Творчасць яднае пакаленні

- 11:30Навіны рэгіёнаў

Увесь Навагрудак у гэты дзень ператварыўся ў арт-пляцоўку. Тры навучальныя ўстановы горада прымалі ўдзельнікаў заключнага канцэрта конкурсу мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гродзенскай вобласці. Фестываль “Арт-выкацыі” праходзіў у гэтым годзе пад дэвізам “Моладзь і час: подзвіг у імя будучыні”.

Тэматычны падзел заключнага канцэрта на чатыры часткі — “Памяць”, “Подзвіг”, “Час“ і “Будучыня” — дазволіў арганічна спалучыць усе кірункі творчых захапленняў маладых выканаўцаў, стварыць спектакль, дзе з мінулага да нашых часоў працягнулася ніць памяці, прадаўжэння традыцый, пашаны да подзвігу пераможцаў, пошуку новых форм праяўленння творчых здольнасцей, і паказаў, што памяць яднае пакаленні.
Першую частку канцэрта распачалі навучэнцы Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У актавай зале Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа пад гукі “Паланэза” закружыліся пары ўдзельнікаў танцавальнага калектыву, а члены тэатра гістарычнага касцюма “Лідзейка” прадставілі членам журы і гледачам сцэнкі з жыцця сярэдневяковай Беларусі. Да гасцей звярталіся гістарычныя асобы — Гедымін і Вітаўт, гучала старадаўняя музыка. А калі ўдзельнікі канцэрта запрасілі на танец гледачоў, аб’яднаўшыся ў кола часу, то нават і члены журы не адмовіліся патанцаваць разам з імі.
Цудоўна прагучаў і “Паланэз” акапэла ў выкананні вакальнага ансамбля “Надзея” Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва. А хлопцы з фальклорнай групы Ваўкавыскага дзяржаўнага будаўнічага прафесійнага ліцэя зараджалі гледачоў энергіяй, выконваючы народныя песні “Канапелькі” і “Мяшчаначка”. Фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Карані” (Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліяратыўнага будаўніцтва) прадставіў народны танец “Вярхлідскія нажнічкі”, запісаны ў вёсцы Верх-Ліда Лідскага раёна ў 2014 годзе.
Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй стаў месцам правядзення другой часткі праграмы — “Подзвіг”, якая прысвячалася 70-годдзю Вялікай Перамогі. Навучэнцы ліцэя прадставілі танцавальную кампазіцыю “Заўтра была вайна”. Усе нумары гэтай часткі праграмы былі ўключаны ў пастаноўку тэатра эстрадных мініяцюр Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага “Пакуль я памятаю, я жыву”. Гучалі песні ваенных гадоў, інструментальны ансамбль Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа выканаў папуры на тэму песень тых часоў. Моладзь паказала сваё паважлівае стаўленне да гераічных падзей нашай гісторыі і ветэранаў, якія прынеслі нам перамогу.
Удзельнікі заключнага канцэрта ўсклалі вянок да помніка загінуўшым у гады вайны. Чырвоныя гваздзікі былі ўручаны ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Рыгору Пятровічу Рахманько, якога запрасілі на канцэрт.
Гледачамі заключных частак канцэрта — “Час” і “Будучыня” — сталі і школьнікі Навагрудка. Для іх у Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы арганізавалі выставу-прэзентацыю 21 навучальнай установы, што прынялі ўдзел у заключным прадстаўленні. Будучыя абітурыенты маглі азнаёміцца з умовамі паступлення, прафесіямі. Наглядным прыкладам таго, як можна спалучаць навучанне з творчасцю, сталі нумары розных жанраў — танцы, песні, дэкламацыя, прадстаўленне дызайнерскіх калекцый адзення, літаратурна-музычныя кампазіцыі, дэфіле-шоу і нават выступленне групы барабаншчыц з Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну. Выступленне дзяўчат пад музыку “Балеро” Марыса Равэля выклікала гарачыя апладысменты гледачоў, не менш цікавым і таленавітым быў яшчэ 21 нумар праграмы. Дэвіз апошняй часткі канцэрта — “Будучыня” — паказаў, што сучасныя напрамкі мастацтва падуладныя і цікавыя маладым выканаўцам. Так, навучэнцы Воранаўскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці прадставілі дэфіле-шоу “Стылягі”, навучэнка Слонімскага дзяржаўнага медыцынскага каледжа Кацярына Мікша выканала народную песню “Рэчанька” ў такой сучаснай манеры, што зала гатова была пад яе танцаваць, як на сучаснай дыскатэцы.
Заўтра гэтыя хлопцы і дзяўчаты стануць трактарыстамі і цырульнікамі, кухарамі і меліяратарамі, мулярамі і слесарамі, а сёння яны былі танцорамі і спевакамі, якіх мастацтва зрабіла вельмі прыгожымі, што і паказала выступленне агітбрыгады “Гродзенскія ўмельцы” з Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага тэхналагічнага каледжа.
І такіх таленавітых і адораных навучэнцаў у сістэме прафесійнай адукацыі Гродзеншчыны шмат.
— Больш за 250 калектываў і салістаў з 37 навучальных устаноў прынялі ўдзел у фестывалі. Дыпломамі І ступені ўзнагароджаны 28 калектываў і асобных удзельнікаў, уручана 35 дыпломаў ІІ і ІІІ ступені, — паведаміла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Лілія Курылёнак. — Вялікай удзячнасці заслугоўваюць педагогі дадатковай адукацыі, якія падрыхтавалі сваіх выхаванцаў да паспяховых выступленняў на “Арт-вакацыях”. Гэта Алена Клімава з Ваўкавыскага будаўнічага ліцэя, Рыма Урублеўская з Гродзенскага каледжа тэхнікі, тэхналогіі і дызайну, Вольга Баран з Гродзенскага тэхналагічнага каледжа, Уладзіслава Аўгусціновіч, якая кіруе мастацкай самадзейнасцю ў Гродзенскім электратэхнічным каледжы. Танцавальны калектыў і хор Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхнічнага каледжа выдатна падрыхтавала да выступлення Алена Лаздзін. І пералік гэтых адказных і крэатыўных людзей можна дапоўніць не адным дзясяткам прозвішчаў.
Завяршыўся яшчэ адзін этап “Арт-вакацый”. Наперадзе юных талентаў чакае галоўнае выступленне — фінал у Маладзечне.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Алы РУБАШКІ.