Тыдзень спорту і здароўя

Цікава і насычана ў Маларыцкай раённай гімназіі прайшоў Тыдзень спорту і здароўя, у якім актыўна ўдзельнічалі вучні 2—11 класаў. Кожны дзень яны спаборнічалі ў розных спартыўных мерапрыемствах, арганізаваных настаўнікамі фізічнай культуры і здароўя. Падчас спартыўнага тыдня ў госці да гімназістаў завітаў алімпійскі чэмпіён Леанід Тараненка і яго першы трэнер Пётр Сацюк.

Вучні прынялі ўдзел у чэмпіянаце Маларыцкага раёна па эстафетным бегу, які праводзіўся ў рамках ХХХІІІ Маларыцкага міжнароднага марафону. Сярод агульнаадукацыйных устаноў адукацыі зборная каманда гімназіі ў складзе Дар’і Дыбалюк, Дар’і Струкавай, Ганны Сярдзюк, Андрэя Вярэніча, Максіма Гаральчука і Арцёма Гаўрылюка стала наймацнейшай.

У рамках тыдня для вучняў 2—3 класаў адбылася спартландыя “Вясёлыя старты”. Вучні 5—8 класаў вызначалі лепшых у дартсе і настольным тэнісе. Вучні 4—8 класаў спаборнічалі ў міні-футболе, а вучні 7—10 класаў — у плаванні.

Фізічнай культуры, спорту і алімпійскім гульням былі прысвечаны інфармацыйныя класныя гадзіны. На іх вялася гаворка пра карысць фізічных практыкаванняў і заняткаў, прафілактыку хвароб і ўмацаванне здароўя, неабходнасць здаровага ладу жыцця.

У гімназіі ўдзяляецца вялікая ўвага фізічнаму выхаванню вучняў, умацаванню і захаванню іх здароўя. Тыдзень спорту і здароўя — гэта не разавае мерапрыемства. Традыцыйнымі сталі Калядныя спартыўныя вечары, спаборніцтвы па гульнявых відах спорту паміж вучнямі гімназіі і яе выпускнікамі, дзецьмі і іх бацькамі.

— Здароўе — гэта бясцэнны дар прыроды, — гаворыць настаўніца фізкультуры Ірына Ярац. — Каб захаваць гэты дар надоўга, трэба берагчы яго ўсё жыццё, не растрачваючы дарэмна. А вучням неабходна заўсёды памятаць, што чалавечы арганізм не церпіць аднастайнасці, таму варта заўсёды рухацца.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.