Цуды тэхнікі і вынаходства

- 11:56Актуально, Апошнія запісы

Цуды тэхнікі дэманстравалі юныя даследчыкі і вынаходнікі на конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”. На выставе работ канкурсантаў танцаваў робат і працаваў 3D-прынтар, пад столлю выставачнай залы луналі самалёт і квадракоптар, а па падлозе рухаліся дзівосныя машыны. Усё гэта, а таксама мноства іншых прыбораў, механізмаў, прылад прыдумалі і стварылі падлеткі з Беларусі і Расіі. На ўрачыстай цырымоніі закрыцця конкурсу аб’явілі імёны яго пераможцаў.

Конкурс “Таленты XXI стагоддзя” арганізоўваецца раз у два гады. Па чарзе яго прымаюць беларускі і расійскі бок. У гэтым годзе конкурс праходзіць пяты раз, і трэці раз ён адбываецца ў Беларусі. Традыцыйна пляцоўкай для яго правядзення стаў НДЦ “Зубраня”. Дарэчы, менавіта тут 8 гадоў назад конкурс прайшоў упершыню.

На працягу тыдня конкурснае жыццё віравала на берагах Нарачы. Арганізатары прапанавалі цікавую і насычаную праграму: канкурсанты не толькі абаранялі свае работы, але і ўдзельнічалі ў творчых конкурсах, майстар-класах навукоўцаў і вядомых вынаходнікаў, сустрэчах з вядомымі людзьмі, пабывалі на экскурсіях. Прайшлі дзень Беларусі, дзень Расіі, дзень Саюзнай дзяржавы, дзень навукі.
У конкурсе ўзялі ўдзел 274 юныя даследчыкі і вынаходнікі: 15 каманд з Расіі, 8 — з Беларусі. У склад кожнай каманды ўваходзілі 12 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі ва ўзросце 14—18 гадоў. Нашу краіну прадстаўлялі каманды ўсіх абласцей, горада Мінска і каманда Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці.

Свае творчыя праекты канкурсанты прадставілі ў 8 секцыях: “Тэхнічнае мадэляванне”, “Тэхнічнае канструяванне”, “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка”, “Навуковыя даследаванні, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”, “Мультымедыйныя тэхналогіі”, “Праграмаванне і вылічальная тэхніка”, “Астраномія і касманаўтыка”, “Відэафільм”.

Нязменны старшыня журы конкурсу Валерый Канстанцінавіч Шэлег, загадчык кафедры тэхналогій машынабудавання БНТУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, прафесар, адзначыў, што конкурс развіваецца, а ўзровень работ удзельнікаў расце з году ў год. Канкурсанты дэманструюць не толькі сваю вынаходлівасць, але і глыбокія веды ў розных галінах навукі, высокую эрудыцыю.

— Прыемна бачыць дзяцей, так шчыра зацікаўленых сваёй справай. Дзякуючы конкурсу, мы робім вялікую справу, — лічыць старшыня журы Валерый Шэлег. — Па-першае, зацікаўліваем, захапляем дзяцей навукова-тэхнічнай творчасцю. Па-другое, тут канкурсанты знаёмяцца, знаходзяць агульныя інтарэсы, сябруюць. А ў хуткім часе яны будуць працаваць, зоймуць кіраўніцкія пасады. І калі ўжо сёння яны знойдуць кантакт, пасябруюць, то ў далейшым праблем у Саюзнай дзяржаве не будзе.

Ва ўрачыстай цырымоніі закрыцця конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. Ён наведаў выставу “Навукова-тэхнічная творчасць моладзі Саюзнай дзяржавы”, дзе былі прадстаўлены лепшыя працы канкурсантаў, а таксама ўручыў узнагароды пераможцам.

Звяртаючыся да канкурсантаў, міністр засяродзіў іх увагу на тым, што конкурс не толькі дае магчымасць юным талентам зрабіць крок насустрач адно аднаму, але і ўносіць уклад у фарміраванне адзінай адукацыйнай прасторы дзвюх дзяржаў.

— Саюзная дзяржава — гэта праект дружбы, узаемападтрымкі, узаемадапамогі і ўзаемнага развіцця. І, гледзячы на вас, вашы дасягненні, вашу дружбу, верым, што будучыня нашых краін будзе шчаслівай і паспяховай. Спадзяюся, калі вы станеце дарослымі, працягнеце развіваць нашу інтэграцыю і ўзаемадзеянне, — адзначыў Ігар Карпенка.

60 удзельнікаў конкурсу заваявалі дыпломы I, II і III ступені. Абсалютнымі пераможцамі ўладальнікамі гран-пры сталі беларус Даніла Елісееў і расіянін Андрэй Палагута. Даніла Елісееў, удзельнік мінскай каманды, прадставіў на конкурсе 3D-прынтар, які сабраў сваімі рукамі. Андрэй Палагута з Стаўрапольскага краю вырабіў мадэль ракетнага крэйсера “Вараг”.

Цырымонія завяршылася перадачай сцяга конкурсу арганізатарам наступнага мерапрыемства — прадстаўнікам Расійскай Федэрацыі. Так, завяршальная кропка пятага конкурсу “Таленты XXI стагоддзя” стала кропкай адліку для шостага.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.