Царскае паліто

- 11:25World Skills

Наша зборная пацвердзіла сваё прафесійнае майстэрства на міжнароднай арэне.

Вось і завяршыўся Міжнародны чэмпіянат WorldSkills у Казані, у якім прымала ўдзел зборная Беларусі. Нашы канкурсанты выступілі ў 33 прафесійных кампетэнцыях асноўных спаборніцтваў, а таксама ў спецыяльным конкурсе JuniorSkills і новым праекце пад назвай FutureSkills.

Выдатныя вынікі паказалі нашы канкурсанты ў JuniorSkills, дзе ніводны канкурсант не застаўся без медалі.  У намінацыі “Графічны дызайн” сярэбраным прызёрам стаў Максім Цароў, намінацыя “Эксплуатацыя беспілотных авіяцыйных сістэм” стала таксама сярэбранай для Максіма Парфяновіча. Мікіта Штраус выступаў у кампетэнцыі “Полімеханіка і аўтаматызацыя” і заняў на п’едэстале другую прыступку. Кампетэнцыя “Прамысловая робататэхніка” стала сярэбранай для Ільі Мельнікава і Міланы Казловай, а ў кампетэнцыі “Вэб-тэхналогіі” бронзавы медаль выйграў Ілья Калько. У FutureSkills бронзавую ўзнагароду ў кампетэнцыі “Тэхналогіі прамысловага дызайну” атрымаў навучэнец філіяла БНТУ “Мінскі політэхнічны каледж” Дзмітрый Дорах. Другое месца ў прафесійнай кампетэнцыі  “Інфармацыйнае мадэляванне будынкаў” дасталася ўдзельніцам з Гомеля Вользе Петравец і Марыне Жукавай. Цяпер Марына працуе ў ААТ “Гіпражыўмаш”, а  Вольга на  прадпрыемстве комплекснага праектавання “Гомельдарпраект”.  Акрамя таго, члены зборнай Беларусі ў некаторых кампетэнцыях асноўных спаборніцтваў атрымалі спецыяльныя ўзнагароды — Medallion for Excellence за прафесійнае майстэрства ў прадстаўленай кампетэнцыі. Такія медальёны атрымалі ў кампетэнцыі “Цырульніцкае мастацтва” — Ксенія Шафранская (Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання), “Вэб-тэхналогіі” — Аляксей Крупскі (Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі), “Інфармацыйныя кабельныя сеткі” — Валянцін Арцямёнак (Беларуская дзяржаўная акадэмія сувязі), “Тэхналогія моды” — Юлія Маркевіч (Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну).

    Наталля Іванаўна Юхневіч, нацыянальны эксперт па кампетэнцыі “Тэхналогія моды”, выкладчыца Гродзенскага дзяржаўнага кале­джа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, удзельніца шматлікіх нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў  WorldSkills, паведаміла, што на гэты раз заданні па швейнай кампетэнцыі былі больш складанымі, чым у папярэдніх міжнародных чэмпіянатах. Перш-наперш, конкурс у Казані адрозніваўся тым, што ў гэтай кампетэнцыі трэба было пашыць не сукенку, як было раней, а паліто. Гэта больш працаёмка, бо звязана са складанымі спосабамі апрацоўкі, структурай тканіны, шматлікімі дадатковымі элементамі. Акрамя таго, трэба было пашыц­ь не звычайнае паліто, а царскае, што прадугледжвала арыгінальныя элементы мінулай эпохі, у тым ліку выкарыстанне своеасаблівых каўняроў, кішэняў, манжэт. Элементы аздаблення паліто былі пада­дзены на пляцоўку ў апошні момант у так званай чорнай скрыні.

Наша ўдзельніца Юлія Маркевіч паказала высокі прафесіяналізм пры вырабе паліто, і яго візуальна ацанілі нават наведвальнікі чэмпіянату, выказваючы словы захаплення. Эксперты таксама ацанілі работу Юліі вельмі высока, яна атрымала больш за 700 балаў. Гэта значыць,  што выраб быў выкананы на ўзроўні міжнародных стандартаў, што пацвярджае высокую прафесійную падрыхтоўку ў сістэме адукацыі нашай краіны. Адметна, што ўзнагароду Medallion for Excellence выйграла ў гэтай жа кампетэнцыі выхаванка Наталлі Юхневіч і на мінулым міжнародным чэмпіянаце. На сёлетніх спаборніцтвах удзел у гэтай прафесійнай кампетэнцыі прымалі 32 краіны. Юлія Маркевіч абышла канкурсантаў з Бельгіі, Аўстрыі, Аўстраліі, Ганконга, Польшчы, Партугаліі, Іспаніі, Марока і інш.

  У гэтым безумоўная заслуга выдатнага педагога Наталлі Іванаўны Юхневіч. Трэба адзначыць, што паступова ў рэгламент міжнародных чэмпіянатаў WorldSkills уво­дзіцца норма ацэнкі ўзроўню ведаў і прафесійных навыкаў сярод саміх экспертаў спаборніцтваў. Калі імі не будуць здадзены неабходныя тэсты, то яны не дапускаюцца да судзейства. Наталля Іванаўна трымала экзамен у сваёй кампетэнцыі і выканала ўсе прадстаўленыя заданні, чым пацвердзіла свой статус эксперта.

Віншуем Наталлю Іванаўну Юхневіч з выдатнымі вынікамі, а таксама ўсіх нашых экспертаў і канкурсантаў, педагогаў і майстроў вытворчага навучання, якія пацвердзілі сваё прафесійнае майстэрства на міжнароднай арэне.

Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.