Творчасць, звернутая ў будучыню

- 11:05Культура

Амаль 500 юнакоў і дзяўчат з 28 ПТНУ і ССНУ Брэстчыны прынялі ўдзел у заключным гала-канцэрце, арганізаваным у Пінскім гарадскім доме культуры па выніках абласнога этапу Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”. Сёлетняе мерапрыемства праходзіла пад дэвізам “Творчасць моладзі — словы будучыні” і прысвячалася 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году малой радзімы.

— Фестываль праводзіцца з мэтай фарміравання каштоўнасных адносін моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, грамадзянска-патрыя­тычнага выхавання, укаранення сацыякультурных навацый, падтрымкі цікавых ініцыятыў, творчага развіцця і самарэалізацыі маладога пакалення, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — Фестываль адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні мола­дзі, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы харэаграфічнага, вакальнага, фальклорнага, інструментальнага і тэатральнага жанру дэманструюць сваё майстэрства на інтэрактыўных пляцоўках, у марафонах і тэматычных канцэртных праграмах, прэзентуюць сучасныя напрамкі развіцця мастацтва і цікавыя арт-ідэі, традыцыйныя і інавацыйныя рашэнні, узоры аматарскай творчасці.

— У абласным этапе сёлетняга рэспубліканскага фестывалю прынялі ўдзел каля 1500 навучэнцаў з 39 ПТНУ і ССНУ Брэстчыны, — паведаміла дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Т.П.Валявач. — У рамках фестывалю адбыліся агляд-конкурс мастацкіх калектываў і індывідуальных выканаўцаў “АРТ-вакацыі”, конкурс сучаснай лічбавай творчасці “Арт-партал”, конкурс інфармацыйна-метадычных распрацовак культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў для навучэнскай моладзі “Крэон” і інтэрактыўны праект “Рэцытацыя”. Абласное журы прагледзела і ацаніла выступленні 114 творчых калектываў і больш за 100 індывідуальных выканаўцаў, 75 работ па сучаснай лічбавай творчасці, 102 метадычныя распрацоўкі культурна-адпачынкавых мерапрыемстваў і 33 творчыя работы інтэрактыўнага праекта. Фестываль паказаў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў, жанравую разнастайнасць маладзёжнай творчасці, новыя віды і формы аматарскай мастацкай творчасці.    

Перад трохгадзінным канцэртам, дзе моладзь паказвала музычныя, харэаграфічныя, літаратурныя і тэатральныя здольнасці, была арганізавана прафарыентацыйная прома-акцыя “Твой выбар, выпускнік” для вучняў 9-х і 11-х класаў Пінска. Школьнікі пагля­дзелі відэаролікі, падрыхтаваныя ў рамках рэспубліканскага інфармацыйна-прафарыентацыйнага праекта “ПРАФ-БУМ”, наведалі прафарыентацыйныя майстар-класы і інтэрактыўныя прафарыентацыйныя пляцоўкі, арганізаваныя шэрагам ПТНУ і ССНУ, атрымалі ад псіхолагаў і спецыялістаў службы занятасці кансультацыі па пытаннях прафесійнага самавызначэння і працаўладкавання ў вольны час, паўдзельнічалі ў прафесійных спробах. 

Выступленні навучэнцаў падарылі гледачам шмат станоўчых эмоцый і незабыўных уражанняў і нікога не пакінулі абыякавымі. Адчувалася, што моладзь адносіцца да любімай справы з душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем. Творчыя набыткі навучэнцаў цікавыя і важкія.

— У навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — адзначыла А.С.Лаўрыновіч. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам у пэўнай прафесіі, але і творчай асобай. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі.

У фестывальных конкурсах дыпломы І ступені атрымалі духавы аркестр з Баранавіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя машынабудавання, аркестр народных інструментаў, маладзёжны акадэмічны хор, Кацярына Багатка, Дар’я Крупко і Ілья Стаскевіч з Пінскага каледжа БрДУ імя А.С.Пушкіна, ансамблі народнай музыкі і народнай музыкі і песні “Світанак”, узорны ансамбль народнай песні і музыкі “Таўкачыкі” з Кобрынскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, народны хор “Крынічанька”, мужчынская вакальная група, Аляксандр Саланевіч, Алег Лебедзеў і Уладзімір Лебедзеў з Пінскага дзяржаўнага ПТК лёгкай прамысловасці, творчае аб’яднанне “Эстрадная песня”, Хрысціна Шыкула і Іна Пракаповіч з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя чыгуначнага транспарту, Вольга Савіцкая і Валерыя Стракоўская з творчага аб’яднання “Вакальная студыя”, творчыя аб’яднанні “Сольныя спевы”, “Студыя сучаснага танца”, “Тэатр моды”, “Тэатр мініяцюр”, “Вакальная студыя” і “Клуб рэпарцёраў”, тэатр прычосак “Модус”, Хрысціна Рудман, Вераніка Давыдзік і Людміла Уласава з Баранавіцкага дзяржаўнага ПТК сферы абслугоўвання, творчыя аб’яднанні NEW VENTO, “Мікс” і “Валошкі” з Пінскага дзяржаўнага аграрнага тэхналагічнага каледжа, ансамбль народнай музыкі і песні, народны хор “Палессе” і творчае аб’яднанне “Ветразь” з Лунінецкага дзяржаўнага політэхнічнага ПТК, творчае аб’яднанне “Эстрадная песня” з Пінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, танцавальны калектыў з Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа, танцавальная група з Высокаўскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ПТК, тэатральны калектыў “Прытворшчыкі” і Аляксандр Рапецкі з Пінскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа імя А.Я.Кляшчова, народны агіттэатр “Кантраст” і Павел Міхан з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Я.Чарнышова, творчае аб’яднанне “Стэм” з Пінскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа БрДТУ, народны тэатр “На Мышанцы” і Наталля Чахоцкая з Навамышскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Максіміліян Жартун і Наталля Габрыльчук з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі, Настасся Мізерыя з Брэсцкага дзяржаўнага гандлёва-тэхналагічнага каледжа, Іван Арабейка і Алена Сашняніна з Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, Дзіяна Мароз, Вікторыя Антаневіч, Андрэй Маеўскі, Кацярына Мароз і Дар’я Кірэева з Кобрынскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сферы абслугоўвання, Марына Барэйка і Уладзімір Чухараў з Пінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, Людміла Тарасюк з Брэсцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, Уладзімір Няфёдаў з Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Вячаслаў Гембар, Кацярына Канановіч, Вераніка Нікуліна, Дзмітрый Ігнатчук і Таццяна Басалай з Івацэвіцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці, Марына Дабравольская, Максім Зелянко, Юрый Вярышка, Алена Пунько і Вадзім Юрэня з Бярозаўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў і інш. 

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.