацыентаў, якія маюць 10 689 дзяцей. Толькі ўдумайцеся ў гэтыя лічбы! З пачатку дзеяння Дэкрэта № 18 патрэбу ў дзяржаўнай абароне мелі больш як 5300 дзяцей амаль з 3000 сем’яў. Жахлівая матэматыка.
Урок другі: узаемадзеянне
У барацьбе за шчасце і дабрабыт дзяцей аб’ядноўваюць свае сілы розныя ўстановы, арганізацыі і службы. Педагогі, органы ўнутраных спраў, мясцовыя органы ўлады — усе спрабуюць вырашаць гэтую праблему нашага грамадства. Сапраўды, калі разбірацца, каму бліжэй “па рангу” такі клопат, то сацыяльнае сіроцтва і ўсе іншыя вострыя пытанні будуць толькі накоплівацца.
У Ціхінічах, дзе праходзіў абласны бацькоўскі сход, прафілактыка дрэннага сямейнага становішча пад пільным кантролем старшыні сельскага савета Галіны Серабро. Што асабліва важна, для яе гэта не прымус, а адзін з найважнейшых абавязкаў. “Дабрабыт усёй вёскі, усёй тэрыторыі савета складаецца з дабрабыту кожнай асобнай сям’і”, — лічыць Галіна Адамаўна. На сваёй пасадзе яна амаль 15 гадоў. Першы год работы не радаваў: 21 сям’ю тады паставілі на ўлік як праблемную, праз некалькі гадоў у чатырох сем’ях бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Гэта быў 2006 год. Потым такіх рашэнняў на тэрыторыі сельсавета не прымалася. — Мы не пакідаем ні адной сям’і без увагі, — дзялілася вопытам старшыня сельсавета. — Кожную сераду я збіраю сельскі сход, і першы пункт на парадку дня — становішча ў сем’ях.
Вядома, алкагалізм — гэта хвароба, і іншы раз весці барацьбу з такімі хворымі нялёгка. Нішто не турбуе і не спыняе іх: ні дзеці, ні адсутнасць ежы, работы, заробку. Можна быць раўнадушным і пасмейвацца з таго, як нармальны чалавек ператвараецца ў нешта не падобнае на разумную істоту, а можна настойліва рэаніміраваць яго і ў рэшце рэшт атрымаць станоўчы вынік. Атрымалася выпадкова, але якраз дарэчы. Менавіта ў Ціхінічах напярэдадні правядзення абласнога бацькоўскага сходу адбылося важнае: жанчына, якая палову свайго жыцця непрабудна піла, забываючы, што трэба гадаваць пяцярых дзяцей, раптам, як кажуць, завязала. Прычым сама. Проста вырашыла ў адзін дзень — і зрабіла.
— Становішча было вельмі цяжкае, — тлумачыць Галіна Серабро. — Усялякія падыходы спрабавалі, а дастукацца ўсё не маглі. І вось — без перабольшання кажу — за адзін дзень усё наладзілася: даўгі за кватэру і за дзіцячы сад выплачаны, хата прыбрана, дзеці і ўнукі побач. Сама вырашыла. Але добра, што мы не пакідалі без увагі гэтую праблему. Магчыма, у рашэнні жанчыны кропля і нашай настойлівасці.
Калі б такіх энтузіястаў на кожную тэрыторыю, справа пайшла б шпарчэй. Нездарма начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага раёна Пётр Гузялевіч пра старшыню Ціхініцкага сельсавета гаворыць: “Хоць прозвішча ў яе Серабро, але ж яна ў нас золата!”
Урок трэці: сям’я
Трэці ўрок бацькоўскага сходу пачаўся з ток-шоу “Мая сям’я”, арганізаванага педагогам-псіхолагам рагачоўскай сярэдняй школы № 2 разам з бацькамі і экспертамі. У ходзе праграмы былі інсцэніраваны паводзіны бацькоў і дзяцей у розных сітуацыях. Гледачы ў зале выказвалі свае думкі наконт убачанага, а эксперты тлумачылі як правільна і чаму. Акрамя таго, эксперты — прадстаўнікі пракуратуры, органаў унутраных спраў, МНС, органаў улады — адказалі на шматлікія пытанні бацькоў.
Пасля прысутным быў прапанаваны для прагляду відэазапіс, у якім дзеці дзяліліся сваімі думкамі аб бацьках, выказвалі пажаданні. Гэта быў яскравы прыклад таго, як адрозніваюцца шчаслівыя, не пазбаўленыя бацькоўскай любові дзеці ад тых, каму не пашанцавала мець добрую сям’ю. У іх усё рознае: думкі, меркаванні, жаданні, каштоўнасці, адносіны да жыцця і блізкіх, нават выразы твару розныя.
— Хто для цябе тата і мама?
— Гэта самыя блізкія людзі!
— Нууу… я не ведаю…
— Аб чым ты марыш?
— Каб тата і мама былі шчаслівыя і заўсёды былі са мной!
— Каб у мяне быў тэлефон…
Ці трэба тлумачыць, дзе чые адказы?
Пазіраю на залу, і ў паловы людзей бачу слёзы на вачах. А зусім побач прыгожая жанчына з рэчыцкай дэлегацыі рыдае. Чаму яе так крануў відэазапіс, стала зразумела, калі яны выйшла і расказала сваю гісторыю. Яе дзеці таксама не ведалі шчасця, пакуль яна сябравала з алкаголем. Яна перамагла загану, але гаворыць, што сёння ёй не хапае сэрца, не хапае рук, не хапае пацалункаў, каб запоўніць страчанае. І страшна думаць, што для гэтага можа не хапіць жыцця.
Вельмі хочацца спадзявацца, што сярод нядбайных бацькоў, якія знаходзіліся ў зале, знойдзецца хаця б некалькі чалавек, якія зробяць правільныя высновы пасля ўбачанага і пачутага. Нават калі гэта будзе два ці тры чалавекі, можна будзе думаць, што няхай і маленькі, але ж крок да лепшага зроблены.
***
Вось такі атрымаўся дзень ведаў для дарослых. За тры з паловай гадзіны кожны ўдзельнік бацькоўскага сходу перажыў мноства эмоцый і пачуццяў, многае пераасэнсаваў, над многім задумаўся. Нягледзячы на тое, што пазітыву было няшмат, размова адбылася, бо зала сапраўды слухала і ўспрымала кожны ўрок, кожны яго пункт.
— Выхаванне дзяцей — наша агульная справа, — сказаў на завяршэнне начальнік упраўлення адукацыі Сяргей Парошын. — Тут нельга паказваць адно на аднаго пальцам і чакаць, што ты не будзеш мець да гэтага дачынення.
Сяргей Іванавіч таксама адзначыў, што, займаючыся выхаваннем дзяцей, неабходна больш разумна выбіраць формы работы. Што маецца на ўвазе? Начальнік упраўлення расказаў пра свае сустрэчы з навучэнцамі розных устаноў адукацыі. На пытанне “Хто да вас прыходзіць для гутарак?” ёсць адзін адказ: “Міліцыя, пракуратура, інспектар па справах непаўналетніх”. На пытанне “Аб чым ідзе размова?” — зноў адно: “Кажуць, калі мы будзем учыняць правапарушэнні, нас паставяць на ўлік ці адправяць у калонію, пакараюць бацькоў…”
На самай справе дзіўна. Няўжо больш няма пра што гаварыць з дзецьмі? Прафілактычная работа? Але ж яе можна будаваць па-іншаму. І ці адыграе такая форма станоўчую ролю ў прафілактыцы правапарушэнняў? А можа, наадварот, здольна правакаваць на процілеглае? Было б нядрэнна прааналізаваць гэта.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.