Адным з цэнтральных мерапрыемстваў рэспубліканскага свята “Баранавічы — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2016” стаў круглы стол, на якім прарэктары па выхаваўчай рабоце, начальнікі ўпраўленняў па выхаваўчай рабоце ўстаноў вышэйшай адукацыі разам з кіраўніцтвам Міністэрства адукацыі аналізавалі на базе Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта сучасныя падыходы ў арганізацыі ідэалагічнай і выхаваўчай работы з моладдзю.
Спектр агучаных пытанняў быў разнастайны. Тут і краязнаўчая, і спартыўная работа, і прафілактыка правапарушэнняў, і выхаванне лідарскіх якасцей студэнтаў. На першым месцы ў абмеркаванні стала грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, работа сістэмы вышэйшай адукацыі ў адпаведнасці з нацыянальнымі інтарэсамі краіны. Асаблівую актуальнасць гэтае пытанне набыло пасля ўступлення Рэспублікі Беларусь у Балонскі працэс. — Дакладна прадбачыцца ўдзяленне большай увагі рабоце са студэнцкай моладдзю. Трэба памятаць, што дзейнасць вядучых універсітэтаў краіны знаходзіцца пад асаблівай увагай з боку дзяржавы. У нашай рабоце дробязей не бывае, — адзначыў намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык.
Колькасцю мерапрыемстваў нельга падмяніць канкрэтную змястоўную работу, акцэнт трэба засяродзіць на знакавых праектах і гістарычных датах, напрыклад, грамадзянска-патрыятычным праекце “Збяры Беларусь у сваім сэрцы”, які стаў працягам аднайменнай краязнаўчай акцыі навучэнскай моладзі. “Што тычыцца выхаваўчай работы са школьнікамі, то тут у нас выпрацавана сістэма. Часта бывае, што цікавы рэгіянальны праект выходзіць на рэспубліканскі ўзровень”, — адзначыў намеснік міністра.
Год культуры з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для самарэалізацыі. І пачаць, на думку Віктара Віктаравіча, можна з удзелу ў галоўным студэнцкім мерапрыемстве года — “АРТ-вакацыях”. “Дзякуй і Міністэрству адукацыі, і ўсім установам за падтрымку, бо без гэтай падтрымкі такі маштабны праект не змог бы паспяхова дзейнічаць на працягу 14 гадоў. У Год культуры “АРТ-вакацыі” звернуцца да класікаў беларускай літаратуры, музычнай творчасці. Фестываль прадугледжвае разнастайныя віды мастацкай творчай дзейнасці, таму сёння кожная ўстанова вышэйшай адукацыі, якая мае творчыя аб’яднанні, можа быць актыўна ўключана ў фестываль. У гэтым годзе фестываль праходзіць пад дэвізам “У новых магчымасцях часу новыя магчымасці творчасці”, які будзе рэалізаваны ў тым ліку пры падтрымцы інтэрнэт-партала творчай моладзі Artviva.by”, — адзначыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў навучэнскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі сустаршыня журы Рэспубліканскага фестывалю “АРТ-вакацыі” Алена Сяргееўна Лаўрыновіч.
Год культуры будзе багаты і на рэгіянальныя мерапрыемствы (напрыклад, маладзёжны форум “Сяброўства без межаў”), і на мерапрыемствы, прысвечаныя знакавым датам: 25-годдзю незалежнасці Рэспублікі Беларусь, 25-годдзю стварэння СНД, 20-годдзю Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, 75-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Будзе і далей удзелена ўвага развіццю конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, а таксама стартапам. У першым паўгоддзі наша краіна прыме савет па справах моладзі краін СНД. Яшчэ адно значнае мерапрыемства — гэта форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, дзе асобная пляцоўка будзе прысвечана маладзёжнай палітыцы.
Іміджавым момантам для нашай краіны з’яўляецца яе прэзентацыя на міждзяржаўным узроўні. Прыём замежных грамадзян таксама выхаваўчая работа. У мінулы Год моладзі, па словах Віктара Віктаравіча Якжыка, у краіне была праведзена вялікая работа ў сферы маладзёжнай палітыкі, але не трэба спыняцца. Работа з моладдзю патрабуе ўвагі заўсёды.
Не трэба забываць, хаця мы часам і забываем, што ўстановы вышэйшай адукацыі — гэта тэрыторыі, вольныя ад курэння. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць папулярызацыі здаровага ладу жыцця, развіццю спорту. Дарэчы, з гэтага года па даручэнні кіраўніка дзяржавы зменіцца формула правядзення Рэспубліканскай універсіяды. З загадчыкамі кафедраў і прарэктарамі пройдзе асобная нарада, на якой будуць абмеркаваны адпаведныя змяненні, а таксама пытанне развіцця студэнцкіх ліг. Важным з’яўляецца і пытанне развіцця студэнцкіх атрадаў, у мінулым годзе колькасць удзельнікаў якіх павялічылася да 70 тысяч.
Для правядзення больш эфектыўнай выхаваўчай работы неабходна стварыць ва ўстановах вышэйшай адукацыі ў дапамогу прарэктарам спецыяльную аналітычную групу. Такое рашэнне, як мяркуецца, дапаможа больш аператыўна вызначаць і вырашаць праблемныя пытанні. Гэтыя пытанні будуць узнімацца і на сёлетнім рэспубліканскім семінары, прысвечаным правядзенню выхаваўчай работы ва ўстановах вышэйшай адукацыі, і, безумоўна, на пасяджэнні калегіі Міністэрства адукацыі па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце, якая запланавана на восень бягучага года.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.