Па выніках конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны» ад кожнага рэгіёна і Мінска вызначаць удзельнікаў беларуска-расійскага праекта «Цягнік Памяці». Такую інфармацыю агучыў намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Дзмітрый Туронак, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Палажэнне конкурсу распрацоўвалі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ён праходзіў у тры этапы, у лютым прайшлі абласныя, апошні этап адбудзецца ў сталіцы 14 сакавіка. Мерапрыемства накіравана на выяўленне і распаўсюджванне вопыту паспяховай работы лідараў, фарміраванне ў свядомасці пазітыўнага вобраза юнага лідара. Конкурс уключаў у сябе візітную картку, творчыя спаборніцтвы, інтэлектуальна-пазнавальную гульню, таксама неабходна было прадставіць відэаматэрыялы і эсэ. Дзесяцікласнікі, якія паспяхова пройдуць усе выпрабаванні, атрымаюць магчымасць паехаць па маршруце «Цягніка Памяці».
У 2023 г., каб стаць удзельнікам гэтага праекта, трэба вытрываць сур’ёзную канкурэнцыю. У конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны» прынялі ўдзел 11 339 дзесяцікласнікаў з 2075 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, паведаміў Д. Туронак.
Пераможцамі стануць школьнікі, якія дасягнулі высокіх паказчыкаў у вучэбнай, грамадскай, спартыўнай, валанцёрскай дзейнасці, лідары вучнёўскага самакіравання, актывісты грамадскіх арганізацый, якія навучаюцца ў ваенна-патрыятычных, кадэцкіх класах, выхаванцы ваенна-патрыятычных клубаў, члены маладзёжных парламентаў, а таксама ўдзельнікі праекта «Пост Памяці».
Акрамя таго, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны дзіцячы адукацыйна-аздараўленчы цэнтр «Зубраня» распрацавалі палажэнне аб рэспубліканскім конкурсе «Перамогу шануем, герояў памятаем» па адборы важатых для «Цягніка Памяці». Ён праходзіць у тры этапы і ўключае такія заданні, як візітная картка ў фармаце відэа, напісанне эсэ «Паклон і памяць пакаленняў» і стварэнне арганізацыйна-метадычных матэрыялаў «Нам з важатым у адну дарогу».
На сайце Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі створана аднайменная ўкладка, дзе размяшчаецца актуальная інфармацыя аб рэалізацыі праекта «Цягнік Памяці». Таксама распрацаваны алгарытм на аснове паспяховага вопыту ў 2022-м па далейшым выкарыстанні ў выхаваўчай рабоце. Гэта і трансляцыі відэаматэрыялаў праекта, і работа фотавыставак, і тэматычных заняткаў «ШАГ». Яшчэ неаднаразова праводзіліся класныя гадзіны ва ўстановах сярэдняй адукацыі ў выглядзе дыялогу школьнікаў з непасрэднымі ўдзельнікамі першага пілотнага праекта.
У мэтах папулярызацыі беларуска-расійскага праекта ў інтэрнэт-прасторы функцыянуе тэлеграм-канал «Цягнік Памяці». Там расказваюць пра маршрут, знакавыя месцы і саміх удзельнікаў.
Настасся ЧАРКАНАВА
Навіна па тэме:
Да ўдзелу ў праекце «Цягнік Памяці» ў 2023 г. далучацца школьнікі з Арменіі, Казахстана, Кыргызстана