Творчы падыход да трэнажораў

- 7:56Навіны рэгіёнаў

Ніколі не крыўдзіцца на людзей, вучыцца на сваіх памылках і заўсёды рабіць высновы — вось жыццёвая пазіцыя Віктара Аляксеевіча Яршова, педагога дадатковай адукацыі Гомельскага абласнога палаца творчасці і нязменнага кіраўніка фізкультурна-аздараўленчага клуба “Атлет”, у якім вось ужо 26 гадоў паспяхова выхоўваюцца ўсё новыя пакаленні юнакоў і дзяўчат. 

Віктар Аляксеевіч, несумненна, лепшы прыклад для сваіх выхаванцаў. У яго спартыўным дзённіку за год набягае сем тысяч кіламетраў на веласіпедзе, паўтары тысячы на лыжах, дзвесце ў плаванні, а дапаўняюць гэты спіс 250 трэніровак у трэнажорнай зале. А між тым мінулым летам ён адзначыў сваё 75-годдзе!

Дарослае жыццё педагога пачалося з ваеннага вучылішча, потым — ваенная акадэмія, служба ў ракетных войсках. Якраз падчас службы Віктар Аляксеевіч пачаў прафесійна займацца фізічнай культурай. Дэмабілізаваўся начальнікам фізічнай падрыхтоўкі дывізіі, праца з моладдзю, са спартсменамі была яму добра вядомай, таму адкрыць аздараўленчы клуб пасля звальнення ў запас было лепшым, што ён сабе ўяўляў.

Кіраўнік клуба “Атлет” не лічыць сябе спартсменам, гаворыць, што ён проста аматар, а любоў да спорту і здаровага ладу жыцця дапамагае яму трымаць моцнымі цела і розум. За 26 гадоў сваёй працы ён ні разу не хварэў і нязменна бадзёрым штодзень сустракае на занятках сваіх падапечных.

Працуючы з дзецьмі шмат гадоў, педагог штодня сутыкаецца з праблемай здароўя дзяцей і лічыць, што часткова ён можа выправіць гэта. У фізкультурна-аздараўленчым клубе, акрамя заняткаў у трэнажорнай зале, праводзяцца семінары па ўмацаванні ўласнага здароўя, тут займаюцца плаваннем, хадзьбой на лыжах, веласіпедным спортам, што дазваляе ў працэсе заняткаў сфарміраваць уласную сістэму аздараўлення.

Язда на веласіпедзе — адзін з самых любімых заняткаў. З ім у Віктара Аляксеевіча звязаны самыя цёплыя ўспаміны з дзяцінства. Першы маленькі двухколавы веласіпед “Дыямент” (так яскрава ўрэзалася гэтая падзея ў памяць, што ён і цяпер памятае назву) яму прывёз бацька ў 1945 годзе з фронту. Цяпер у яго іх некалькі, на рознае надвор’е.

— Гэта ўжо як частка мяне, — гаворыць Віктар Аляксеевіч. — Калі езджу ў Крым у адпачынак, заўсёды бяру з сабой веласіпед, у мінулым годзе ездзіў у Абхазію, катаўся там. Я люблю катацца ў гарах. Там спецыяльная нагрузка, хуткасці іншыя, зусім іншая абстаноўка.

Усім сваім навучэнцам Віктар Аляксеевіч рэкамендуе весці спартыўны дзённік. У ім неабходна фіксаваць свае планы: чаго хочаш дасягнуць, што маеш на сённяшні дзень, памылкі. Увесь трэніровачны працэс перад вачыма.

Педагог лічыць, што гэта дазваляе самастойна кіраваць працэсам трэніровак, ты становішся сам сабе трэнерам. І тыя дзеці, якія вядуць дзённікі, больш эфектыўна трэніруюцца, чым тыя, хто нічога не фіксуе.

Вынік трэніровак кантралюецца праз тэсціраванне — гарвардскі стоп-тэст (падымацца і апускацца пяць хвілін на прыступку, потым па формуле праверыць свой стан здароўя) і жыццёвы паказчык (суадносіны аб’ёму лёгкіх да вагі, чым вышэйшы гэты паказчык, тым больш камфортна чалавек сябе адчувае). Уся гэтая інфармацыя вывешана на стэндзе ў зале, дзе займаюцца выхаванцы. Методыка тэсціравання апісана ў аўтарскай праграме Віктара Аляксеевіча, распрацавана на аснове асобасна арыентаваных тэхналогій.

Асноўную ўвагу ў працы педагог удзяляе вырашэнню пытанняў бяспекі і псіхалагічнай абстаноўцы падчас заняткаў. Дзякуючы станоўчаму мікраклімату ў калектыве, навучэнцы заўсёды пакідаюць залу з добрым настроем, што фарміруе пазітыўнае мысленне і з’яўляецца асновай здароўя.

Разам з падлеткамі Віктар Аляксеевіч актыўна прымае ўдзел у спартыўных спаборніцтвах. Яго выхаванцы неаднаразова станавіліся пераможцамі спартыўных турніраў “Сілавое трохбор’е”, “Багатыр”, “Спартыўная гімнастыка”, а таксама Чэмпіянату Гомельскай вобласці па паўэрліфтынгу.

За 26 гадоў у клубе займалася некалькі тысяч чалавек, з многімі з іх цесная сувязь застаецца і сёння. Многія выпускнікі клуба сталі майстрамі спорту, служаць у спецпадраздзяленнях, вайсковых часцях, працуюць настаўнікамі фізкультуры, трэнерамі ў спартыўных школах.

Да сваёй працы Віктар Аляксеевіч ставіцца творча, шмат чытае класічнай літаратуры, рэалізуе задуманыя ідэі, вядзе здаровы лад жыцця, сваім асабістым прыкладам безадмоўна ўплывае на свядомасць сваіх выхаванцаў. Яны бачаць, што ў педагога справы не разыходзяцца са словамі. Педагог лічыць, што работа па арганізацыі фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў не павінна быць стыхійнай, бескантрольнай, яе варта будаваць сістэматычна і мэтанакіравана, што паспяхова дэманструе ўвесь час з моманту стварэння клуба.

Наталля ЛУТЧАНКА.