Тыдзень англійскай мовы — гэта выдатны інструмент для павышэння матывацыі навучэнцаў да вывучэння мовы і пазнання сваёй краіны.
We invite you to discover Belarus — wonderful country in the heart of Europe! — Мы запрашаем вас адкрыць Беларусь — выдатную краіну ў сэрцы Еўропы!
Пад такім слоганам праходзіў прадметны тыдзень англійскай мовы ў гімназіі Дзяржынска. На працягу гэтага тыдня навучэнцы і настаўнікі адправіліся ў захапляльнае падарожжа па Беларусі, дзе іх чакалі цікавыя ўрокі аб культуры, гісторыі, прыродзе Беларусі, творчыя праекты, а таксама гульні і віктарыны.
Чаму мы выбралі такую тэму? Гэты год аб’яўлены Годам якасці. І адным са спосабаў палепшыць якасць ведаў аб роднай краіне з’яўляецца магчымасць паглядзець на вядомыя факты праз прызму англійскай мовы.
Кожны дзень тыдня быў прысвечаны адной з 6 абласцей нашай дзіўнай краіны — Беларусі. Адкрыццё тыдня пачалося ў панядзелак, калі раніцай мы стварылі для нашых навучэнцаў і настаўнікаў атмасферу англійскай мовы, сустракаючы кожнага з усмешкай, жадаючы добрага дня і ўручаючы сімвал Беларусі на англійскай мове.
Мінская і Брэсцкая вобласці — менавіта з іх мы пачалі наша падарожжа. На ўроках настаўнікі знаёмілі школьнікаў з асаблівасцямі кожнай вобласці і асноўнымі славутасцямі. На працягу дня юным даследчыкам прапаноўваліся віктарыны на платформе Quizizz. Дзеці адзначылі, што квізы — гэта вельмі сучасна і пазнавальна. Завяршылі дзень складаннем калажу — нашы навучэнцы праявілі ўсю сваю творчасць і крэатыў.
У аўторак мы адправіліся ў Беларускае Паазер’е — менавіта так называюць Віцебскую вобласць. Гімназісты паглыбіліся ў гісторыю, культуру і традыцыі Віцебскай вобласці. А для малодшых школьнікаў была арганізавана творчая майстэрня, дзе дзеці выраблялі постары Welcome to Belarusian regions. Наша гімназія папаўняецца гербамі беларускіх абласцей, такімі яркімі і крэатыўнымі.
У сераду атрымлівалі асалоду ад Гродзенскай вобласці — самай невялікай па плошчы ў нашай краіне, аднак самай багатай на славутасці. Падчас адукацыйнай вандроўкі дзеці паглыбілі свае веды пра гэты рэгіён, склаўшы пазнавальны калаж. Адным з прыпынкаў падарожжа была станцыя Музычная, дзе школьнікі прадэманстравалі свае творчыя здольнасці, выконваючы песні беларускіх і замежных аўтараў. Традыцыйна падчас перапынкаў навучэнцы мелі магчымасць паўдзельнічаць у віктарынах і гульнях.
У віртуальнае падарожжа па Гомельскай вобласці дзеці адправіліся ў чацвер. Азнаёміўшыся з Гомельшчынай, гімназісты склалі займальны калаж, дзе адзначылі асноўныя славутасці гэтага рэгіёна. У рамках тыдня англійскай мовы Discover Belarus гімназісты прынялі ўдзел у конкурсе эпісталярнага жанру “Напішы ліст сябру за мяжой і раскажы, чаму яму абавязкова трэба прыехаць у Беларусь”. Да такога задання навучэнцы аднесліся не толькі адказна, але і творча. Дзякуючы малодшым школьнікам, якія прынялі ўдзел у творчай майстэрні, наша гімназія працягвала папаўняцца гербамі абласцей.
Магілёўская вобласць была завяршальнай. Гімназісты, вывучаючы тэматычныя прэзентацыі, прысвечаныя Магілёўскай вобласці, узбагацілі свае веды аб ёй і стварылі пазнавальны калаж. На перапынках дзеці прымалі ўдзел у віктарыне Kahoot.
Фота з архіва рэдакцыі носіць ілюстрацыйны характар
На працягу гэтага тыдня навучэнцы і настаўнікі адкрывалі для сябе сваю краіну з новага боку, даведваліся пра асаблівасці і незвычайныя факты аб кожнай з абласцей. Напрыканцы тыдня нашы дзеці прынялі ўдзел у флэш-мобе “Беларусь — гэта мы!”.
Акрамя гэтага, у рамках прадметнага тыдня навучэнцы прымалі ўдзел у конкурсе The most, the most, задачай якога было знайсці самыя цікавыя факты аб нашай краіне. Адзначым, што прэзентацыя атрымалася вельмі змястоўнай і азнаёміцца з ёй можна на сайце гімназіі.
Тыдзень замежных моў Discover Belarus завяршыўся мерапрыемствам клуба X-Stream, якое мела назву Discover Belarus through Entertaining Grammar. Навучэнцы 7—8 класаў разам з настаўніцай Кацярынай Анатольеўнай Сінякевіч далей адкрывалі новыя месцы Беларусі, паўтараючы граматыку англійскай мовы. Навучэнцы адпрацавалі прымяненне неабходных часавых форм дзеясловаў, гаворачы аб здзейсненых падарожжах па Беларусі і апісваючы іх дэталі. Дзеці ўспомнілі асноўныя прыназоўнікі ў рамках тэмы “Падарожжы”, ужыванне артыкляў з геаграфічнымі назвамі, ступеней параўнання прыметнікаў і прыслоўяў. На завяршэнне мерапрыемства вучні выбралі карцінку таго месца, куды хацелі б адправіцца, і склалі невялікія апавяданні, выкарыстоўваючы ўмоўныя сказы і спосабы перадачы будучага дзеяння. Пасля заканчэння тыдня гімназістам, якія прымалі ў ім актыўны ўдзел, былі ўручаны сертыфікаты ўдзельнікаў.
Хочацца адзначыць, што для нашых гімназістаў тыдзень быў насычаны, яркі і вельмі прадукцыйны. Мы пераканаліся, наколькі прыгожая наша краіна і колькі цікавага ў ёй ёсць. Здорава, што правадніком у свет гэтых ведаў і адкрыццяў стала англійская мова.
Падводзячы вынік, варта адзначыць, што тыдзень англійскай мовы ў школе актывізуе пазнавальную і творчую дзейнасць вучняў, прыўносіць яркія фарбы і святочны настрой у школьныя будні, фарміруе не толькі моўныя, але і прадметныя веды.
Настасся КРАЎЧЭНЯ,
кіраўнік клуба англійскай мовы X-Stream гімназіі Дзяржынска