Цэнтр “Аналітык” распрацоўвае методыкі

- 12:03Навіны рэгіёнаў

Да інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы”, які разлічаны на 2017—2020 гады, далучыліся тры навучальныя ўстановы Бераставіцкага раёна. Вынікі работы за два гады, перспектывы развіцця праекта абмеркавалі яго ўдзельнікі ў адной з устаноў, дзе рэалізоўваецца праект, — Канюхоўскім яслях-садзе — сярэдняй школе.

Удзел у семінары прынялі кіраўнікі навучальных устаноў, настаўнікі школ. Іх вітаў начальнік Бераставіцкага аддзела адукацыі Павел Панкевіч. Метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Марына Кійко акрэсліла праблемнае поле мерапрыемства: павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці ўдзельнікаў па пытаннях фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы, забеспячэнне навукова-метадычнай падтрымкі ўдзельнікаў інавацыйнага праекта, аказанне адраснай дапамогі ў пераадоленні цяжкасцей у інавацыйнай дзейнасці.

Калектыў канюхоўскай школы мае добрыя традыцыі спартыўна-масавай работы, у якую ўключаны навучэнцы і іх бацькі, педагогі, работнікі мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства.

— Для дасягнення мэты інавацыйнай дзейнасці ва ўстанове адукацыі створаны каардынацыйны савет, у склад якога ўвайшлі старшыня Канюхоўскага сельскага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі праўлення КСУП “Макараўцы” і іншых арганізацый мікрараёна, педагогі, навучэнцы, прадстаўнікі бацькоўскай грамадскасці, — расказвае дырэктар школы Андрэй Шчука. — Арганізаваны клуб “Здаровы лад жыцця” для сумеснай дзейнасці па фарміраванні рухальнай культуры ўсіх суб’ектаў адукацыйнай прасторы, а гэта педагогі, навучэнцы, бацькі, сацыяльныя партнёры, а таксама скарэкціравана мадэль шостага школьнага дня з улікам рэалізацыі інавацыйнага праекта. Галоўная наша мэта — стварыць такую адукацыйную прастору, якая б захавала здароўе дзіцяці і падрыхтавала яго да дарослага жыцця.

Удзельнікі семінара азнаёміліся з сістэмай работы канюхоўскай школы па рэалізацыі гэтай мэты. Яны пабывалі на інтэрактыўных занятках з бацькамі “Якое цудоўнае жыццё”, на ўроку здароўя “Роля руху ў жыцці школьніка”, на занятках з элементамі трэнінгу “Усё ў тваіх руках”.

Настаўніца фізічнай культуры і здароўя Люцына Рукша на занятках у спартыўнай зале прадставіла прымяненне методыкі індывідуальных рухальных рэжымаў, якія выкарыстоўваюцца на секцыі агульнафізічнай падрыхтоўкі “Рух”, удзельнікамі якой з’яўляюцца навучэнцы, бацькі і настаўнікі.

— Фарміраванне рухальнай культуры на аснове методык індывідуалізацыі рухальных рэжымаў патрабуе пошукаў новых форм работы, здароўезберагальных тэхналогій, — расказвае Люцына Казіміраўна. — Работа ў нас заснавана на мадэлі з трох кампанентаў: мэтапастановачны, змястоўна-арганізацыйны і вынікова-карэкцыйны.

У школе створана некалькі цэнтраў, праз якія ажыццяўляецца рэалізацыя праекта. Так, цэнтр “Аналітык” распрацоўвае методыкі вызначэння рухальнай культуры, крытэрыі эфектыўнасці атрыманых вынікаў, алгарытмы індывідуальнага рухальнага рэжыму суб’ектаў адукацыйнай прасторы.

Дзейнасць цэнтра “Інфарм” накіравана на арганізацыю асветніцкай работы па пытаннях фарміравання рухальнай культуры, у тым ліку размяшчэнне старонкі “Здаровы лад жыцця” на сайце школы, арганізацыю работы бацькоўскага лекторыя, правядзенне вучэбных мерапрыемстваў з удзельнікамі інавацыйнай дзейнасці па праблеме рухальнай культуры (лекцыі, семінары, кансультацыі), публікацыю практычных распрацовак і абагульненне вопыту педагогаў-інаватараў у сродках масавай інфармацы на інтэрнэт-парталах, сайце ўстановы адукацыі, выпуск буклетаў, рэкламных праспектаў.

Цэнтр “Школа+” распрацоўвае методыкі індывідуалізацыі рухальных рэжымаў, арганізоўвае пазакласныя, спартыўна-масавыя і фізкультурна-аздараўленчыя мерапрыемствы, работу клуба “Здаровы лад жыцця”, аб’яднанняў па інтарэсах “Рухавыя гульні”, “Футбол”, “Валейбол”, у тым ліку ў шосты школьны дзень.

Дзейнасць цэнтра “Спакой” накіравана на псіхолага-педагагічнае суправаджэнне праекта праз работу кансультацыйнага пункта педагога-псіхолага, правядзенне трэнінгаў, ролевых гульняў.

Настаўніцы Страдзецкай сярэдняй школы імя М.Е.Зайца Брэсцкага раёна Таццяна Клімовіч і Марына Артановіч адзначаюць, што такія семінары вельмі карысныя для ўдзельнікаў інавацыйнага праекта. У кожнай навучальнай установе можна ўбачыць пэўны вопыт і параўнаць з дзейнасцю сваёй школы.

У завяршэнне семінара яго ўдзельнікі абмеркавалі хвалюючыя пытанні: укараненне методык, вядзенне дзённіка педагога, удзельніка інавацыйнага праекта. Сярод станоўчых момантаў рэалізацыі праекта “Укараненне мадэлі фарміравання рухальнай культуры суб’ектаў адукацыйнай прасторы сельскай школы” адзначылі павышэнне прафесійных ведаў педагогаў, уключэнне ў рэалізацыю праекта членаў соцыуму, стварэнне куткоў здароўя, актывізацыю рухальнай актыўнасці навучэнцаў і паглыбленне іх ведаў аб здаровым ладзе жыцця.