Цытата ў публіцыстычным тэксце: майстар-клас

- 17:20Образование, Портфолио

Прапаную ўвазе калег майстар-­клас на тэму “Цытата ў сучасным публіцыстычным тэксце”.

Настаўніца. Добры дзень, паважаныя ўдзельнікі нашай сустрэчы. Я, Ганна Альбінаўна, і мая вучаніца Паліна рады вітаць усіх, хто зацікаўлены ў вывучэнні новага, хто не баіцца загадак і гатовы шукаць на іх адказы. Перад вамі два выказванні. Выберыце, калі ласка, тое, якое вы лічыце правільным, і замацуйце каля яго смайл. (Выказванні надрукаваны на лістах паперы, прымацаваны на дошцы; удзельнікі майстар-класа галасуюць і аргументуюць свой выбар.)

1. Многія імкнуцца пражыць жыццё іншых людзей. Іх думкі — чужыя меркаванні, іх захапленне — цытаты. Уменне цытаваць добра маскіруе адсутнасць уласных ідэй (Курт Кабейн, амерыканскі музыкант і мастак).

2. Калі я цытую іншых, то толькі для таго, каб лепш выказаць сваю ўласную думку (Мішэль дэ Мантэнь, французскі філосаф, пісьменнік). 

Настаўніца. Пачнём з даследавання. Перайдзіце праз QR-код, змешчаны ў вашых рабочых ліс­тах, да тэарэтычнага матэрыялу. Карыстаючыся ім, дайце тлумачэнне паняццям “інтэртэкстуальнасць”, “цытата”; вызначце віды цытат і іх характэрныя асаблівасці. (Работа ў групах.)

Настаўніца. Перад вамі — воблака слоў. Выберыце, калі ласка, з прапанаваных слоў тыя, якія тлумачаць паняцце “інтэртэкстуаль­насць”. (Выступленне прадстаўнікоў груп.)

Настаўніца. Як ба­чым, увага да цытавання ў сучасным мовазнаўстве значная. Як жа паказаць гэта вучням? Як навучыць іх выкарыстоўваць цытаты ва ўласных тэкстах?

Вучаніца. Ад імя вучняў хачу адзначыць, што важнасць вывучэння цытат і асаблівасцей іх выкарыстання ў сучасным тэксце асабліва актуальная сёння, паколькі школьная праграма прапануе вучням напісанне значнай колькасці сачыненняў як па мове, так і па літаратуры. Асаблівую складанасць для вывучэння і выкарыстання ў маўленні ўяўляюць ускосныя цытаты. Гэта і паслужыла падставай для вывучэння такой адзінкі, як цытата. Матэрыялам для вывучэння сталі тэксты беларускай грамадска-палітычнай газеты “Культура”. Вынікі даследавання вам сёння і прадстаўляем. Спадзяёмся, што яны дапамогуць вам і вашым вучням будаваць індывідуальнае, абапіраючыся на вядомае і аўтарытэтнае.

Настаўніца. Звернемся да прыкладаў. Першае заданне ў рабочых лістах — на суаднясенне віду цытаты і яе прыкладу. Пабудуйце, калі ласка, адпаведнасць.

Цытата

Від

А. Напачатку было слова.

Б. Фотаімгненне, якое зафіксавана ў адной з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, нібы ілюструе імкненне чалавека спыніцца і адчуць тую самую “гучную цішыню” нашай памяці…

В. Ветэран падкрэслівае, што з гонарам адзначыў, адкуль прыйшоў: “Гвардыі старшына Ульяновіч, беларус”.

Г. Што чакае на іншым беразе?

1. Прамая

2. Рэмінісцэнцыя

3. Алюзія

4. Сінкрэта

Ключ: А2Б4В1Г3.

(Самастойная работа ўдзельнікаў. Агучванне варыянтаў.)

Настаўніца. На вашу думку, якія цытаты найчасцей выкарыстоўваюць аўтары публіцыстычных тэкстаў? Вядома, прамыя цытаты. У прааналізаваным намі матэрыяле яны складаюць 62%. На якія агульнавядомыя творы ўказваюць ускосныя цытаты і цытаты-сінкрэты? Пры якой умове чытач зверне ўвагу на цытаты, якія не маркіраваны графічна?

Вучаніца. Толькі шырокі кругагляд, чытацкая інтэлек­туальнасць дазваляюць убачыць такія прыклады чужога маўлення. Значыць, пры ўскосным цытаванні аўтару патрэбна вельмі ўважліва адносіцца да выбару крыніцы цытавання: рабіць спасылку на тэксты, шырока вядомыя чытацкай аўдыторыі.

Настаўніца. Звернемся да другога задання на рабочых лістах. У табліцы прыведзены прыклады цытат, выпісаных са старонак газеты “Культура”. Паспрабуйце вызначыць крыніцу цытавання і зрабіць выснову, да якіх тэкстаў часцей звяртаюцца сучасныя аўтары.

Цытата

Крыніца цытавання

(запаўняецца
самастойна ў групах)

Менавіта так: “Узрушальна!” — сказаў Азгур, калі ўбачыў майго “Арфея”…

Выказванні вядомых людзей

Хтосьці з нас зазначыў не без іроніі: “Так і павінен выглядаць след магнацкай эры…”        

Нявызначаная крыніца

Каб роднае карэнне не згніло…

Тэксты кніг (твораў)

Не варажы на рамонку, а ідзі
да мар…

Тэксты песень

Так як лёгкіх дарог мы не шукаем і з вандроўкі намагаемся вынесці максімум уражанняў, то ідзём, даючы добрага кругаля.

Тэксты Бібліі

Мая мама адзначала перад размовай: “Пачну здалёк”.

Выказванні важных для аўтара людзей

Калі вечар трэба забіць…

Цытаты з кінафільмаў

Кніга — найлепшы падарунак!

Тэксты рэкламы, лозунгаў

Усім, хто спрабуе трапіць у ВНУ сферы культуры, жадаем паспяховай здачы экзаменаў і залічэння ў alma mater.

Лацінскія выслоўі

Са здзіўленнем выказвае мулявінскаму гурту “ўважуху” за віртуознасць і небанальнасць новае пакаленне.

Маладзёжны слэнг

(Прадстаўленне вынікаў работы.)

Вучаніца. Хочацца адзначыць, што матэрыял на картках размешчаны ў адпаведнасці з частотнасцю выкарыстання той ці іншай крыніцы цытавання. 45% цытат — гэта выказванні вядомых людзей: афіцыйных асоб, грамадска-палітычных дзеячаў, пісьменнікаў, мастакоў, артыстаў, дызайнераў і інш. Асаблівасцю газетнага артыкула з’яўляецца цытаванне з нявызначаных крыніц і цытаванне асоб, важных для аўтара. У якасці газетнага загалоўка аўтары часта выбіраюць фрагмент мастацкага тэксту як беларускіх, так і рускіх аўтараў. Ёсць выпадкі, калі выказ­ванне прайшло некалькі этапаў, і тады чытач часцей свядома ўзнаўляе непершапачатковую крыніцу. Напрыклад, назва аднаго з артыкулаў “Хутчэй. Вышэй. Мацней. І культурна…” (параўн.: “Хутчэй. Вышэй. Мацней” — выказванне французскага святара Анры Дзідона). А адрасат часцей успрымае назву артыкула як алюзію на дэвіз Алімпійскіх гульняў.

Настаўніца. Паспрабуйце вызначыць, што кіруе аўтарам пры выбары крыніцы цытавання? (Удзельнікі выказваюць свае меркаванні і фармулююць вывад: падчас цытавання аўтар абапіраецца на ўласны вопыт, нацыянальнае, культурнае мысленне, важную ролю адыгрываюць таксама час і сацыяльныя ўмовы. Самае галоўнае, каб цытата была дарэчы і адпавядала задачам выкарыстання.)

Вучаніца. Пры ўвядзенні цытаты ў новы кантэкст нярэдка ўзнікаюць новыя сэнсы, якія з’яўляюцца вынікам перакрыжавання зместу цытаты і каментарыя аўтара. Адносіны аўтара тэксту да цытаты перадаюцца шляхам структурна-семантычных дзеясловаў-звязак, якія падказваюць, у якім кірунку неабходна разглядаць цытату. Звернем увагу на наступную цытату: “У нас на мовазнаўчай кафедры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта смяяліся: “Беларусы — лянівыя! Ці ж будуць яны адсочваць, як правільна вымаўляецца складанае запазычанае слова?” З дапамогай лексемы “смяяліся” аўтар паказвае безгрунтоўнасць гэтага выказвання. Такія дзеясловы з’яўляюцца своеасаблівым эмацыянальна-­ацэначным каментарыем. Было адзначана, што ў газетных артыкулах у 53% выпадкаў цытата ўводзілася ў кантэкст з дапамогай аўтарскага каментарыя-дзеяслова. Наступная табліца ілюструе найбольш пашыраныя варыянты дзеясловаў і іх семантыку.

Семантыка дзеяслова

Прыклады

Вербальнасць

Сказаў, кажуць, гаварыў, тлумачыў, выказаўся, выказвае, паведаміла, расказаў, скажа, чую, дзеліцца, тлумачыць, пяецца

Пытальнасць

Запытала, памятаеце словы

Далучэнне

Пачынаецца словамі

Увага

Адзначыў, звярнула ўвагу, падкрэсліваюць, спыняецца

Дэкларатыўнасць

Абвяшчае, захоплена дэманструе, запэўніла, зазначыў, жадаем, прызнаецца, раскрывае сакрэт, заявіў

Разумовыя працэсы

Згадваў, вучылі, лічыць, перафразуем, падзяліўся, пісаў

Эмацыянальныя станы

Пачаў сумаваць, абураўся, жартуе, смяяліся, шкадуе, падзяліўся эмоцыямі, паскардзіўся

 

Настаўніца. Спадзяёмся, што прадстаўлены матэрыял дапаможа вашым вучням без цяжкасцей выкарыстоўваць цытаты ў творчых работах.

Вучаніца. Лінгвісты адзначаюць сувязь пазіцыі цытаты ў тэксце і яе функцыі. У газетным тэксце адзначаны адзіны выпадак выкарыстання цытаты-эпіграфа. На думку Н.А.Кузьміной, “інфармацыя, якая ўводзіцца эпіграфам, можа быць двух тыпаў: інфармацыя пра аўтара, які выбірае эпіграф, і інфармацыя пра тэкст, які размяшчаецца пад эпіграфам”. На вашу думку, якую інфармацыю ў вучнёўскіх сачыненнях змяшчае цытата-эпіграф? Наколькі шырока вучні выкарыстоўваюць цытаты ў якасці эпіграфа?

Настаўніца. У газетным артыкуле цытаты часцей выкарыстоўваюцца ў якасці загалоўкаў. Прачытайце, калі ласка, на рабочых лістах у трэцім заданні прыклады цытат-загалоўкаў і вызначце іх самую яркую асаблівасць.

Матэрыял для аналізу:

1. Не варажы на рамонку, а ідзі да мар.

2. Ці то яшчэ было.

3. У гарадскім садзе іграе
аркестр.

4. Каб любіць Беларусь сваю…

5. Яны змагаліся за Радзіму.

6. Каб роднае карэнне не згніло.

7. Рунь чуе грунт свой.

8. Дзе пачынаецца Радзіма?

 

Настаўніца. Сапраўды, у гэтай ролі выступаюць словы, добра вядомыя чытачам розных узростаў. Цытата-загаловак выконвае функцыю прыцягнення ўвагі чытача, у некаторых выпадках выступае як анонс.

Вучаніца. Намі было адзначана, што ў тэкстах сучасных газет цытаты выступаюць сродкам самавыяўлення аўтара, спосабам вызначэння семантычных арыенціраў. Яны могуць рэалізаваць цэлы спектр функцый.

Настаўніца. Перайдзіце праз QR-код да табліцы з пералікам некаторых функцый цытат. Абмяркуйце ў групах, што сабой уяўляе тая ці іншая функцыя.

Вучаніца. Як бачыце, спектр функцый, якія выконва­юць цытаты, шырокі. Вядома, функцыя цытаты вызначаецца найбольш дакладна пры кантэкстуальным аналізе. Але і прапанаваны матэрыял дае магчымасць зрабіць выснову аб важнасці чужога маўлення для ілюстрацыі ўласнай думкі. Трэба адзначыць, што ў маўленчай практыцы функцыя цытаты не адзіночная: часцей за ўсё можна назіраць спалучэнне функцый. Напрыклад, у цытаце “Хоць Мікалай Раманоўскі з’явіўся на свет у маёнтку Боркі, сваёй радзімай лічыў Цімкавічы: “Як мая душа рвецца туды! Яна заўсёды там!” назіраем спалучэнне эмацыянальнай функцыі і функцыі характарыстыкі.

(Падвядзенне вынікаў: зварот да цытат, якія аналізаваліся ў пачатку заняткаў.)

Ганна ТРАФІМОВІЧ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
сярэдняй школы № 5 Мастоў Гродзенскай вобласці