Творчыя парасткі

- 15:09Выхаванне

Адкрыццё прышкольных аздараўленчых лагераў даўно і трывала ўвайшло ў сістэму арганізацыі летняга адпачынку школьнікаў. Але для таго, каб такія лагеры не сталі проста данінай традыцыі, а захаплялі і прыцягвалі дзяцей, неабходна звяртацца да крэатыўнасці і неардынарнага падыходу. Бягучым летам у Навасёлкаўскай базавай школе Гродзенскага раёна функцыянаваў аздараўленчы лагер “Творчае лета”, накіраваны на развіццё творчага патэнцыялу дзяцей, раскрыццё іх талентаў. Школьнікі з 1 па 5 клас праяўлялі сябе ў сумеснай дзейнасці, вучыліся камунікацыі і ўзаемападтрымцы.

Атрад пачаткоўцаў насіў сімвалічную назву “Парастак”, таму ў самым пачатку змены дзеці пасадзілі свае парасткі дэкаратыўных раслін, якія ўвесь час старанна і клапатліва даглядалі. Юныя натуралісты з замілаваннем назіралі, як іх гадаванцы набіраліся сіл, цягнуліся да сонца.

Кожны дзень у лагеры быў тэматычным і ўсе мерапрыемствы мелі пэўны лозунг. Даспадобы прыйшліся дні “У краіне прыгажосці і дабрыні”, “У свеце прыгод”, “Усё жыццё — тэатр, і людзі ў ім — акцёры”, “У рытме танца”. Выхаванцы ажыццявілі падарожжа ў свет мультыплікацыі, кніжнага царства, пабылі ў ролі акцёраў і артыстаў. Ушанаванню культурных традыцый нашых продкаў і павазе да гістарычнай спадчыны быў прысвечаны дзень “Беларуская хатка”. Пачаўся ён з наведвання школьнага музея і знаёмства з этнаграфічнай экспазіцыяй. Дзеці з цікавасцю разглядалі дзіўныя, на іх погляд, рэчы, выказвалі свае меркаванні наконт іх прызначэння. Потым з вялікім запалам удзельнічалі ў беларускіх народных гульнях і дэманстравалі свае вакальныя здольнасці ў караоке беларускіх песень.

Вялікая ўвага ўдзялялася развіццю творчага мыслення, неабходнага для практычнай дзейнасці. Так, у лагеры праходзілі майстар-класы: па лепцы з салёнага цеста, роспісе камянёў, мастацтве арыгамі, аплікацыі. Пасля карпатлівай працы школьнікаў з’яўляліся сапраўдныя шэдэўры. Падчас правядзення заняткаў гуртка “Творчасць” дзеці стараліся праяўляць максімум фантазіі, і ў выніку сваё пачэснае месца на паліцы-выставе занялі арыгінальныя кветкавыя кампазіцыі, вырабы з прыроднага матэрыялу і паперы. У аб’яднанні па інтарэсах “Залатая ладдзя” навучэнцы спрабавалі свае сілы ў шахматах, прадумваючы найбольш удалыя стратэгічныя хады. Заняткі харэаграфіяй садзейнічалі развіццю пластыкі, пачуцця рытму і дапамагалі падтрымліваць выдатную фізічную форму.

Асабліва запамінальнымі сталі прагулкі на прыроду. Пікнікі ладзілі ў cпецыяльна адведзеных месцах, дзе смажылі хатнія далікатэсы, якія на свежым паветры і ў прыемнай кампаніі здаваліся незвычайна смачнымі. Ахвотна прынялі дзеці і сістэму індывідуальнага росту ў выглядзе маладзенькіх дрэўцаў, якія ў канцы кожнага дня аздабляліся сімвалічнымі аксесуарамі. Яблычак з’яўляўся на галінцы як знак таго, што гаспадар дрэўца атрымаў плады сваёй працы, кветка — за праяўленую творчасць і схільнасць да мастацтва, а лісточак — за добрасумленную працоўную дзейнасць. Дапамагалі падсумоўваць і аналізаваць праведзены ў лагеры час таксама аркушы рэфлексіі “Дзякуй”, “Прабачце”, “Крык душы”, на якіх дзеці маглі падзякаваць каму-небудзь, напісаць словы прабачэння або паведаміць аб сваіх праблемах. Такі падыход дысцыплінаваў, заахвочваў да дасягненняў і садзейнічаў з’яднанню калектыву.

А гваздом праграмы лагера “Творчае лета” было стварэнне міні-фільма па выніках кожнага дня. Раніцай, пасля снедання, ужо стаў традыцыяй прагляд папярэдняй серыі, якая расказвала аб займальных падзеях учарашняга дня. У канцы змены ўсе выхаванцы атрымалі ў падарунак дыск з запісам арыгінальна аформленага ў камп’ютарнай графіцы падагульняючага фільма “Вось яно якое — маё лета!”, дзе зафіксаваны самыя яркія моманты праведзенага ў лагеры часу. Дарэчы, усе серыі рэгулярна з’яўляліся на школьным сайце, таму бацькі мелі магчымасць глядзець анлайн, як бавяць час іх дзеці.

Таццяна БАТУРА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры Навасёлкаўскай
базавай школы Гродзенскага раёна.