Цудоўная лыжная база, басейн і цір…

- 10:00Адукацыйная прастора

У сталічным мікрараёне Лошыца-9 адкрылася новая школа

1 верасня расчыніла дзверы сярэдняя школа № 224 Мінска па вуліцы Міхаіла Пташука, 17. Згодна з праектнай магутнасцю, установа можа прыняць 1020 вучняў. На ўрачыстую лінейку ў школу завіталі намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Аляксандр Дараховіч, старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Андрэй Бугроў, кіраўнік Адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска Раман Мельнік і іншыя ганаровыя госці. 

“Дзень ведаў — гэта свята для дзяцей і дарослых. Новая школа — гэта старт у вашу будучыню, — звярнуўся з віншаваннямі да дзяцей і педагогаў намеснік Генеральнага пракурора Беларусі Аляксей Стук. — Дзяржава зрабіла вам цудоўны падарунак. Школа добра аснашчана, мае ўсе ўмовы для атрымання годнай адукацыі. Асабліва мяне ўразіла спартыўная база. А каб вучэбны працэс быў карысным і функцыянальным, даступным і наглядным, я раблю вам падарунак — сертыфікат ад Генеральнай пракуратуры на набыццё шматфункцыянальнага мультыборда”. 

Дырэктар школы Наталля Новік выказала словы падзякі ўсім, хто прымаў удзел у будаўніцтве ўстановы: “Мы атрымалі цудоўны падарунак, якога чакалі не толькі дзеці, але і ўсё насельніцтва нашага мікрараёна. Сёння празвініць першы званок у жыцці нашых першакласнікаў, пройдуць першыя ўрокі. Дзеці — гэта будучыня нашай дзяржавы, яны павінны быць паспяховымі і адукаванымі. Толькі педагогі, якія працуюць з душой і энтузіязмам, змогуць запаліць агеньчык ведаў у кожным вучні, навучыць іх думаць і аналізаваць, адчуваць і суперажываць, што надзвычай важна ў сучасным свеце. Упэўнена, што разам мы створым дружны калектыў педагогаў і вучняў, абавязкова з падтрымкай бацькоў”. За парты новай школы сёння сеў 151 першакласнік. Больш за 500 вучняў школы выхоўваюцца ў мнагадзетных сем’ях.

…Празвінеў доўгачаканы званок. Школьнікі паспяшаліся на заняткі, а госці здзейснілі экскурсію па школе ў суправаджэнні дырэктара Наталлі Новік. Будоўля чатырохпавярховага сучаснага будынка школы пачалася ў кастрычніку 2019 года. Генпадрадчыкам выступіла БУ-94 ААТ “Будтрэст № 1”. Школа ўражвае сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базай, перш за ўсё вучэбна-спартыўнай з вучэбным цірам на 25 м (4 стралковыя месцы), лыжнай базай, залай харэаграфіі і рытмікі, дзвюма трэнажорнымі заламі, а таксама гімнастычнай і гульнявой спартыўнымі заламі. На вуліцы створана надворнае абсталяванне для заняткаў баскетболам, валейболам, хакеем, бадмінтонам. Прадугледжаны хол-балкон спартыўнай залы з трыбунамі для гледачоў. Сярэдняя школа № 224 Мінска — адзіная ў Ленінскім раёне, якая мае басейн (на дзве чашы — 10 і 25 метраў). Яго змогуць наведваць і дзеці, і дарослыя. Добра абсталяваны кабінеты працоўнага навучання: швейная майстэрня і кабінет кулінарыі для дзяўчынак, сталярныя і слясарныя майстэрні для хлопчыкаў. 

Сталовая разлічана на 360 пасадачных месцаў з вітамінным барам, сучасным харчаблокам, сістэмай “разумны буфет”. У бібліятэцы ўсталяваны асобныя індывідуальныя рабочыя кабіны з выхадам у інтэрнэт. На ўсёй тэрыторыі школы створана безбар’ернае асяроддзе для арганізацыі адукацыйнага працэсу дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Навучэнцы з абмежаванымі магчымасцямі змогуць карыстацца ўсёй інфраструктурай школы. Прадугледжаны ліфт, пандусы, спецыяльныя месцы ў актавай зале, вучэбных кабінетах, асобныя раздзявалкі, санвузлы, душавыя. На высокім узроўні сістэма бяспекі: усталяваны турнікеты і сістэма сканіравання. 

У школе ў гэтым годзе будуць функцыянаваць 39 класаў, рэсурсныя цэнтры па хіміі, геаграфіі і фізіцы, 4 лінгафонныя кабінеты, кабінеты інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій. 

“Паколькі сёлета ў школах увялі стаўку кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, мы вырашылі наладзіць супрацоўніцтва з вайсковай часцю 54.48, — расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алена Варыга. — Мы будзем ездзіць на экскурсіі ў часць, наведваць іх музеі. Складзены план узаемадзеяння. Разам з начальнікам аддзялення ідэалагічнай работы вайсковай часці Уладзімірам Пазняком мы правялі першы ўрок у 8 “А” класе. Расказалі дзецям аб службе ва Узброеных Сілах, пра адпаведныя ўстановы, у якія дзеці могуць паступаць і г.д.”. 

Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце школы Таццяна Нікуліна расказала, што ў гонар Дня ведаў і адкрыцця ўстановы адбылася сустрэча, адкрыты дыялог вучняў 10 класаў і студэнтаў БДПУ імя Максіма Танка, якія ў свой час скончылі педагагічныя класы і выбралі адпаведную прафесію. Разам са студэнтамі прыйшлі і выкладчыкі, якія таксама акцэнтавалі ўвагу школьнікаў на ролі прафесіі настаўніка ў сучасным грамадстве”. 

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.