Творчасць — вымярэнне маладосці

- 15:47"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў, Культура

Падарожнічалі на трамваі, чыталі модную класіку і тэсціравалі “Новы фармат творчасці — у новых магчымасцях часу”: 15 красавіка на Віцебшчыне адбыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці “АРТ-вакацыі”. 

— Сёння быў незвычайна складаны і плённы дзень, — падзялілася ўражаннямі па завяршэнні больш чым васьмігадзіннага арт-марафону старшыня рэспубліканскага журы загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч. — Асабіста я атрымала вялікую асалоду як глядач і радасць як адзін з членаў рэспубліканскага камітэта і экспертнай групы. Віцебшчына выбрала вельмі цікавы фармат: кожная УВА паказала сваю праграму, арганічна ўплеценую ў агульную арыгінальную канцэпцыю. У выніку абласны этап фестывалю стаў не проста падзеяй, а праявай сумеснага быцця пяці ўстаноў вышэйшай адукацыі Віцебшчыны ў фармаце творчага non-stop.

…Старт мерапрыемствам быў дадзены ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава. Папулярны ў студэнцкім асяроддзі “Паэтычны тэатр на філалагічным” прапанаваў да “Рэцытацыі” інтэрактыўную літаратурна-музычную кампазіцыю “Максім Багдановіч. Маладыя гады, маладыя жаданні”.

— Чытаць творы класікаў вельмі важна, бо гэтыя творы пра Чалавека, кожнага з нас і наша свабоднае, шчаслівае жыццё. Класічныя творы дапамагаюць нам стаць лепшымі і больш аб’ектыўна зразумець саміх сябе, — разам са сваімі студэнтамі пераконвае рэжысёр-пастаноўшчык дацэнт ВДУ Віталь Падстаўленка. — Мы імкнуліся прадставіць сучасную інтэрпрэтацыю творчасці Максіма Багдановіча, які быў бліскучым знаўцам сусветных мастацкіх традыцый і шчырым патрыётам нашай Бацькаў-шчыны. Таму праз яркія прыклады з яго паэтычнай спадчыны мы магістральна праводзілі ідэі, што ведаць Багдановіча — гэта модна, ведаць Багдановіча — гэта значыць быць у трэндзе!

“Унікальны і надзвычай карысны вопыт — школа мастацкага майстэрства, моцны каталізатар творчай актыўнасці, самавыяўлення і развіцця, самая цікавая і найбольш эфектыўная з убачаных намі мадэлей кантакту з маладзёжнай аўдыторыяй у кантэксце літаратуразнаўства”, — такая высокая ацэнка журы, безумоўна, натхніць маладых філолагаў на новыя задумы і здзяйсненні.

Тым часам эпіцэнтр фестывалю перамясціўся на новую пляцоўку: у Віцебскім дзяржаўным ордэна Дружбы народаў медыцынскім універсітэце свае канцэртныя праграмы прадставілі гаспадары — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт і Віцебская дзяржаўная ордэна “Знак пашаны” акадэмія ветэрынарнай медыцыны. Віцебск — горад, дзе калісьці выправіўся ў шлях першы на тэрыторыі сучаснай Беларусі трамвай. Арганізатары згадалі гэты адметны гістарычны факт і паклікалі ўдзельнікаў “АРТ-вакацый” у захапляльную віртуальную экскурсію па гарадах, універсітэтах і акадэміі. Ці не занадта гэта смела нават ва ўяўленні — пракаціцца на трамваі з Віцебска да Полацка? Якраз і не: ёсць жа яшчэ і рачны трамвайчык! Такім чынам, на некалькі гадзін свята мастацтва і майстэрства, натхнення і крэатыву ўступіла ў свае правы.

— У ВДМУ праграма атрымалася вельмі сімпатычная, цэласная, яркая, дынамічная. Вельмі прыемна, што мы ўбачылі ўсе напрамкі студэнцкай творчасці, неабходныя менавіта ў рамках УВА для таго, каб выконваць выхаваўчыя задачы, — адзначыла Алена Лаўрыновіч. — Праграма ПДУ адразу прываблівае сваім фарматам: яна прагучала як музычны спектакль, дзе пастаноўшчык, рэжысёр, аўтар ідэі, тэксту і ён жа галоўная дзеючая асоба — студэнт. Прычым гэты студэнт падае свой тэкст асэнсавана, сучасна — няма павярхоўнасці і схаластыкі. Зараз папупярна, калі на музыку чытаюць вершы. А тут студэнт іх піша — гэта здорава! Уласнае непаўторнае аблічча, пазнавальны творчы почырк маюць і калектывы акадэміі ветэрынарнай медыцыны, асабліва неабходна вылучыць вакалістаў і народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь студыю эстраднай песні “Канстанта”. А калі вярнуцца да Полацка і новых тэндэнцый “АРТ-вакацый”, то гэты горад і Полацкі ўніверсітэт, бясспрэчна, маюць права прэтэндаваць на статус адной з вядучых пляцовак фестывальных падзей — думаю, наступны раз так яно і атрымаецца.

Гледачы, якім пашчасціла ўбачыць выступленні калектываў ВДУ імя П.М.Машэрава і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта на сцэне ВДТУ, шчыра віталі любімых артыстаў апладысментамі. Праграмы кожнай з УВА-суседак, дзе завяршыў падарожжа незвычайны трамвайчык, прываблівалі па-свойму — агульнымі заставаліся ўс плёск эмоцый і сіла ўражанняў. Як заўважыў кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Ансамбль танца “Белая Русь” член рэспубліканскага журы Анатоль Карповіч, большасць харэаграфічных пастановак ВДУ былі заяўлены ў рамках “PRO-вакацыі” і выразна прадэманстравалі, што танец тут — масавае захапленне, і гэта вельмі пазітыўны прыклад.

Ад імя журы Алена Лаўрыновіч выказала падзяку ўпраўленню адукацыі Віцебскага аблвыканкама і рэгіянальным УВА за выдатнае свята:

— У завяршэнне не магу не спыніцца на важнай адметнасці ўбачаных сёння праграм: многія нумары носяць прафарыентацыйны характар, іх можна прадстаўляць на рэспубліканскім узроўні як канкрэтны прыклад. Гэтыя напрацоўкі, а таксама вопыт па арганізацыі ўзаемадзеяння УВА ў рамках рэгіёна мы будзем трансліраваць іншым абласцям.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.