Цьютарскае суправаджэнне педагогаў

Сучасны педагог павінен не толькі правільна засвойваць інфармацыю, але і правільна карыстацца ёй, перадаючы назапашаныя веды вучням і развіваючы ў іх пэўныя ўменні і навыкі. Адзін з паказчыкаў прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў — здольнасць да самаадукацыі, імкненне да пастаяннага росту і самаўдасканалення. Асаблівую ролю ў павышэнні кампетэнтнасці педагогаў займае метадычная работа, заснаваная на праектна-мэтавым падыходзе.

Прааналізаваўшы дзейнасць настаўнікаў школы за апошнія гады і вопыт, набыты пры рэалізацыі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў (“Укараненне тэхналогіі цьютарскага суправаджэння адораных вучняў як спосаб пабудовы індывідуальнай адукацыйнай траекторыі” і “Укараненне мадэлі арганізацыйна-кіраўніцкіх умоў прафесійнага развіцця педагогаў ва ўстанове адукацыі”), узнікла неабходнасць у цьютарскім суправаджэнні педагогаў шляхам праектна-мэтавых метадаў.

Цьютарскае суправаджэнне прадугледжвае індывідуалізацыю не толькі адукацыйнага працэсу, але і дадатковай прафесійнай адукацыі, што стварае аснову для рэалізацыі персаніфікаванай мадэлі, якая адпавядае сучасным патрабаванням у галіне павышэння кваліфікацыі педагогаў, забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць іх дадатковай адукацыі.

Цьютарамі педагогаў у школе могуць быць творчыя настаўнікі, кіраўнікі метадычных фарміраванняў і намеснікі дырэктара. Кожны педагог, як і вучань, індывідуальны. У кожнага свой узровень падрыхтоўкі.

Цьютарскае суправаджэнне педагогаў прадугледжвае стварэнне насычанага адукацыйнага асяроддзя з аптымальнымі ўмовамі для развіцця асобы і прафесіяналізму кожнага з улікам індывідуальных асаблівасцей і адукацыйных запытаў. Індывідуальны падыход да настаўнікаў раскрывае іх патэнцыял, адкрывае новыя магчымасці, развівае творчыя здольнасці. Для гэтага цьютары спалучаюць індывідуальныя і групавыя формы дзейнасці як аснову прафесійнага дыялогу, выкарыстоўваюць розныя метады стымулявання творчага росту педагогаў, укараняюць новыя эфектыўныя формы метадычнай работы з захаваннем традыцыйных.

Асноўнымі этапамі цьютарскага суправаджэння з боку намесніка дырэктара з’яўляюцца праекціровачны, арганізацыйна-матывацыйны, інфармацыйна-кансультацыйны, аналітычны і рэфлексіўны. На кожным з іх функцыя цьютара канкрэтызуецца з улікам актуальных задач. Так, на праекціровачным этапе намеснік дырэктара выступае ў якасці члена каманды распрацоўшчыкаў цьютарскай праграмы, якая ўключае мэты, формы, метады, сродкі, вучэбныя курсы, семінары, варыянты індывідуальных адукацыйных праграм і маршрутаў, арганізацыйна-метадычную і нарматыўную дакументацыю, інфармацыйна-метадычныя матэрыялы і патрабаванні да інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя, што стварае ўмовы для сацыяльнага, адукацыйнага і прафесійнага самавызначэння педагогаў. Такім чынам былі распрацаваны праекты “Здаровая школа”, School StartUP, “Сцяжынкамі роднага краю” і “Энергія. Маладосць. Поспех”, арганізавана дзейнасць клуба “ЛАДьЯ” і бацькоўскага клуба “Разам за руку з сям’ёй”. Акрамя таго, былі распрацаваны праграмы грамадска карыснай дзейнасці для вучняў 8—10 класаў па працоўным выхаванні і прафарыентацыі школьнікаў, фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця і арганізацыі выхаваўча-аздараўленчых мерапрыемстваў. Важную ролю ў павышэнні прафесійнага майстэрства педагогаў адыгрывае рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце.

Арганізацыйна-матывацыйны этап выконвае каардынацыйную функцыю. Падчас яго ствараецца спрыяльная эмацыянальная атмасфера для стымуляцыі адукацыйнага працэсу, наладжваюцца сацыяльныя кантакты паміж педагогамі, вырашаюцца тэхнічныя пытанні, арганізоўваюцца вэб-зносіны, дыстанцыйныя курсы, вочны/завочны ўдзел у канферэнцыях і семінарах, тыражуюцца і рассылаюцца выніковыя дакументы.

Інфармацыйна-кансультацыйны этап вызначае пазіцыю цьютара, які павінен арыентавацца ў рэсурсах адукацыйнага асяроддзя, дапамагаць выбудоўваць адукацыйны рух педагогаў, аказваць ім кансультацыйную падтрымку і дапамогу ў цяжкіх сітуацыях падчас самастойнай ці групавой работы, сістэматызацыі атрыманых тэарэтычных ведаў і практычных навыкаў, паказваць спосабы трансфармацыі іх у прафесійную дзейнасць, дапамагаць наблізіцца да намечаных мэт, вырашыць праблемы асобаснага і прафесійнага самавызначэння.

На аналітычным этапе цьютар фіксуе асобасныя даныя і здольнасці педагогаў, іх планы і намеры, інтарэсы і схільнасці, матывы і гатоўнасць да сацыяльна-прафесійнага самавызначэння, аналізуе партфоліа асобаснага развіцця, вынікаў навучання і інш.

Падчас рэфлексіўнага этапу педагогі асвойваюць адпаведныя ўменні і навыкі.

Праектна-мэтавы метад павышэння прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў дазваляе падтрымаць ініцыятыву ў выбары спосабаў дзейнасці, забяспечыць бесперапыннасць самаадукацыі, індывідуалізацыю і адкрытасць уласнай адукацыйнай дзейнасці.

Намеснік дырэктара арганізоўвае для цьютарантаў сітуацыі самавызначэння, самаадукацыі, самаажыццяўлення і самарэалізацыі ў прафесіі, уключаючы іх у розныя віды дзейнасці, дзякуючы чаму яны бачаць праблемы ўласнай практыкі, выбудоўваюць шляхі іх вырашэння, ствараюць праграмы пераўтварэнняў, звязаныя з павышэннем якасці адукацыі. Цьютарскае суправаджэнне дапамагае настаўнікам усвядоміць патрэбу ў неабходнасці змен у сваёй дзейнасці і пабудовы новай, арганізаваць яе аналіз і рэфлексію.

Работа з педагогамі ўключае інфармацыйныя, доўгатэрміновыя, праектныя і праблемныя семінары, курсы павышэння кваліфікацыі, дзейнасць творчых груп па абагульненні і распаўсюджванні эфектыўнага педагагічнага вопыту.

Усё гэта фарміруе насычанае адукацыйнае асяроддзе, якое стварае ўмовы для паспяховага ўдасканалення прафесійнага майстэрства і развіцця творчага патэнцыялу, авалодання інавацыямі і прагрэсіўнымі тэхналогіямі, павышэння эфектыўнасці і якасці адукацыйнага працэсу.

Дадатковая педагагічная адукацыя найбольш эфектыўная тады, калі настаўнікі самі выбіраюць змест, формы і спосабы навучання. Праектуючы далейшае самаразвіццё, яны абапіраюцца на праблемы і супярэчнасці, выяўленыя падчас самааналізу, карэкціруюць далейшую дзейнасць.

Для пабудовы траекторыі ўласнай прафесійнай адукацыі распрацаваны індывідуальныя адукацыйныя праграмы, арганізаваны прафесійныя пробы і практыка.

Прафесійная кампетэнтнасць настаўнікаў — галоўны рэсурс якасці адукацыйнага працэсу. Дзякуючы праектна-мэтаваму метаду кіравання павышэннем прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, яны рэгулярна павышаюць яе ўзровень, больш ахвотна выкарыстоўваюць інавацыйныя тэхналогіі ў сваёй дзейнасці, актыўна ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства, семінарах, майстар-класах і канферэнцыях. Акрамя таго, ствараецца неабходнае адукацыйнае асяроддзе для абмену вопытам, самавыяўлення і раскрыцця прафесійнага і творчага патэнцыялу.

Вольга ІЗБІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце
Малоткавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна.