Годная ідэя здольна змяніць жыццё чалавека і свет навокал. Але гэта магчыма, толькі калі добрая ідэя атрымае рэальнае ўвасабленне. Сёння такое ўвасабленне новых ідэй называюць стартапам. “Асновы вядзення стартапа” — так гучала тэма семінара для педагогаў Міншчыны, які прайшоў у рамках марафону паспяховых практык.
Паняцце “стартап” сёння надзвычай распаўсюджанае і, можна сказаць, моднае. Спачатку стартапам называлі новыя пачынанні ў сферы ІТ, але потым яго значэнне пашырылася. І сёння амаль кожны школьнік ведае пра існаванне стартапаў. Узнікае пытанне: а навошта настаўнікам усё гэта ведаць і тым больш паглыбляцца ў гэтую тэму? Усё проста. Калі ў дзіцяці ёсць ідэя, яму неабходна падтрымка, і ён звернецца да найбліжэйшых дарослых — бацькоў і настаўнікаў. Цудоўна, калі знойдзе дапамогу, якую шукае. Ды і наогул, валодаць актуальнымі ведамі — значыць быць сучасным і цікавым.
Актыўныя педагогі і іх вучні праявілі шчырую цікавасць да сустрэчы, што прайшла ў МАІ РА. У зале было шмат удзельнікаў бізнес-кампаній, а таксама педагогаў, якія з імі займаюцца. Сваімі ведамі з педагогамі Міншчыны падзяліўся Павел Якіменка, менеджар праекта Deti-MBA Belarus.
Любы стартап пачынаецца з удалай ідэі. Гэта дае дзецям і моладзі значныя перавагі: іх свабодны ад стэрэатыпаў і клішэ розум здольны генерыраваць незвычайныя прапановы. І ніводная з іх не можа быць адкінутай, разгледзець і абмеркаваць трэба літаральна кожную, таму што нярэдка поспех маюць самыя нечаканыя з іх. Павел Якіменка прывёў прыклад, калі юныя стартаперы рызыкнулі стварыць дапаможнік па выжыванні пры зомбі-апакаліпсісе. Гучыць неверагодна, але гэты прадукт аказаўся запатрабаваным у спажыўцоў, а стартап прынёс сваім стваральнікам фінансавы поспех.
Годная ідэя — адзін з крытэрыяў паспяховасці стартапа, пра якія расказаў спікер. Таксама ён адзначыў, што вялікае значэнне мае каманда, якая бярэцца за рэалізацыю ідэі, і хуткасць яе рэалізацыі. Далей гаворка вялася пра віды стартапаў, спосабы аналізу праектаў і крыніцы іх фінансавання. Таксама слухачы даведаліся, як правільна прадставіць свой праект інвестару, каб атрымаць ад яго грошы.
У цэнтры ўвагі апынуліся і галоўныя сучасныя трэнды, што тычацца стартапаў. Так, найбольш паспяховымі сёння з’яўляюцца праекты, звязаныя са штучным інтэлектам і ўкараненнем дапоўненай віртуальнай рэальнасці, з біятэхналогіямі, экалогіяй, харчовымі прадуктамі, энергіяй, адукацыяй, медыцынай. Выступоўца звярнуў увагу і на тыповыя памылкі, якія робяць удзельнікі стартапаў.
Недастаткова прыдумаць новую справу, трэба яшчэ зрабіць так, каб пра яе ведалі, таму прасоўванне таксама важны аспект, на які неабходна звярнуць увагу. Падрабязней пра гэта расказала Алена Рабкіна, SMM-менеджар праекта Deti-MBA, інтэрнэт-маркетолаг, спецыяліст па крэатыўных тэхналогіях у рэкламе. Сучасныя тэхналогіі, папулярнасць сацыяльных сетак дазваляюць эфектыўна займацца прасоўваннем тавару, паслугі, кампаніі, укладаючы ў гэта мінімальныя фінансавыя рэсурсы. Праўда, замест грошай давядзецца патраціць шмат часу. Спікер прапанавала слухачам канкрэтныя даступныя інструменты для стварэння лагатыпа, рэкламнай прадукцыі, сайта.
Паспяховае прасоўванне прадугледжвае якасны прадукт, яго зручную ўпакоўку, а таксама шырокае інфармаванне. Для інфармавання можна ўзаемадзейнічаць са СМІ, выкарыстоўваць Google-сэрвісы, кросмаркетынг, сайты з аб’явамі, удзельнічаць у мерапрыемствах у якасці партнёра, мець зносіны з патэнцыяльнымі кліентамі ў прыватных паведамленнях. Прысутныя таксама пачулі інфармацыю, як шукаць кліентаў, афармляць акаўнт у сацыяльных сетках, планаваць работу па прасоўванні.
Суровая статыстыка кажа, што толькі 10% стартапаў дажывае да 3 гадоў. Палова пачынанняў знікае ўжо праз год. Нярэдка прычына гэтаму — недахоп ведаў у тых, хто распачынае новую справу. Інфармацыя, якую атрымалі ўдзельнікі семінара, паспрыяе таму, каб было больш поспехаў, чым расчараванняў.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.