Цікава ўсім! Як у Мокраўскай сярэдняй школе арганізавалі летні адпачынак дзяцей

- 17:10Лето-2023, Новости, Проекты

Сучаснае развіццёвае асяроддзе для раскрыцця інтэлектуальнага, творчага і сацыяльнага патэнцыялу дзяцей стала асновай для арганізацыі летняга адпачынку ў Мокраўскай сярэдняй школе Пружанскага раёна. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Адпаведнае асяроддзе ўвасобілася ў спецыяльных пляцоўках, размешчаных на тэрыторыі школы і ў самім будынку. Гульнявыя пляцоўкі, творчыя альтанкі (з наборамі малявання ці аплікацый), спартыўныя лакацыі, дзе можна паганяць мяч. Як адзначыў дырэктар школы Алег Бзот, яшчэ на этапе планавання летняга адпачынку прадумваўся падрабязны план дзейнасці школьнага лагера. І гэта заўважна, бо ў летняе бесклапотнае дзяцінства трапляеш практычна з першых крокаў па тэрыторыі школы. Тут дзеці малююць, тут працу­юць, а з-за вугла чуецца рытмічная музыка. У школьнай спартзале дзятва жвава бегае з мячом. Кругом радасныя воклічы.

“У нашым лагеры “Захавальнікі прыроды” два атрады ў асноўным з дзецьмі з 1 па 5 клас, — падключаецца да размовы намеснік дырэктара Таццяна Асіпчук, — “Пчолкі” і “Мурашы”. У фае школы стаяць іх інфармацыйныя стэнды са штодзённым планам работы і фотасправаздачай”. Стэнды вельмі яркія і прыгожыя. На пчаліных сотах і мурашыных сцяжынках — фота з дзецьмі. Вось яны малююць, вось гуляюць, а тут — на эк­скурсіі. Недалёка Белавежская пушча і Брэсц­кая крэпасць, таму на экскурсіі школьнікі выязджа­юць часта. Стэнды запатрабаваны як у дзяцей, так і ў бацькоў. Цікава ўсім.

Актыўная дзіцячая дзей­насць абавязкова змяняцца пасіўнай, што дае магчымасць і адпачыць, і пераключыцца на іншае. Акрамя таго, кожны дзень вызначаецца пэўнай тэматыкай. Прынамсі, калі мы там былі, то дзеці рабілі тэматычныя малюнкі з нагоды Дня міру, выраблялі папяровых галубоў.

Як і іншыя школы краіны, Мокраўская супрацоўнічае с мясцовым упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Вынікам стала стварэнне працоўнага атрада са старшакласнікаў, які займаўся добраўпарадкаваннем тэрыторыі сваёй установы адукацыі. Ёсць вопыт супрацоўніцтва і з мясцовай гаспадаркай “Жураўлінае”, дзе летам падлеткі таксама могуць падпрацаваць і зарабіць.

Пра ўнікальнасць арганізацыі летняга адпачынку Мокраўскай школай сведчыць і той факт, што тут апошнія 2 гады арганізоўва­юць школьныя змены на базе аздараўленчых лагераў за горадам.

“Звычайна яны прыпадаюць на ліпень — жнівень. Мы збіраем жадаючых дзяцей са сваёй школы, бяром педагогаў і едзем у загарадны лагер. Першая спроба аказалася ўдалай, таму наступным ра­зам нават рэклама не спатрэбілася. Акрамя таго, на нашы змены прыязджаюць дзеці з іншых устаноў адукацыі. Вопыт аб’яднання змешанага дзіцячага калектыву няпросты, але прадукцыйны. У канцы змены ўсе сябруюць”, — адзначыла Таццяна Віктараўна.

Адметнасцю такіх змен з’яўляецца іх тэматычная накірава­насць. Першая была экалагічнай. У 2021 годзе Мокраўская сярэдняя школа пачала працаваць у межах праекта “Зялёныя школы”, і каб максімальна ўключыцца ў праект, было прынята рашэнне тэму выязнога лагера звя­заць з экалогіяй. Праз год было вырашана зрабіць патрыятычную змену, падчас якой дзеці з педагогамі стварылі інтэрактыўную карту вёсак, дзе ад рук нямецкіх карнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны бязвінна загінулі мясцовыя жыхары.

Усе памятныя месцы з усталяванымі знакамі былі аб’ез­джаны на веласіпедах. Цяпер на інтэрактыўнай карце зафіксаваны веласіпедныя маршруты з гісторыямі ўсіх помнікаў, якія чытаюцца праз QR-коды. Апагеем той змены стаў мітынг Памяці, які прайшоў 17 ліпеня мінулага года. У той дзень споўнілася 80 гадоў, як у суседняй вёсцы Казлы былі спалены і забіты мірныя жыхары. Атрымалася настолькі эмацыянальна, што пад уражаннем былі ўсе: дзеці, бацькі, педагогі і мясцовыя жыхары. Пасля гэта дзейнасць была аформлена ў работу, якая стала пераможнай на абласным этапе конкурсу “Маршрутамі памяці, маршрутамі адзінства”, а затым і на конкурсе, які право­дзіла Генеральная пракуратура.

Гэтым летам педагогі разам з дзецьмі асвойваюць новыя веламаршруты. Акрамя таго, на працягу ўсяго лета можна прыхо­дзіць на школьны стадыён, куды двойчы на тыдзень прыхо­дзяць настаўнікі фізічнай культуры. І яшчэ педагогі Мокраўскай сярэдняй школы ез­дзяць у суседнія Руднікі, каб зрабіць адпачынак дзяцей, якія там жы­вуць, таксама цікавым і насычаным. Для іх праводзяцца мерапрыемствы экалагічнага, грама­дзянска-патрыятычнага, прававога і забаўляльнага характару.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА