Ці могуць навукі быць захапляльнымі? Расказваем пра дзейнасць школьнага таварыства «Гёліён»

- 12:00Образование, Портфолио

Многія вучні разглядаюць навуку як нешта складанае, чым могуць займацца толькі дарослыя ці наогул толькі навукоўцы. Але ж гэта зусім не так. А як на самай справе здзяйсняюцца навуковыя адкрыцці? Ці могуць навукі быць захапляльнымі? На гэтыя і іншыя пытанні спрабуем адказаць на мерапрыемствах, арганізаваных пад эгідай школьнага навуковага таварыства “Геліён”.

Адным з апошніх і маштабных стаў тыдзень навукі, падчас якога навучэнцы змаглі паспрабаваць свае сілы ў розных відах дзейнасці: майстраваць, фантазіраваць, генерыраваць ідэі, загадваць, прыдумляць і разгадваць свае і ўжо існуючыя задачы, загадкі, рэбусы, абараняць даследчыя работы, паўдзельнічаць у разнастайных квестах, прымераць на сябе ролю гісторыкаў ці археолагаў, а зна­чыць, быць паўнавартаснымі арганізатарамі і ўдзель­нікамі ўсіх падзей.

Было вырашана кожны дзень тыдня прысвяціць пэўным навукам, бо, акрамя навуковасці, неабходна было заціка­віць, захапіць вучняў, паказаць важнасць і значнасць кожнай навукі. У выніку ўсе дні тыдня атрымалі сваю назву: “Традыцыі жывая ніць” (гісторыя і грамадазнаўства), “Дыялог культур” (філалогія), “Тэрыторыя лічбаў” (дакладныя навукі), “Запаведны свет прыроды” (прыродазнаўства), “Ненавуковы дзень” (усе астатнія навуковыя дысцыпліны), “Шлях у навуку” (дзень, калі ўсе навукі сустрэліся разам).

Пачалося ўсё з лінейкі, дзе героі лінейкі фіксікі расказалі навучэнцам пра тое, што іх чакае на працягу ўсяго тыдня, і кожны клас атрымаў пуцявы ліст, паводле якога дзеці наведвалі мерапрыемствы. Пасля вясёлыя фіксікі разам з членамі школьнага самакіравання “МЫ” ў кожным класе правялі хвілінкі інфармавання па ДАСТ, дзе дзеці даведаліся аб сімвале Дня беларускай навукі і аб Дзяржаўным знаку якасці, зацверджаным Прэзідэнтам Беларусі А.Р.Лукашэнкам.

З вялікім энтузіязмам навучэнцы 3—4-х класаў разам з настаўніцай гісторыі і грамадазнаўства Марыяй Буневіч здзейснілі вандроўку ў мінулае разам з выставай “Музей у чамадане”. Перад імі стаяў звычайны фанерны чамадан, адзін з тых, з якімі салдаты Другой сусветнай вайны вярталіся дадому з перамогай. Дзецям было прапанавана па рэчах з салдацкага чамадана пазнаць лёс яго ўладальніка. Па пацёртай гімнасцёрцы з захаваным падкаўнерыкам, па медалях, якія яе ўпрыгожвалі, навучэнцы даведаліся, што салдат прайшоў усю вайну і вярнуўся дадому. Наступныя прадметы з чамадана — санітарная торба, скрыначка для ін’екцый, старыя шкляныя шпрыцы — падказалі, што вайну невядомы герой прайшоў санітарам, ратуючы жыцці на перадавой. Далей ляжаў сапраўдны рарытэт — газета “Звязда”, датаваная 9 мая 1945 года. Даведаўшыся, што такая газета выдавалася ў Беларусі і была сярод рэчаў чамадана, дзеці вызначылі, што Дзень Перамогі салдат сустрэў на тэрыторыі нашай краіны.

А навучэнцы 7-х класаў у гэты дзень сталі археолагамі і прынялі ўдзел у сапраўдных раскопках, якія арганізавала настаўніца гісторыі і грамадазнаўства Тамара Ложачнік. Дзеці пазнаёміліся з навукай археалогіяй, навучыліся правільна право­дзіць раскопкі. Даведаліся, што не ўсё, што знойдзена, можа лічыцца артэфактам. А потым прымяралі на сябе ролю археолагаў: сярод знойдзеных імі артэфактаў былі значкі, савецкія манеты і нават скрабок старажытнага чалавека!

Пяцікласнікаў і чацвёртакласнікаў настаўніца працы Ірына Шарак чакала на майстар-класе па выцінанцы, бо выцінанка — від аднаго з самых любімых дэкаратыўна-прыкладных мастацтваў беларусаў. Нашы бабулі памятаюць, як раней вясковыя хаты ўпрыгожваліся ажурнымі выразкамі з вялікіх лістоў паперы. На вокнах віселі папяровыя фіранкі, сталы і палічкі ўпрыгожвалі папяровыя сурвэткі, падзоры, “вугольнікі”. Папяровымі ручнікамі ўпрыгожвалі нават абраз у чырвоным куце! А нашы навучэнцы зрабілі для сябе кніжныя закладкі, бо сапраўднага вучонага без кніг не бывае, а для любімай кнігі заўсёды хочацца зрабіць што-небудзь асаблівае!

“Дыялог культур” даў дзецям магчымасць на практыцы прымяніць свае веды, незалежна ад іх узроўню, і паверыць у свае сілы ў вывучэнні беларускай, рускай і нямецкай моў. Нашы першакласнікі прынялі ўдзел у фіксі-гульні “Гучы, родная мова”. Разам з настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Лебядзінскай дзеці прыгадалі беларускія прыказкі і прымаўкі, паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў, адгадвалі загадкі, гулялі ў гульню “Жывое — нежывое” на беларускай мове. А непаседлівых другакласнікаў настаўніца пачатковых класаў Таццяна Гамолка запрасіла ў падарожжа “У свет незнаёмых слоў”. Мерапрыемства было прысвечана розным дысцыплінам: краязнаўству, лінгвістыцы, этнаграфіі.

Вы думаеце, што гуляць у лялек лю­бяць толькі дзяўчынкі? Вы глыбока памыляецеся! Да сябе ў госці на інтэрактыўную гульню “Апранем ляльку” чакала хлопчыкаў і дзяўчынак 3-х і 4-х класаў настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Новік. У дзяцей была магчымасць не толькі пагу­ляць у лялек, але і даведацца пра беларускія назвы звыклых для нас прадметаў адзення, бо адзенне — гэта першая інфармацыя, якую атрымлівае суразмоўнік пры сустрэчы. Аказ­ваецца, яно выконвае не толькі практычныя, але і этнакультурныя, эстэтычныя, абрадавыя, магічныя функцыі: па адзенні можна даведацца пра эпоху, індывідуальны густ, псіхалогію чалавека, яго фізічны стан, узрост, сямейнае становішча, сацыяльную і прафесійную прыналежнасць, бо адзенне — гэта не толькі вопратка, але і галаўныя ўборы, абутак, упрыгажэнні. Дзеці даведаліся, што мужчынская кашуля яшчэ называлася світка, сярмяга, латуха, сукмана, катанка, а жаночая камізэлька — безрукаўка, шнуроўка, кабат, гарсэт, кітлік. А капот — гэта зусім не жаночы капялюшык, а цёплы каптан.

Навучэнцаў 5—6-х класаў у гэты час чакаў лексічны квест “Руская мазаіка”. У працэсе гульні дзеці наведалі станцыі “Вуліца Словаўтваральная”, “Плошча мудрацоў”, “Праспект ілюстратараў” і “Сквер фантазёраў”. Навучэнцы прыдумвалі новыя словы, разгадвалі шарады, малявалі коміксы да мастацкіх твораў, пісалі кароткія апавяданні, дзе ўсе словы пачынаюцца на адну пэўную літару. Вучні 7—8-х класаў сустрэліся ў бітве знаўцаў нямецкай мовы “Інтэлектуальны паравоз”. Ім прыйшлося вырашаць рэбусы, матэматычныя галаваломкі, падбіраць рыфмы, паспрабаваць сябе ў ролі карэктараў і мастакоў.

На станцыі “Тэрыторыя лічбаў” была дэманстрацыя фізічных доследаў. Навучэнцы 1-х, 2-х і 4-х класаў убачылі сапраўдныя цуды і нават самі прынялі ў іх удзел! Рухам рукі падымалі вадкасць, рабілі сапраўдную маланку, прымушалі яйка правальвацца ў рыльца бутэлькі, не давалі скаціцца цылінд­ру. Цяпер яны сапраўды ведаюць, што цуды могуць рабіць не толькі чараўнікі! А дапамагалі ім вучні 11 класа, якія выбралі для вывучэння на павышаным узроў­ні вучэбныя прадметы “Фізіка” і “Матэма­тыка”.

Аматары і знаўцы інфарматыкі сустрэ­ліся ў барацьбе за перамогу ў вучэбным кабінеце. Камандам 5-х і 6-х класаў трэба было прайсці шэраг выпрабаванняў, у ходзе якіх яны паказалі свае веды па інфарматыцы і ўменне прымяняць іх у нестандартных умовах. Што такое аз і букі ведаюць усе, а што такое up-grade і камп’ютарная матэматыка ведаюць нямногія. Але дакладна веда­юць нашы сямікласнікі. Настаўнік матэматыкі Ула­дзіслаў Станевіч сабраў каля сябе тых вучняў, якія мараць пайсці па яго слядах. Юныя матэматыкі даведаліся, як працуюць месенджары і чаму трэба шыфра­ваць паведамленні. Азнаёміліся з рознымі відамі шыфравання тэксту (тарабарская грамата і шыфр Цэзара). Потым вучням трэба было прымяніць атрыманыя веды на практыцы і расшыфраваць атрыманае ў месенджары паведамленне.

У чацвёрты дзень “Запаведны свет прыроды” адбыўся цікавы майстар-клас для вучняў 1-х класаў “Сакрэты чалавечага цела”, які падрыхтавала і правяла настаўніца біялогіі Надзея Лымар. Першакласнікі разам з героем майстар-класа — кропелькай вады па імені Капітошка — здзейснілі вандроўку па чалавечым целе. Цяпер яны ведаюць, як дыхае чалавек, адкуль бяруцца слёзы і як працуе галоўны матор чалавечага цела — сэрца. Для навучэнцаў 2-х і 3-х класаў мерапрыемства праводзілі пераможцы раённага конкурсу даследчых работ навучэнцаў I звяна “Разумнікі і разумніцы” Арына Маліноўская, Лізавета Вяршыцкая і Дар’я Сокал. Дзяўчынкі расказалі пра свае даследаванні, паказалі дыдактычныя гульні, якія яны прыдумалі са сваімі педагогамі-настаўнікамі, калекцыю корму для зімуючых птушак, зубную пасту, зробленую ўласнымі рукамі, і карысны рознакаляровы салат.

А для навучэнцаў 5-х класаў быў адкрыты свет магічнай хіміі, правадніком у які быў навучэнец 10 “А” класа Мікіта Шасцілаўскі. Разам з настаўніцай хіміі Вольгай Сіленка ён паказаў, як можна з вады зрабіць малако, як патушыць агонь з дапамогай вуглякіслага газу, пры дапамозе рэагентаў зрабіў рознакаляровае полымя. Таксама пяцікласнікі азнаёміліся з хімічнымі рэакцыямі, якія дазваляюць мяняць колер праз пэўныя інтэрвалы часу (чырвоны, жоўты, зялёны і наадварот), даведаліся, як можна з вады вылучыць кісларод. Разам з Мікітам дзеці прымушалі пла­ваць-поўзаць папяровых чарвякоў, а жэлацінавыя звяркі плавалі і ныралі ў колбе.

У “Ненавуковы дзень” для навучэнцаў пачатковай школы героямі тыдня фіксікамі былі арганізаваны дынамічныя перапынкі “Арганізатары-дапамагатары”. Для вучняў 5—7-х класаў прайшоў бібліятэчны ўрок, на якім дзеці даведаліся пра беларускіх вучоных, вынаходкі, якімі карыстаецца ўвесь свет, і самі прыдумалі новыя прадметы, якія могуць спатрэбіцца для вучобы. А для старшакласнікаў не лішнім аказаўся майстар-клас па баскетболе, бо ўсе ведаюць, што рух — гэта жыццё, а фізічная культура — гэта таксама навука.

У фае другога паверха школы разгарнуліся выстава “Святло беларускай навукі”, прысвечаная беларускім вучоным, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё навукі, і выстава-прэзентацыя мадэлей, створаных вучнямі, “Мадэлюй прадметна — мадэлюй якасна”. Мадэлі вірусаў, бактэрый, змены сезонаў і часу сутак, пластоў атмасферы, глебы зямлі, скруткі папірусу, маскі фараонаў, вежы, словаўтваральныя гнёзды, макеты дамоў знакамітых гогалеўскіх памешчыкаў — усё, што здзіўляла наведвальнікаў выставы, зроблена рукамі дзяцей і бацькоў.

У дзень “Шлях у навуку” адбылося ўрачыстае закрыццё тыдня навукі, былі падведзены вынікі, самым актыўным, крэатыўным яго ўдзельнікам былі ўручаны па­дзякі і ўзнагароды. Фіналам мера­прыемства стала выкладанне з пазлаў дрэва навукі.

Наталля ВЯЖЭВІЧ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Маладзечанскай сярэдняй школы імя Янкі Купалы