Цуды майстэрства і творчасці

- 12:34Навіны рэгіёнаў

Цуды майстэрства, а таксама глыбокае веданне роднага краю і любоў да яго ўвасобілі ў сваіх работах удзельнікі абласной выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Саматканы цуд”.

Канкурсантаў гасцінна прымаў Слуцкі цэнтр дзіцячай творчасці на абласной выставе. Гэтай падзеі папярэднічалі рэгіянальныя туры, дзе члены журы выбралі лепшыя работы.

На адкрыцці выставы канкурсантаў вітала прарэктар па сацыяльнай і выхаваўчай рабоце Мінскага абласнога ІРА Святлана Казiмiраўна Адамовіч, якая падзякавала навучэнцам і педагогам за іх працу і падкрэсліла яе значнасць. Пасля гэтага члены экспертнай камісіі, у склад якой увайшлі спецыялісты МАІРА і вядучыя педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Мінскай вобласці, пачалі знаёміцца з конкурснымі работамі. Каля 200 лепшых вырабаў з усiх раёнаў Мiнскай вобласцi былi прадстаўлены на выставе. Іх стварылі навучэнцы ва ўзросце ад 6 да 16 гадоў.

На выставе экспанаваліся індывідуальныя і калектыўныя работы, розныя па тэматыцы, кампазіцыі і тэхніцы выканання. Дзеці прадставілі на конкурс тканыя і вышываныя вырабы, народных лялек і лялек у нацыянальным строі, беларускі традыцыйны рэгіянальны касцюм, лямец, тэкстыльных аўтарскіх лялек, тэкстыльныя арт-аб’екты. Работы паказалі высокае майстэрства іх аўтараў. 80 лепшых работ прадставяць Міншчыну на Рэспубліканскай выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў “Саматканы цуд”, якая пройдзе ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена МАІРА.