Турнір аматараў царыцы навук

- 11:09Навіны рэгіёнаў

Матэматычна апісаць гульню, ацаніць геаметрычныя мініяцюры і ўявіць сабе гадзіннік з паскарэннем давялося ўдзельнікам турніру юных матэматыкаў. Тыя, хто годна справіўся з гэтымі і іншымі няпростымі задачамі, сталі ўдзельнікамі абласнога спаборніцтва, якое традыцыйна прайшло ў Мінскім абласным ІРА.

У VIII Абласным турніры юных матэматыкаў бралі ўдзел 53 юнакі і дзяўчаты ў складзе 9 каманд. Гэта прадстаўнікі Клецкага, Нясвіжскага, Мінскага, Мядзельскага, Слуцкага, Смалявіцкага, Салігорскага, Чэрвеньскага раёнаў. У склад журы ўвайшлі выкладчыкі і таленавітыя студэнты факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ.

Матэматычныя баі доўжыліся на працягу двух дзён. Журы і балельшчыкі сачылі за тым, як дакладчыкі, апаненты, рэцэнзенты і назіральнікі горача адстойвалі сваё меркаванне. Па выніках спаборніцтваў пераможцай стала зборная каманда Салігорска пад кіраўніцтвам К.Г.Гоглевай. Другое месца падзялілі паміж сабой каманды Смалявіцкай раённай гімназіі пад кіраўніцтвам Д.М.Дубаневіча і гімназіі № 1 імя А.В.Караля Чэрвеня пад кіраўніцтвам Л.В.Баброўскай і Н.У.Пабойкінай. Зборная Нясвіжскага раёна і Бараўлянскай гімназіі апынуліся на трэцяй ступені п’едэстала гонару.

Дар’я РЭВА.
Фота Марыі АРЭХ.