Турзлёт на беразе Нёмана

- 10:31Спартыўныя падзеі

Днямі ў Стаўбцоўскім раёне Мінскай вобласці на маляўнічых берагах Нёмана прайшоў V Рэспубліканскі турыстычны злёт прафсаюзаў. Касцяк зборнай каманды Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі прадстаўляла Брэстчына, каманда якой раней стала пераможцай галіновага турыстычнага злёту 2017 года. Да брэстаўчан далучыліся іх калегі з іншых рэгіёнаў.

Першымі ў спартыўным арыентаванні сталі педагогі Вадзім Ерманок (Бабруйск), Алег Паўлючук (Брэст), Людміла Скіндар (Брэст), Марына Каржова (Магілёў). Дзякуючы зладжанай каманднай рабоце, перамаглі ў тэхніцы пешаходнага турызму Андрэй Васільеў з Віцебска, мінчанін Максім Барысенка, Таццяна Кавалёнак з Віцебскай вобласці, Юлія Каплуноўская з Віцебска.

Педагогі ўвайшлі ў пяцёрку наймацнейшых каманд у спаборніцтвах па тэхніцы веласіпеднага турызму: Леанід Сухоцкі з Гродна, Андрэй Ермашкевіч таксама з гэтага горада, Таццяна Кавалёнак, Ганна Саковіч з Гродна. У пяцёрцы наймацнейшых каманд па тэхніцы воднага турызму аказаліся муж і жонка Уладзімір і Наталля Гусевы (Брэст), Уладзімір Засім (Брэст), Вадзім Кірыковіч (Баранавічы).

Высока ацаніла журы стравы, творчы падыход да іх гатавання на вогнішчы педагогаў устаноў Брэсцкай вобласці. Людміла Паўлоўская, Алена Гузарэвіч, Вольга Прыгодзіч, Таццяна Давыдава, Алег Паўлючук сталі чацвёртымі на турыстычным фестывалі ежы “Гатуем разам”.

Стала традыцыяй праводзіць тэматычныя турзлёты. У гэтым годзе ўдзельнікі ад прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, якія прадстаўлялі турыстычны лагер “З намі ў прафсаюзную будучыню, або Хто, калі не мы”, прапанавалі журы наведаць імправізаваныя ўрокі геаграфіі, хіміі, а таксама вызначыцца з прафарыентацыяй у сапраўднай “кузні” кадраў.

Па выніках дзесяці (пяці спартыўных і пяці творчых) конкурсаў каманда галіновага прафсаюза заняла 4-е месца сярод 17 каманд-удзельніц.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва галіновага прафсаюза.