Творчы батл з фарбамі ў руках: школьнікі з усёй Беларусі паспаборнічалі ў мастацтве роспісу

- 14:12Образование

Рамонкі і васількі, каласкі і бярозкі, буслы і жураўлі… У майстэрстве ствараць фарбамі гэтыя і іншыя блізкія кожнаму беларусу сюжэты паспаборнічалі школьнікі з усёй Беларусі. Конкурс юных майстроў па мастацкім роспісе прайшоў у межах XX Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Удзельнікамі конкурсу сталі 46 навучэнцаў аб’яднанняў па інтарэсах выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ўстаноў адукацыі ва ўзросце ад 10 да 16 гадоў. Свае работы яны прадставілі ў намінацыях «Роспіс па дрэве», «Роспіс па шкле», «Роспіс па тканіне».

Доктар мастацтвазнаўства, прафесар, старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута, падоўгу затрымліваўся каля рабочага стала кожнага юнага мастака, асабліва разгорнута рабіў паметкі ў сваім пратаколе члена журы, каб максімальна аб’ектыўна ацаніць канкурсантаў.

— Мы паглядзелі ўзровень работ і ў дзетвары, і ў старшых навучэнцаў. Ва ўсіх відаць разуменне спецыфікі гэтага віду народнай творчасці, як яны падыходзяць да выражэння сучасных матываў, сучаснай тэматыкі. І што да старшай узроставай групы, то журы разгубілася, бо ўсе работы вартыя вышэйшай намінацыі.

Разгубленасць журы выклікалі ў тым ліку і прафесійныя работы 15-гадовых навучэнак Анатоля Тураўца, кіраўніка ўзорнай студыі «Сузор’е» Парыцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі (Светлагорскі раён Гомельская вобласць). Дар’я Сілівончык і Ксенія Сінкевіч сталі прызёрамі ў намінацыях «Роспіс па дрэве» і «Роспіс па шкле» адпаведна.

Роспісам у сваёй студыі займаемся больш за 30 гадоў — разам з керамікай гэта асноўныя віды творчасці ў нас, — гаворыць А. Туравец. — Гэта мастацтва, якое ўпрыгожвае быт. Бо кухонная дошка — рэч у першую чаргу неабходная, але калі яна будзе яшчэ і распісная, то будзе ўздымаць настрой, упрыгожыць кухню. Прыгожая вопратка ці капялюш — добра, але калі вы намалюеце на тканіне кветку, гэта аздобіць і рэч, і яе ўладальніка. Вось таму нашы дзеці з ахвотай займаюцца роспісам, спалучаючы практычнасць з прыгажосцю.

У студыі «Сузор’е» спалучаюцца і традыцыйныя ўзоры, і сучасныя сюжэты. Навучэнцы абавязкова вывучаюць народныя ўзоры, узнаўляюць некаторыя іх элементы. Па словах педагога, гэта неабходна для паглыблення ў саму тэхналогію, для адчування эстэтыкі гэтага віду мастацтва. А потым ён просіць навучэнцаў адкласці ўбок узоры і стварыць нешта сваё, пакуль у іх гэты настрой ёсць, пакуль тэхналогія яшчэ захавалася на кончыках пальцаў. У прыватнасці, у студыйцаў прыжылася архітэктурная тэма. У падарожжы па Беларусі яны адпраўляюцца кожнае лета, наведваюць з экскурсіямі Полацк, Тураў, Гродна і іншыя гарады і робяць замалёўкі архітэктурных збудаванняў. Так, іх падарожжы выліліся ў вялікі праект — серыю работ роспісу па шкле «Замкі Беларусі».

Навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Берасцяныя ўзоры» Юрцаўскай сярэдняй школы Аршанскага раёна пад кіраўніцтвам педагога Алега Шамро шмат гадоў удасканальвалі свой роспіс па спілах дрэва. На гэты раз 12-гадовая Лізавета Ключэўская, пераможца двух абласных конкурсаў, прадэманстравала арыгінальную яго разнавіднасць — роспіс па берасце.

На суд журы дзеці прадставілі і роспіс па тканіне, вазах для кветак, пано, кухонным начынні і інш.

Мастацкі роспіс — гэта той від народнага мастацтва, які мае не надта багатую гісторыю і напрацоўкі, як хацелася б, ды і ў сучаснай культуры ён яшчэ не заняў адпаведнага месца. Таму любыя спробы адрадзіць гэты від народнага мастацтва, знайсці для яго новыя формы, спосаб уключэння ў сучасныя культурныя працэсы трэба толькі вітаць. І вельмі пахвальна тое, што Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі займаецца гэтым актыўна і рэгулярна. Прычым папулярызуючы ўсе віды роспісу — і па шкле, і па тканіне, і па дрэве. Навучэнцы і педагогі разумеюць спецыфіку гэтага віду народнага мастацтва, развіваюць на месцах, і гэта радуе. Значыць, у майстроў роспісу падрастае змена і гэты від народнага мастацтва будзе жыць і развівацца, — адзначыў Я. Сахута.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА